Адкрыцьцё 4 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Пасля гэтага я ўбачыў: вось дзверы адчыненыя ў небе, і ранейшы голас, які я чуў, як бы гук трубы, што гаварыў са мною, сказаў: «Узыдзі сюды, я пакажу табе, што павінна адбыцца пасля гэтага».
 

Я адразу напоўніўся Духам. Вось трон стаяў на небе, а на троне нехта сядзеў.
 

Той, які сядзеў, з выгляду быў падобны да каменя яшмы і сердаліку, і вясёлка была вакол трона, з выгляду падобная да смарагду.
 

Навокал трона было дваццаць чатыры троны. А на тронах сядзелі дваццаць чатыры старэйшыны, апранутыя ў белыя шаты. На іхніх галовах— залатыя вянкі.
 

З трона сыходзілі маланкі, галасы і грымоты. Сем вогненных паходняў, якія ёсць сямю Божымі духамі, гарэла перад тронам.
 

І перад тронам было быццам мора шкляное, падобнае да крышталю. А пасярэдзіне трона і навокал трона былі чатыры жывыя істоты, поўныя вачэй спераду і ззаду.
 

Першая жывая істота была падобная да льва, а другая жывая істота — падобная да вала, трэцяя жывая істота мела аблічча, як у чалавека, а чацвёртая жывая істота была падобная да арла, які ляціць.
 

Кожная з чатырох жывых істот мела па шэсць крылаў, а вакол і ўсярэдзіне — яны поўныя вачэй. І не маюць яны спакою ні ўдзень, ні ўначы, кажучы: «Святы, святы, святы Пан Бог усемагутны, які быў, ёсць і прыходзіць!»
 

Калі жывыя істоты аддадуць славу, пашану і падзяку таму, хто сядзіць на троне, хто жыве на векі вечныя,
 

тады дваццаць чатыры старэйшыны ўпадуць перад тым, хто сядзіць на троне, і паклоняцца таму, хто жыве на векі вечныя, і кінуць вянкі свае перад тронам, кажучы:
 

«Ты, Пане і наш Божа,годны прыняць славу і пашану, і сілу,бо Ты стварыў усё,і з Тваёй волі існавала і было створана».