2 Пятра 1 разьдзел

Другое пасланьне Пятра
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Сымон Пётр, слуга і апостал Езуса Хрыста — тым, хто прыняў аднолькава дарагую нам веру праз справядлівасць Бога нашага і Збаўцу Езуса Хрыста.
 
Сымон Пётра, раб і Апостал Ісуса Хрыста, да тых, што атрыма́лі роўна з намі шматкаштоўную веру па Волі Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста:

Няхай памножацца ў вас ласка і спакой праз пазнанне Бога і Езуса, нашага Пана.
 
Багадаць вам і мір хай памножыцца ў пазнаньні Бога і Ісуса, Госпада нашага.

Ад Боскай сілы Ягонай нам даравана ўсё для жыцця і пабожнасці дзякуючы пазнанню таго, хто паклікаў нас для ўласнай славы і хвалы,
 
Як Божаю Сілай Ягонай дарава́на нам усё для жыцьця і багабойнасьці праз пазнаньне Паклікаўшага нас Славаю і Цнатою,

праз што даў нам вялікія і каштоўныя абяцанні, каб праз іх вы сталі саўдзельнікамі Божай натуры, пазбегнуўшы згубы пажадлівага свету.
 
якімі дарава́ны нам вялікія і шматкаштоўныя абяцаньні, каб праз іх сталіся вы ўдзельнікамі Божай прыроды, ухіліўшыся ад гніеньня ў пажадлівасьці ў сьвеце,

З гэтай самай прычыны прыкладайце ўсе намаганні, каб дапоўніць вашую веру цнотай, цноту — пазнаннем,
 
дык вы, прыкладаючы да гэтага ўсё стараньне, пакажыце ў веры вашай цнату, у цнаце ж — разважлівасьць,

пазнанне — стрыманасцю, стрыманасць — цярплівасцю, цярлівасць — пабожнасцю,
 
у разважлівасьці стрыманасьць, у стрыманасьці цярплівасьць, у цярплівасьці багабойнасьць,

пабожнасць — братняю любоўю, а братнюю любоў — любоўю.
 
у багабойнасьці браталюбства, а ў браталюбстве любоў.

Калі ўсё гэта ў вас ёсць і памнажаецца, то вы не будзеце бяздзейнымі ды бясплённымі ў пазнанні Пана нашага Езуса Хрыста.
 
Так (калі) гэтае ў вас ёсьць і памнажаецца, вы ня застанецеся бяздзейнымі і бясплоднымі ў пазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста.

У каго ж няма гэтага, той сляпы, закрыўшы вочы, забыўся пра ачышчэнне ад сваіх даўніх грахоў.
 
А хто гэтага ня мае, той сьляпы, нявíсны, забыўся пра атрыманьне ачышчэньня сваіх ранейшых грахоў.

Таму, браты, старайцеся яшчэ больш умацаваць вашае пакліканне і выбар. Так паступаючы, ніколі не спаткніцёся.
 
Пагэтаму, браты, больш і больш старайцеся зрабіць няпахісным ваша паклíканьне і выбра́ньне; гэтак робячы, ніколі ня спатыкнецеся,

Тады шырока адкрыецца перад вамі ўваход у вечнае Валадарства нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста.
 
бо гэтак вам будзе адчынены вольны ўваход у вечнае Валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.

Таму я заўсёды буду напамінаць вам пра гэта, хоць вы і ведаеце ды ўмацаваны ў гэтай праўдзе.
 
Пагэтаму я ня перастану вам пастаянна напамінаць аб гэтым, хоць вы (ужо) і ведаеце і ўгрунтаваны ў гэтай праўдзе.

Лічу справядлівым, пакуль знаходжуся ў гэтым намёце, заахвочваць вас напамінам,
 
Справядлівым жа лічу, да таго часу пакуль знаходжуся ў гэтай (цялеснай) будыніне заахвочваць вас напамінаньнем,

ведаючы, што хутка пакіну гэты мой намёт, як і адкрыў мне наш Пан, Езус Хрыстус.
 
ведаючы што хутка пакіну маю будыніну, як і Госпад наш Ісус Хрыстос мне адкрыў.

Буду ж старацца, каб вы і пасля майго адыходу заўсёды ўспаміналі пра гэтыя рэчы.
 
Пастараюся ж, каб вы і пасьля майго адыходу пастаянна ўспаміналі гэтыя (словы).

Мы далі вам спазнаць моц і прыйсце нашага Пана Езуса Хрыста, не ідучы за мудра складзенымі байкамі, але будучы відавочцамі Ягонай велічы.
 
Бо мы абвясьцілі вам сілу і прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста, ня за нябыліцамі ідучы ўсьлед, але стаўшы відавочцамі велічы Ягонай.

Ён атрымаў ад Бога Айца пашану і славу, калі ад велічнай славы да Яго сышоў такі голас: «Гэта Мой Сын умілаваны, якога Я ўпадабаў».
 
Бо (Ён) прыняў ад Бога Ба́цькі чэсьць і славу, калі да Яго быў прагучаўшы голас Вялізарнай Славы: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, у Якім усё Маё задавальненьне.

І мы чулі, як гэты голас даносіўся з неба, калі былі з Ім на святой гары.
 
Пачу́лі гэты голас і мы, як ён прагучаў зь Неба, як мы былí разам зь Ім на сьвятой гары.

Да таго ж у нас ёсць мацнейшае, прароцкае слова. І вы добра зробіце, калі будзеце трываць пры ім, як пры лямпе, што свеціць у цёмным месцы, пакуль не пачне світаць дзень і зараніца не ўзыдзе ў сэрцах вашых.
 
І мы маем найдаставернейшае прарочае слова; і вы добра робіце, калі зьвяртаецеся да яго, як да сьветача, які зьзяе ў цёмным мейсцы, пакуль дзень пачне сьвітаць і ранішняя зорка ўзыйдзе ў сэрцах вашых,

Толькі памятайце перш за ўсё, што ніякае прароцтва ў Пісанні не належыць да прыватнага тлумачэння.
 
ведаючы галоўнае ў тым, што ў усякага прароцтва з Пісаньня ня бывае ўласнага (чалавечага) тлумачэньня,

Бо прароцтва ніколі не паходзіла з волі чалавека, але ад імя Бога абвяшчалі яго людзі, натхнёныя Святым Духам.
 
бо прароцтва было выказана некалі ня па волі чалавека, але (яно) было выказана сьвятымі Божымі людзьмі, натхняемымі Духам Сьвятым.