Да Габрэяў 1 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Васіля Цяпінскага
Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў,
у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына, якога ўстанавіў спадкаемцам усяго, праз якога і стварыў сусвет.
Ён, будучы адлюстраваннем Ягонай славы і вобразам Ягонай сутнасці і падтрымліваючы ўсё словам сваёй моцы, здзейсніў ачышчэнне ад грахоў, сеў праваруч Велічы на вышынях
і стаў настолькі вышэйшым за анёлаў, наколькі больш слаўнае, чым яны, атрымаў у спадчыну імя.
Бо калі і каму з анёлаў Ён сказаў: «Ты — Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе», і яшчэ: «Я буду Яму Айцом, а Ён будзе Мне Сынам»?
Калі ж зноў увядзе Першароднага ў свет, скажа: «Няхай паклоняцца Ямуўсе анёлы Божыя».
І кажа анёлам: «Ён робіць сваіх анёлаў вятрамі, а слугаў сваіх — полымем агню»,
а Сыну: «Трон Твой, Божа, навекі вякоў, і жазло праведнасці — гэта жазло Твайго валадарства.
Ты палюбіў справядлівасць і ўзненавідзеў беззаконне, таму Твой Бог намасціў Цябе, Божа, алеем радасці больш, чым саўдзельнікаў Тваіх».
А таксама: «Ты ў пачатку, Пане, паставіў на падмурку зямлю, і нябёсы — справа Тваіх рук.
Яны прамінуць, а Ты застанешся; і састарэюць усе, як вопратка,
а Ты скруціш іх, быццам адзенне, і яны зменяцца. Ты адзін і той жа, і не скончацца Твае гады».
Каму з анёлаў Ты калі-небудзь сказаў: «Сядзь праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу непрыяцеляў Тваіх пад падножжа ног Тваіх»?
Ці ж не ўсе яны службовыя духі, пасланыя дзеля служэння тым, хто павінен атрымаць у спадчыну збаўленне?