Ёны 4 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

І грызла Ёну згрызота вялікая, і гневаўся ён.
 
Ёна моцна засумаваў ад гэтага і ўгневаўся.

І маліўся ён да Госпада, і казаў: «Малю Цябе, Госпадзе, ці ж не такім было слова маё, калі быў я яшчэ ў зямлі сваёй? Дзеля таго вырашыў я ўцячы ў Тарсіс. Я ведаў, што Ты — Бог літасцівы і міласэрны, цярплівы і вельмі спагадны, і спачуваеш у няшчасці.
 
І памаліўся ён да Госпада, кажучы: «Ці ж не казаў я гэта, Госпадзе, калі яшчэ быў у маёй краіне? Таму ж я і ўцёк у Тарсіс, бо ведаў, што Ты — Бог добры і міласэрны, доўгацярплівы і шкадуеш грэшных людзей.

Дык цяпер, Госпадзе, забяры, прашу, душу маю ад мяне, бо лепшая мне смерць, чым жыццё».
 
А цяпер, Госпадзе, вазьмі душу маю, бо лепш мне памерці, чым жыць».

А Госпад сказаў: «Ці ты думаеш, што справядліва гневаешся?»
 
І сказаў Госпад: «Ці слушна гневаешся?».

І выйшаў Ёна з горада, і сеў з усходняга боку горада, і зрабіў сабе зацяненне там, і сядзеў пад ім у засені, каб паглядзець, што станецца з горадам.
 
Ёна выйшаў з гораду і затрымаўся непадалёку на ўсход ад яго, зрабіў сабе палатку і сеў у цені, каб бачыць, што робіцца ў горадзе.

І вырасціў Госпад Бог куст плюшчавы, і падняўся ён над Ёнаю, каб быць засенем над галавой яго і каб палегчыць яму засмучэнне яго. І ўсцешыўся Ёна радасцю вялікаю дзеля гэтага куста.
 
А Госпад узрасьціў высокі куст, каб, узьняўшыся над галавою Ёны, даў яму цень і суняў ягоны гнеў. Ёна ўсьцешыўся вельмі з куста.

І падрыхтаваў Бог чарвяка, калі назаўтра ўзышла зараніца, той падгрыз куст, і ён ссох.
 
Але назаўтра раніцай Бог паслаў рабака, каб падтачыць куст, і ён высах.

І калі сонца ўзышло, загадаў Бог усходняму гарачаму ветру, і сонца стала пячы галаву Ёнаву так, што той самлеў, і прасіў для душы сваёй, каб памерці, і казаў: «Лепш мне памерці, чым жыць».
 
Калі сонца ўзышло, Бог паслаў гарачы ўсходні вецер, і сонца пачало паліць галаву Ёны, так што ён зусім зьнямог і прасіў сабе сьмерці, кажучы: «Лепш мне памерці, чым жыць».

Дык сказаў Бог Ёну: «Ці справядліва ты гневаешся з прычыны гэтага плюшчавага куста?» І ён адказаў: «Вельмі гневаюся я, аж да смерці».
 
І сказаў Бог Ёне: «Няўжо ж ты так засумаваў дзеля куста?». Ёна адказаў: «Вельмі засумаваў, аж да сьмерці».

І сказаў Госпад: «Табе шкада плюшчавага куста, над якім ты не працаваў і якога не гадаваў, які за адну ноч вырас і за адну ноч прапаў.
 
Тады сказаў Госпад: «Ты шкадуеш расьліну, над якой ты не працаваў, якую не гадаваў, якая ў адну ноч вырасла і ў адну ноч прапала.

Як жа Мне не пашкадаваць Нінівы, вялікага горада, дзе жыве больш за сто дваццаць тысяч чалавек, якія не адрозніваюць сваёй правай рукі ад левай, ды шматлікая жывёла?»
 
Ці ж Мне не пашкадаваць Ніневы, вялікага гораду, у якім больш за сто дваццаць тысяч людзей, што ня ўмеюць адрозьніваць правай рукі ад левай, і мноства жывёлаў?».