Якава 1 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша
Якуб, слуга Бога і Госпада Ісуса Хрыста, вітае дванаццаць пакаленняў, што ў расцярушанні.
Браты мае! Уважайце сабе за вялікую радасць, калі трапляеце ў розныя спакусы.
Ведайце, што выпрабаванне веры вашай выклікае цярплівасць.
Цярплівасць жа будзе мець дасканалае дзеянне, каб вы былі дасканалымі ды беззаганнымі, без ніякіх недахопаў.
Калі ж каму з вас не хапае мудрасці, хай просіць яе ў Бога, Які дае ўсім шчодра і без дакораў, і будзе дадзена яму.
Хай жа ён просіць з вераю, ані крыху не сумняваючыся, бо хто сумняваецца, той падобны да марской хвалі, якую вецер падымае і ганяе.
Хай гэткі чалавек не спадзяецца атрымаць што-колечы ад Госпада,
чалавек дваісты ў душы, нетрывалы на ўсіх сваіх шляхах.
Хай пакорны брат ганарыцца сваім узвышэннем,
а багаты — сваім прыніжэннем, бо праміне ён, як краска палявая.
Бо ўзышло ўпальнае сонца і высушыла траву, ды апала краска яе, і знік прыгожы выгляд яе. Так і багаты змарнее на шляхах сваіх.
Шчасны чалавек, які выстаіць у спакусе, бо па выпрабаванні атрымае вянок жыцця, які абяцае Бог тым, што любяць Яго.
Хай ніхто спакушаны не кажа: «Бог мяне спакушае», бо Бог не спакушаецца ліхам ды Сам нікога не спакушае.
Спакушаецца кожны сваёй пажадлівасцю, захоплены яе прывабнасцю.
А пажадлівасць, пачаўшы, спараджае грэх, а грэх, калі бывае ўчынены, спараджае смерць.
Не дапускайце аблуд, браты мае найдаражэйшыя!
Усякае дабро, што нам даецца, ды ўсякі дар дасканалы з вышыні ад Айца святла сыходзіць, у Якога няма перамены, ані ценю зменнасці.
Нарадзіў Ён нас словам праўды з уласнай волі, каб былі мы першакамі Яго стварэнняў.
Ведайце, браты мае дарагія: хай кожны чалавек будзе хуткі да слухання, павольны да гутаркі ды няскоры да злосці.
Бо злосць чалавека не спрычыняецца да справядлівасці Божай.
Таму адкіньце ўсякі бруд і лішнюю злосць і з пакораю прымайце засеянае слова, каторае можа збавіць душы вашы.
Будзьце выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія саміх сябе ашукваюць.
Бо калі хто толькі слухае слова, а не выконвае яго, ён падобны да чалавека, які аглядае прыроджанае аблічча сваё ў люстэрку;
бо ён паглядзеў на сябе, і адышоўся, і зараз забыўся, якім ён быў.
Хто ж пранікне ў дасканалы закон свабоды і вытрывае ў ім, той станецца не слухачом, які забываецца, але выканаўцам справы, і шчасны будзе ў сваёй дзейнасці.
Калі сярод вас хто думае, што ён пабожны, а не трымае языка свайго, ашукваючы сэрца сваё, таго пабожнасць пустая.
Пабожнасць праўдзівая і беззаганная перад Богам і Айцом вось якая: апекавацца над сіротамі і ўдовамі, дапамагаючы ў іх бедах, ды ўсцерагчыся беззаганным ад гэтага свету.