Ёны 2 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І прыгатаваў СПАДАР вялікую рыбу, каб глынула Ёну, і быў Ёна ў нутру рыбы тры дні і тры ночы.
 
І загадаў Госпад вялікай рыбе праглынуць Ёну, і быў Ёна ў нутры рыбы тры дні і тры ночы.

І маліўся Ёна СПАДАРУ, Богу свайму, з нутра рыбы,
 
І маліў Ёна Госпада, Бога свайго, з нутра рыбы,

І сказаў: «Я гукаў да СПАДАРА, бо цесна імне, і Ён адказаў імне; із жывата шэолю я загаласіў — Ты пачуў голас мой.
 
і казаў: «У бядзе сваёй клікаў я Госпада, і Ён адказаў мне; з нутра пекла прызываў я, і Ты выслухаў просьбу маю.

Ты кінуў мяне глыбака ў сэрца мораў, і патопа акружыла мяне; усі твае хвалі а валы прайшлі над імною.
 
Ты кінуў мяне ў глыбіню, у сэрца мора, і вір акружыў мяне; усе цячэнні Твае і ўсе хвалі Твае прайшлі нада мной.

І сказаў я: "Я прагнаны ад аччу Тваіх, пагляджу яшчэ, адылі, на сьвяты палац Твой".
 
І я казаў: “Адкінуты я ад вачэй Тваіх, дык як мне ўбачыць зноў святыню Тваю святую?”

Воды акружылі мяне аж да душы, глыбіня агарнула мяне навокал, морскія травы абвілі галаву маю.
 
Нахлынулі на мяне воды аж па горла, бяздонне ахутала мяне, марская трава абвіла галаву маю.

Да подаў гор зышоў я, зямля заваламі сваімі навокал мяне на векі; Ты, адылі, вывеў зь ямы жыцьцё маё, СПАДАРУ, Божа мой.
 
Да падвалін гор я сышоў, зямныя запоры закрылі мяне навекі, але Ты, Госпадзе, Божа мой, вывеў з бездані жыццё маё.

Як млела душа мая ў імне, я ўспомнеў СПАДАРА, і малітва мая прышла да Цябе, да сьвятога палацу Твайго.
 
Калі зняможаная была душа ўва мне, успомніў я Госпада, і паплыла да Цябе малітва мая, у святыню Тваю святую.

Тыя, што заховуюць манлівыя марнасьці, адкідаюць міласэрдзе ад сябе.
 
Тыя, якія пакланяюцца ідалам марным, пакідаюць Спагаднага свайго.

Але я голасам падзякі абраку Табе; споўню, што абяцаў. Спасеньне ў СПАДАРА».
 
Але я прынясу Табе ахвяру падзякі і, што абяцаў Табе, — споўню. Бо ў Госпада — збаўленне!»

І СПАДАР казаў рыбе, і яна вырыгала Ёну на сушу.
 
І Госпад даў загад рыбе, і яна выкінула Ёну на сухмень.