Ёны 4 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

І моцна засмуціўся Ёна праз гэта, і загневаўся.
 
І абышло гэта моцна Ёну і быў ён разжалены.

І маліўся ён да ГОСПАДА, і казаў: «Прашу Цябе, ГОСПАДЗЕ, ці ня гэткае было слова маё, калі яшчэ я быў у зямлі сваёй? Дзеля гэтага я загадзя ўцёк у Таршыш, бо я ведаў, што Ты — Бог літасьцівы і спагадлівы, павольны да гневу і міласэрны, і шкадуеш [рабіць] зло.
 
І маліўся ён да Госпада і казаў: «О, Госпадзе, ці-ж не гаварыў я гэта, калі яшчэ быў у маім краі? Таму я і пабег у Тарсіс, бо ведаю, што Ты — Бог добры і міласерны, доўгацерпялівы і ласкавы і спагадаеш бядзе.

І цяпер, ГОСПАДЗЕ, прашу Цябе, вазьмі душу маю ад мяне, бо лепш мне памерці, чым жыць».
 
Вазьмі-ж цяпер, Госпадзе, душу маю ад мяне, бо лепш мне памерці, чымся жыць.»

І сказаў ГОСПАД: «Ці добра ты робіш, што гневаешся?»
 
І сказаў Госпад: «Няўжо-ж абыйшло гэта цябе гэтак моцна?»

І выйшаў Ёна з гораду, і сеў з усходняга боку гораду, і зрабіў сабе там будан, і сеў пад ім у ценю, каб убачыць, што станецца ў горадзе.
 
І выйшаў Ёна з места, і сеў на ўсход ад места, і зрабіў там сабе буду і сеў пад ёю ў цяні, каб бачыць. Што будзе з местам.

І вызначыў ГОСПАД Бог расьліну, і яна вырасла над Ёнаю, каб быць ценем яму над галавою, каб ён пазбавіўся засмучэньня свайго; і ўзрадаваўся Ёна радасьцю вялікай праз тую расьліну.
 
І вырасьціў Госпад Бог расьліну, і паднялася яна над Ёнаю, каб над галавою ягонаю быў цень і каб супакоіць ягоны жаль; і ўсьцешыўся Ёна вельмі з гэтай расьліны.

І вызначыў Бог чарвяка, калі ўзыйшла зараніца раніцаю, і ён падтачыў расьліну, і яна ссохла.
 
І ўчыніў Бог так, што назаўтра на золаку чарвяк падтачыў расьліну і яна ссохла.

І сталася, калі ўзыйшло сонца, што Бог вызначыў гарачы ўсходні вецер, і сонца пякло галаву Ёне, ажно ён млеў, і зычыў душы сваёй памерці, і сказаў: «Лепш мне памерці, чым жыць».
 
Калі-ж узышло сонца, паслаў Бог гарачы ўсходні вецер, і сонца пачало пячы Ёнаву галаву, такшто ён абязьсілеў і прасіў сабе сьмерці, і сказаў: «Лепш мне памерці, чымся жыць.»

І сказаў Бог Ёне: «Ці добра, што так злуешся з-за расьліны?» І той сказаў: «Я раблю добра, што гневаюся аж да сьмерці».
 
І прамовіў Бог да Ёны: «Няўжо-ж пераняўся ты гэтак дзеля расьліны?» Ён адказаў: «Вельмі пераняўся, аж да сьмерці.»

І сказаў ГОСПАД: «Ты шкадуеш расьліну, каля якой ты не працаваў і якую не расьціў, якая вырасла за ноч і загінула за ноч.
 
Тады сказаў Госпад: «Ты шкадуеш расьліны, пад якой ты не працаваў, і якую ты не гадаваў, якая ў вадну ноч вырасла і ў вадну-ж ноч і прапала:

А Я ці ня меў бы шкадаваць Нінівы, гэтага гораду вялікага, у якім больш як дванаццаць дзясяткаў тысячаў людзей, што ня могуць адрозьніць правай рукі сваёй ад левай, і шмат быдла?»
 
ці-ж не шкада Мне Нінівы, вялікага места, ў якім больш, як што дваццаць тысяч чалавек, што ня ўмеюць адрозьніць правай рукі ад левай, і шмат жывёлы?»