Ёны 2 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

І прыгатаваў СПАДАР вялікую рыбу, каб глынула Ёну, і быў Ёна ў нутру рыбы тры дні і тры ночы.
 
Госпад загадаў вялікай рыбіне праглынуць Ёну. І быў Ёна ў нутры рыбы тры дні і тры ночы.

І маліўся Ёна СПАДАРУ, Богу свайму, з нутра рыбы,
 
І памаліўся Ёна Госпаду Богу свайму ў чэраве рыбы,

І сказаў: «Я гукаў да СПАДАРА, бо цесна імне, і Ён адказаў імне; із жывата шэолю я загаласіў — Ты пачуў голас мой.
 
кажучы: «у бядзе маёй я клікаў Госпада, і Ён адгукнуўся мне; з нутра апраметнай гукаў я, і Ты пачуў голас мой.

Ты кінуў мяне глыбака ў сэрца мораў, і патопа акружыла мяне; усі твае хвалі а валы прайшлі над імною.
 
Ты ўкінуў мяне ў бездань, у сэрца мора, і воды атачылі мяне. Усе воды вялікія і хвалі Твае прайшлі нада мною.

І сказаў я: "Я прагнаны ад аччу Тваіх, пагляджу яшчэ, адылі, на сьвяты палац Твой".
 
І я сказаў: Адкінуты я ад вачэй Тваіх! А ўсё ж я зноў убачу сьвятыню Тваю.

Воды акружылі мяне аж да душы, глыбіня агарнула мяне навокал, морскія травы абвілі галаву маю.
 
Воды пакрылі мяне, бездань паглынула мяне, водныя травы спавілі галаву маю.

Да подаў гор зышоў я, зямля заваламі сваімі навокал мяне на векі; Ты, адылі, вывеў зь ямы жыцьцё маё, СПАДАРУ, Божа мой.
 
Я зышоў да асноваў гораў, засовы зямныя засталіся назаўжды за мною, але Ты, Госпадзе, вывядзеш душу маю з апраметнай.

Як млела душа мая ў імне, я ўспомнеў СПАДАРА, і малітва мая прышла да Цябе, да сьвятога палацу Твайго.
 
Калі душа мая занемагла ўва мне, я згадаў Госпада, і малітва мая дайшла да Цябе, да месца сьвятога Твайго.

Тыя, што заховуюць манлівыя марнасьці, адкідаюць міласэрдзе ад сябе.
 
Памыляюцца тыя, што пакланяюцца марнасьцям, адхіляюцца ад ласкі Тваёй.

Але я голасам падзякі абраку Табе; споўню, што абяцаў. Спасеньне ў СПАДАРА».
 
Я ж з голаснай падзякай прынясу ахвяру Табе, выканаю абяцанае, бо збаўленьне ў Госпада».

І СПАДАР казаў рыбе, і яна вырыгала Ёну на сушу.
 
Госпад загадаў рыбіне, і яна выкінула Ёну на сушу.