1 І грызла Ёну згрызота вялікая, і гневаўся ён.
2 І маліўся ён да Госпада, і казаў: «Малю Цябе, Госпадзе, ці ж не такім было слова маё, калі быў я яшчэ ў зямлі сваёй? Дзеля таго вырашыў я ўцячы ў Тарсіс. Я ведаў, што Ты — Бог літасцівы і міласэрны, цярплівы і вельмі спагадны, і спачуваеш у няшчасці.
3 Дык цяпер, Госпадзе, забяры, прашу, душу маю ад мяне, бо лепшая мне смерць, чым жыццё».
4 А Госпад сказаў: «Ці ты думаеш, што справядліва гневаешся?»
5 І выйшаў Ёна з горада, і сеў з усходняга боку горада, і зрабіў сабе зацяненне там, і сядзеў пад ім у засені, каб паглядзець, што станецца з горадам.
6 І вырасціў Госпад Бог куст плюшчавы, і падняўся ён над Ёнаю, каб быць засенем над галавой яго і каб палегчыць яму засмучэнне яго. І ўсцешыўся Ёна радасцю вялікаю дзеля гэтага куста.
7 І падрыхтаваў Бог чарвяка, калі назаўтра ўзышла зараніца, той падгрыз куст, і ён ссох.
8 І калі сонца ўзышло, загадаў Бог усходняму гарачаму ветру, і сонца стала пячы галаву Ёнаву так, што той самлеў, і прасіў для душы сваёй, каб памерці, і казаў: «Лепш мне памерці, чым жыць».
9 Дык сказаў Бог Ёну: «Ці справядліва ты гневаешся з прычыны гэтага плюшчавага куста?» І ён адказаў: «Вельмі гневаюся я, аж да смерці».
10 І сказаў Госпад: «Табе шкада плюшчавага куста, над якім ты не працаваў і якога не гадаваў, які за адну ноч вырас і за адну ноч прапаў.
11 Як жа Мне не пашкадаваць Нінівы, вялікага горада, дзе жыве больш за сто дваццаць тысяч чалавек, якія не адрозніваюць сваёй правай рукі ад левай, ды шматлікая жывёла?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Ёны, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017