Ёны 4 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

І зьнемарасьціла Ёну гэта, як вялікае ліха, ён зазлаваўся.
 
Ёна моцна засумаваў ад гэтага і ўгневаўся.

І маліўся СПАДАРУ, і казаў: «Прашу Цябе, СПАДАРУ, ці ня гэта было слова маё, як яшчэ я быў у краю сваім? Затым я загадзя ўцёк ад Цябе да Таршышу, бо я ведаў, што Ты Бог ласкучынюшчы а спагадлівы, памальны да гневу а найміласарнейшы, і жалееш ліха.
 
І памаліўся ён да Госпада, кажучы: «Ці ж не казаў я гэта, Госпадзе, калі яшчэ быў у маёй краіне? Таму ж я і ўцёк у Тарсіс, бо ведаў, што Ты — Бог добры і міласэрны, доўгацярплівы і шкадуеш грэшных людзей.

І цяпер, СПАДАРУ, вазьмі, малю Цябе, душу маю ад мяне, бо валей імне памерці, чымся жыць».
 
А цяпер, Госпадзе, вазьмі душу маю, бо лепш мне памерці, чым жыць».

І сказаў СПАДАР: «Ці добра ты робіш, што злуешся?»
 
І сказаў Госпад: «Ці слушна гневаешся?».

І Ёна вышаў зь места, і сеў на ўсходняй старане места, і зрабіў сабе таму буду, і сеў пад ёй у сьценю, аж пакуль абача, што станецца ў месьце.
 
Ёна выйшаў з гораду і затрымаўся непадалёку на ўсход ад яго, зрабіў сабе палатку і сеў у цені, каб бачыць, што робіцца ў горадзе.

І прыгатаваў СПАДАР Бог гарбуз, і яго выгнала над Ёнаю, каб быць сьценям яму над галавою, каб ён спабыўся немарасьці свае; і цешыўся Ёна з тога гарбуза вялікаю пацехаю.
 
А Госпад узрасьціў высокі куст, каб, узьняўшыся над галавою Ёны, даў яму цень і суняў ягоны гнеў. Ёна ўсьцешыўся вельмі з куста.

І прыгатаваў Бог чарвяка, як узышла зара нараніцы, і ён падтачыў гарбуз, і ён ссох.
 
Але назаўтра раніцай Бог паслаў рабака, каб падтачыць куст, і ён высах.

І сталася, як ўзышло сонца, што Бог прыгатаваў гарачы ўсходні вецер, і сонца пякло галаву Ёне, ажно ён скволеў, і зычыў душы сваёй памерці, і сказаў: «Валей імне памерці, чымся жыць».
 
Калі сонца ўзышло, Бог паслаў гарачы ўсходні вецер, і сонца пачало паліць галаву Ёны, так што ён зусім зьнямог і прасіў сабе сьмерці, кажучы: «Лепш мне памерці, чым жыць».

І сказаў Бог Ёне: «Ці добра, што так злуешся за гарбуз?» І сказаў: «Я раблю добра, злосна імне аж да сьмерці».
 
І сказаў Бог Ёне: «Няўжо ж ты так засумаваў дзеля куста?». Ёна адказаў: «Вельмі засумаваў, аж да сьмерці».

І сказаў СПАДАР: «Ты жалееш гарбуза, над каторым ты не гарапашнічаў ані расьціў, каторы вырас за ноч і загінуў за ноч;
 
Тады сказаў Госпад: «Ты шкадуеш расьліну, над якой ты не працаваў, якую не гадаваў, якая ў адну ноч вырасла і ў адну ноч прапала.

а Я ня меў бы жалець Ніневы, гэтага вялікага места, у каторым болей як двананцаць дзесяткоў тысячаў людзёў, што ня могуць адрозьніць правіцы ад лявіцы, і шмат статку?»
 
Ці ж Мне не пашкадаваць Ніневы, вялікага гораду, у якім больш за сто дваццаць тысяч людзей, што ня ўмеюць адрозьніваць правай рукі ад левай, і мноства жывёлаў?».