Адкрыцьцё 8 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Калі адкрыў сёмую пячатку, у небе ўсталявалася ціша дзесьці на паўгадзіны.
 

І я ўбачыў сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і было дадзена ім сем трубаў.
 

І прыйшоў іншы анёл, стаў пры алтары, маючы залатую кадзільніцу, і было дадзена яму шмат кадзіла, каб ён прынёс яго з малітвамі ўсіх святых на залаты алтар перад тронам.
 

Дым кадзіла з малітвамі святых узняўся з рукі анёла перад Богам.
 

Анёл узяў кадзільніцу, напоўніў яе агнём з алтара, кінуў на зямлю, і пачаліся гром, галасы, маланкі і землятрус.
 

Тады сем анёлаў, якія мелі сем трубаў, падрыхтаваліся, каб затрубіць.
 

І затрубіў першы. Узнік град і агонь, змяшаны з крывёй, і быў кінуты на зямлю. Была спалена траціна зямлі, была спалена траціна дрэў, і ўся зялёная трава была спалена.
 

Затрубіў другі анёл. І як бы вялікая гара, якая палае ў агні, была кінутая ў мора. Траціна мора стала крывёй,
 

загінула траціна марскіх стварэнняў, што мелі жыццё, і была загублена траціна караблёў.
 

Затрубіў трэці анёл. І ўпала з неба вялікая зорка, якая палала, быццам паходня, і ўпала на траціну рэк і на крыніцы вады.
 

А імя гэтай зоркі — Палын. Траціна водаў стала палыном, і многія людзі паміралі ад водаў, бо яны сталі горкімі.
 

Затрубіў чацвёрты анёл. І ўдараная была траціна сонца, траціна месяца і траціна зорак, так што траціна іх зацьмілася і дзень не з’яўляўся на сваю траціну, таксама і ноч.
 

Я ўбачыў і пачуў аднаго арла, які ляцеў пасярод неба і гучна казаў: «Бяда, бяда, бяда тым, хто жыве на зямлі ад трубных галасоў астатніх трох анёлаў, якія павінны затрубіць!»