1 І было слова Госпадава да Ёны, сына Амацыінавага:
2 «Устань, ідзі ў Нініву, вялікае места, і прапаведуй там, бо ліхадзействы ягоныя дайшлі да Мяне.»
3 І ўстаў Ёна, каб уцячы ад твару Госпадавага ў Тарсіс, і прыйшоў у Ёппу і знайшоў вадаплаў, што плыў у Тарсіс, заплаціў плату за перавоз і ўзышоў на яго, каб плысьці з імі ў Тарсіс ад твару Госпадавага.
4 Ды ўзьняў Госпад вецер вялікі на моры і сталася на моры вялікая бура і здавалася, што вадаплаў разаб’ецца.
5 І спалохаліся вадаплаўнікі, і пачалі клікаць кажны да свайго бога, і пачалі кідаць у мора груз з вадаплаву, каб адцяжыць яго; Ёна-ж зыйшоў у сярэдзіну вадаплаву, лёг і моцна заснуў.
6 І прыйшоў да яго старшы вадаплаву і сказаў яму: «Што ты сьпіш? Уставай, кліч да Бога твайго; можа Бог успомніць пра нас, і мы не загінем.»
7 І гаварылі адзін другому: «Хадзем, кінем лёсы, каб даведацца, за каго гэтая бяда на нас найшла.» І кінулі яны лёсы, і лёс паў на Ёну.
8 Тады сказалі яму: «Скажы нам, за каго прыйшла на нас гэтая бяда? Чым ты займаешся і адкуль ідзеш ты? Дзе твая краіна і з якога ты народу?»
9 І ён адказаў ім: «Я — гэбрэй, слаўлю Госпада Бога нябёсаў, што стварылі мора і сушу.»
10 І спалохаліся людзі вельмі, і казалі яму: «Нашто ты гэта зрабіў?» бо даведаліся гэтыя людзі., што ён уцякае ад Госпадавага твару, аб чым ён сам гаварыў ім.
11 І казалі яму: «Што зрабіць намка з табою, каб мора нам сунялося?» бо мора не пераставала хвалявацца.
12 Тады ён сказаў ім: «Вазьмеце мяне і кіньце мяне ў мора, — і мора супакоіцца вам, бо я ведаю, што дзеля мяне найшла на вас гэтая вялікая бура.»
13 Ды гэтыя людзі пачалі моцна грабці вёсламі, каб прыбіць да берагу, але не маглі, бо мора не пераставала лютаваць супроць іх.
14 Пачалі тады яны клікаць да Госпада і казаць: «Молім Цябе, Госпадзе, ня дай нам загінуць за душу чалавека гэтага, і ня ўскладай на нас крыві непавіннай; бо Ты, Госпадзе, учыніў, што было Табе да спадобы!»
15 І тады ўзялі яны Ёну і кінулі яго ў мора; і сунялося мора ў лютасьці сваёй.
16 І спалохаліся вельмі гэтыя людзі Госпада, і прынесьлі Госпаду ахвяру, і далі зарок.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Ёны, 1 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.