1 Ёна моцна засумаваў ад гэтага і ўгневаўся.
2 І памаліўся ён да Госпада, кажучы: «Ці ж не казаў я гэта, Госпадзе, калі яшчэ быў у маёй краіне? Таму ж я і ўцёк у Тарсіс, бо ведаў, што Ты — Бог добры і міласэрны, доўгацярплівы і шкадуеш грэшных людзей.
3 А цяпер, Госпадзе, вазьмі душу маю, бо лепш мне памерці, чым жыць».
4 І сказаў Госпад: «Ці слушна гневаешся?».
5 Ёна выйшаў з гораду і затрымаўся непадалёку на ўсход ад яго, зрабіў сабе палатку і сеў у цені, каб бачыць, што робіцца ў горадзе.
6 А Госпад узрасьціў высокі куст, каб, узьняўшыся над галавою Ёны, даў яму цень і суняў ягоны гнеў. Ёна ўсьцешыўся вельмі з куста.
7 Але назаўтра раніцай Бог паслаў рабака, каб падтачыць куст, і ён высах.
8 Калі сонца ўзышло, Бог паслаў гарачы ўсходні вецер, і сонца пачало паліць галаву Ёны, так што ён зусім зьнямог і прасіў сабе сьмерці, кажучы: «Лепш мне памерці, чым жыць».
9 І сказаў Бог Ёне: «Няўжо ж ты так засумаваў дзеля куста?». Ёна адказаў: «Вельмі засумаваў, аж да сьмерці».
10 Тады сказаў Госпад: «Ты шкадуеш расьліну, над якой ты не працаваў, якую не гадаваў, якая ў адну ноч вырасла і ў адну ноч прапала.
11 Ці ж Мне не пашкадаваць Ніневы, вялікага гораду, у якім больш за сто дваццаць тысяч людзей, што ня ўмеюць адрозьніваць правай рукі ад левай, і мноства жывёлаў?».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Ёны, 4 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.