Ёны 1 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

І было слова СПАДАРОВА Ёну Амітаёнку, кажучы:
 
Было слова Гасподняе да Ёны, сына Амітая:

«Устань, пайдзі да Ніневы, места вялікага, і гукай да яго, што ўзышло ліха іхнае перад відам Маім».
 
«Устань, ідзі ў Ніневу, горад вялікі, і кажы супраць яго, бо злачынствы яго дайшлі да Мяне».

І ўстаў Ёна, каб уцячы да Таршышу ад віду СПАДАРОВАГА, і зышоў да Яфы, і знашоў караб, што плыў да Таршышу; і даў плату, і зышоў да карабля, каб прыплыць ізь імі да Таршышу ад віду СПАДАРОВАГА.
 
Ёна ўстаў, каб уцячы ў Тарсіс, далёка ад Госпада; прыйшоўшы ў Ёппу, знайшоў карабель, што плыў у Тарсіс, заплаціў за пераправу і сеў на яго, каб плысьці разам з імі ў Тарсіс, далёка ад твару Гасподняга.

Але СПАДАР пусьціў вялікі вецер на мора, і ўзьнялася вялікая бура на мору, і думалі, што караб разаб’ецца.
 
Але Госпад наслаў на мора моцны вецер, і ўзьнялася на моры вялікая бура, што, здавалася, карабель вось—вось разаб'ецца.

І зьлякаліся маравікі, і крычэлі кажны да свайго бога, і выкінулі ў мора рэчы, што былі ў караблю, каб палягчыць сабе гэтым; а Ёна зышоў на далоўе боку карабля, і лёг, і моцна заснуў.
 
Матросы спалохаліся, і кожны з іх пачаў клікаць свайго бога; і пачалі кідаць у мора груз з карабля, каб зрабіць яго лягчэйшым. А Ёна зышоў у самую сярэдзіну карабля, лёг і заснуў глыбокім сном.

І дабліжыўся да яго начэльнік карабля, і сказаў яму: «Што табе, што ты так моцна сьпіш? устань, гукай да Бога свайго, можа ўспомне тый Бог праз нас, і мы не загінем».
 
Прыйшоў да яго рулявы карабля і кажа: «Што ты сьпіш? Уставай, кліч твайго Бога, можа Ён гляне на нас ласкава, і мы ня згінем».

І сказалі адзін аднаму: «Пайдзіма, і кіньма на жэрабя, і даведаемся пераз каго гэта вялікае ліха на нас». І кінулі на жэрабя, і пала жэрабя на Ёну.
 
І казалі адзін аднаму: «Хадзем, кінем жэрабя, каб даведацца, праз каго гэтае няшчасьце на нас». І кінулі жэрабя, і жэрабя ўпала на Ёну.

І сказалі яму: «Скажы ж нам, чаму, з чые прычыны сталася гэтае вялікае ліха? які твой занятак? і скуль прышоў? і што за край твой? зь якога народу ты?»
 
Тады сказалі яму: «Скажы нам, з якой прычыны гэтае няшчасьце на нас. Хто ты, чым займаешся? Адкуль ідзеш? Дзе твая бацькаўшчына і з якога ты народу?».

І сказаў ім: «Гэбрэй я, і СПАДАРА, Бога нябёснага, я баюся, Каторы ўчыніў моры й сушу».
 
Ён адказаў ім: «Я — гэбрэй, і пакланяюся Госпаду Богу, які стварыў неба і зямлю».

І зьлякаліся тыя людзі лякам вялікім, і сказалі яму: «Што гэта ты зрабіў?» бо ведалі тыя людзі, што ад віду СПАДАРОВАГА ён уцякаў, бо прызнаўся ім.
 
Людзі спалохаліся вельмі і сказалі яму: «Што ты зрабіў?». Бо ведалі гэтыя людзі, што ён уцякае ад Госпада, як сам ім прызнаўся.

І сказалі яму: «Што нам зрабіць із табою, каб сьціхла мора нам?» бо мора ўсе болей узбуралася.
 
І спыталіся ў яго: «Што нам рабіць з табою, каб мора перастала бушаваць?». Бо мора заставалася бурным.

І сказаў ім: «Падыйміце мяне й кіньце мяне ў мора, — і змоўкне мора вам; бо ведаю я, што за мяне гэта вялікая бура на вас».
 
А ён адказаў ім: «Вазьміце мяне і ўкіньце ў мора, і мора суцішыцца, бо ведаю, што праз мяне сталася гэтая вялікая бура».

І моцна веславалі тыя людзі, каб зьвярнуцца на сушу, і не маглі, бо мора болей а болей узбуралася ля іх.
 
Але людзі гэтыя стараліся, вяслуючы, даплыць да берагу, і не маглі, бо мора не пераставала лютаваць супраць іх.

І гукалі да СПАДАРА, і сказалі: «Молім Цябе, СПАДАРУ, дай хай не загінем за душу гэтага чалавека, і не ўскладай на нас кроў нявінную, бо ты, СПАДАРУ, як захоця зробіш».
 
Тады ўсклікнулі яны да Госпада, кажучы: «Просім Цябе, Госпадзе, не дай нам загінуць за душу гэтага чалавека, і не абцяжарвай душы нашай крывёю нявіннага, бо Ты, Госпадзе, чыніш так, як Табе падабаецца».

І паднялі Ёну, і кінулі яго ў мора, і перастала мора гневацца.
 
І тады ўзялі Ёну і ўкінулі яго ў мора; і мора перастала бушаваць.

І баяліся тыя людзі страхам вялікім СПАДАРА, і абракалі аброк СПАДАРУ, і абяцалі абятніцы.
 
І спалохаліся гэтыя людзі вельмі і прынесьлі ахвяру Госпаду, даўшы абяцаньне.