Ёны 4 разьдзел
Кніга прарока Ёны
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Аляксандара Надсана
І моцна засмуціўся Ёна праз гэта, і загневаўся.
Ёна моцна засумаваў ад гэтага і ўгневаўся.
І маліўся ён да ГОСПАДА, і казаў: «Прашу Цябе, ГОСПАДЗЕ, ці ня гэткае было слова маё, калі яшчэ я быў у зямлі сваёй? Дзеля гэтага я загадзя ўцёк у Таршыш, бо я ведаў, што Ты — Бог літасьцівы і спагадлівы, павольны да гневу і міласэрны, і шкадуеш [рабіць] зло.
І памаліўся ён да Госпада, кажучы: «Ці ж не казаў я гэта, Госпадзе, калі яшчэ быў у маёй краіне? Таму ж я і ўцёк у Тарсіс, бо ведаў, што Ты — Бог добры і міласэрны, доўгацярплівы і шкадуеш грэшных людзей.
І цяпер, ГОСПАДЗЕ, прашу Цябе, вазьмі душу маю ад мяне, бо лепш мне памерці, чым жыць».
А цяпер, Госпадзе, вазьмі душу маю, бо лепш мне памерці, чым жыць».
І сказаў ГОСПАД: «Ці добра ты робіш, што гневаешся?»
І сказаў Госпад: «Ці слушна гневаешся?».
І выйшаў Ёна з гораду, і сеў з усходняга боку гораду, і зрабіў сабе там будан, і сеў пад ім у ценю, каб убачыць, што станецца ў горадзе.
Ёна выйшаў з гораду і затрымаўся непадалёку на ўсход ад яго, зрабіў сабе палатку і сеў у цені, каб бачыць, што робіцца ў горадзе.
І вызначыў ГОСПАД Бог расьліну, і яна вырасла над Ёнаю, каб быць ценем яму над галавою, каб ён пазбавіўся засмучэньня свайго; і ўзрадаваўся Ёна радасьцю вялікай праз тую расьліну.
А Госпад узрасьціў высокі куст, каб, узьняўшыся над галавою Ёны, даў яму цень і суняў ягоны гнеў. Ёна ўсьцешыўся вельмі з куста.
І вызначыў Бог чарвяка, калі ўзыйшла зараніца раніцаю, і ён падтачыў расьліну, і яна ссохла.
Але назаўтра раніцай Бог паслаў рабака, каб падтачыць куст, і ён высах.
І сталася, калі ўзыйшло сонца, што Бог вызначыў гарачы ўсходні вецер, і сонца пякло галаву Ёне, ажно ён млеў, і зычыў душы сваёй памерці, і сказаў: «Лепш мне памерці, чым жыць».
Калі сонца ўзышло, Бог паслаў гарачы ўсходні вецер, і сонца пачало паліць галаву Ёны, так што ён зусім зьнямог і прасіў сабе сьмерці, кажучы: «Лепш мне памерці, чым жыць».
І сказаў Бог Ёне: «Ці добра, што так злуешся з-за расьліны?» І той сказаў: «Я раблю добра, што гневаюся аж да сьмерці».
І сказаў Бог Ёне: «Няўжо ж ты так засумаваў дзеля куста?». Ёна адказаў: «Вельмі засумаваў, аж да сьмерці».
І сказаў ГОСПАД: «Ты шкадуеш расьліну, каля якой ты не працаваў і якую не расьціў, якая вырасла за ноч і загінула за ноч.
Тады сказаў Госпад: «Ты шкадуеш расьліну, над якой ты не працаваў, якую не гадаваў, якая ў адну ноч вырасла і ў адну ноч прапала.
А Я ці ня меў бы шкадаваць Нінівы, гэтага гораду вялікага, у якім больш як дванаццаць дзясяткаў тысячаў людзей, што ня могуць адрозьніць правай рукі сваёй ад левай, і шмат быдла?»
Ці ж Мне не пашкадаваць Ніневы, вялікага гораду, у якім больш за сто дваццаць тысяч людзей, што ня ўмеюць адрозьніваць правай рукі ад левай, і мноства жывёлаў?».