Да Каласянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Пятроўскага
Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і брат Цімафей —
святым і верным братам у Хрысце, якія ў Калосах: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага.
Дзякуем Богу, Айцу нашага Пана Езуса Хрыста, заўсёды, калі молімся за вас,
бо мы пачулі пра вашую веру ў Хрысце Езусе і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых
дзеля надзеі, што захавана для вас у нябёсах. Вы пачулі пра яе раней у слове праўды Евангелля,
якое прыйшло да вас. І як яно прыносіць плён і расце ва ўсім свеце, так і сярод вас, пачынаючы з дня, калі вы пачулі і пазналі Божую ласку ў праўдзе.
Вы навучыліся ёй ад Эпафраса, нашага ўмілаванага супольніка ў служэнні, вернага слугі Хрыстовага для вас,
які і выявіў нам вашую любоў у Духу.
Таму і мы, з таго дня, калі пачулі пра вас, няспынна молімся і просім, каб вы напоўніліся пазнаннем Яго волі ва ўсёй мудрасці і духоўным разуменні;
каб вы паступалі годна Пана і ва ўсім падабаліся Яму, прыносячы плён ва ўсякай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнанні Бога;
каб вы цалкам умацоўваліся паводле моцы славы Ягонай для поўнай вытрываласці і доўгацярплівасці. З радасцю
дзякуйце Айцу, які зрабіў вас здольнымі ўдзельнічаць у спадчыне святых у святле,
які вызваліў нас з-пад улады цемры і прывёў у Валадарства свайго ўмілаванага Сына,
у якім мы маем адкупленне і адпушчэнне грахоў.
Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння.
Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана.
Ён ёсць перад усім, і ўсё трывае ў Ім.
Ён — Галава цела, гэта значыць, Касцёла. Ён — пачатак, першародны з памерлых, каб ва ўсім Ён меў першынство.
Бо спадабалася Богу, каб у Ім жыла ўся паўната
і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы спакой праз кроў Ягонага крыжа.
Хоць вы калісьці былі адчужаныя і варожыя паводле мыслення і сваіх ліхіх справаў,
цяпер Ён прымірыў вас у сваім зямным целе праз сваю смерць, каб паставіць вас перад сабою святымі, беззаганнымі і бездакорнымі,
калі толькі вы сапраўды непарушна і цвёрда трываеце ў веры і не даеце адвесці сябе ад надзеі Евангелля, якое пачулі і якое было абвешчана ўсяму стварэнню пад небам, слугою якога стаў я, Павел.
Цяпер я радуюся за вас у цярпеннях і дапаўняю недахоп у маім целе пакутаў Хрыста за Ягонае цела, якім ёсць Касцёл,
слугою якога я стаў паводле дадзенага мне дзеля вас Божага распараджэння, каб абвяшчаць слова Божае,
таямніцу, схаваную ад вякоў і ад пакаленняў, якая цяпер аб’явілася Ягоным святым.
Ім захацеў Бог адкрыць сярод язычнікаў багацце славы гэтай таямніцы, якою ёсць Хрыстус сярод вас — надзея славы.
Яго мы абвяшчаем, настаўляючы і навучаючы кожнага чалавека ўсялякай мудрасці, каб учыніць кожнага дасканалым у Хрысце.
Дзеля гэтага я і працую, змагаючыся Яго моцаю, якая магутна дзейнічае ўва мне.