2 да Карынфянаў 10 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Дарэчы, я сам, Паўла, перасцерагаю вас праз пакорлівасць і ласкавасць Хрыстову, што я асабіста між вамі ціхі, аднак у аддаленні патрабавальны да вас;
 

дык вось, малю, каб, як прыбуду, не адважыўся б на тую суровасць, на якую думаю адважыцца адносна некаторых, якія лічаць, што мы жывём паводле цела.
 

Бо хоць мы жывём у целе, не ваюем паводле цела, —
 

бо зброя змагання нашага не цялесная, але магутная праз Бога на зруйнаванне цвярдынь; мы руйнуем намеры
 

і ўсякую пыху, якая выступае супраць пазнання Бога, ды ўсякую думку палонім у паслухмянасць Хрысту,
 

і пры тым гатовыя пакараць непаслухмянасць кожнага, калі паслухмянасць ваша стане поўнай.
 

Ці на аблічча глядзіце? Калі хто ўважае, што ён Хрыстоў, дык хай разважыць у сабе, што і мы, таксама як ён, Хрыстовы.
 

Бо не было б мне сорамна, калі б я яшчэ больш стаў хваліцца тою ўладаю, якую нам даў Госпад на збудаванне вас, а не на знішчэнне,
 

каб не падалося, што я вас палохаю лістамі;
 

некаторыя кажуць: «Лісты моцныя і грозныя, выгляд жа цела нядужы, і слова марнае».
 

Хто такі, хай ведае, што, якія мы непрысутныя, здалёк і ў слове лістоў, такія і прысутныя, ва ўчынках.
 

Бо мы не маем адвагі ані раўняцца, ані супастаўляцца з тымі, што самі сябе выстаўляюць. Бо яны мераюць сябе самімі сабой, раўняючы сябе з сабой, і неразумныя.
 

Не будзем мы хваліцца праз меру, але будзем ацэньваць сябе ў меры, вызначанай нам Богам, каб маглі дасягнуць і вас.
 

Бо мы не так, быццам не дасягнуўшы вас, перасягнулі самі сябе, бо мы дайшлі да вас у Евангеллі Хрыста.
 

Не хвалімся без меры чужой працай. Спадзяёмся, аднак, што з узрастаннем вашай веры мы таксама ўзрастаць будзем у вас па нашай мерцы,
 

каб і далей сярод тых, што па-за вамі, абвяшчаць Евангелле, не выхваляючыся, па чужой мерцы, тым, што зроблена іншымі,
 

бо хто хваліцца, хай Госпадам хваліцца.
 

Бо не той выпрабаваны, хто сам сябе хваліць, але той, каго Госпад хваліць.