Якава 1 разьдзел

Пасланьне Якава
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Якуб, слуга Бога і Пана Езуса Хрыста, вітае дванаццаць плямёнаў у дыяспары.
 
Якуб, раб Бога і Госпада Ісуса Хрыста, — дванаццацём родам, што расьцярушаны, — радавацца!

Браты мае, калі трапляеце ў разнастайныя выпрабаванні, з вялікай радасцю прымайце іх.
 
Лічыце вялікай радасьцю, браты мае, калі трапляеце пад розныя спакушэньні,

Бо ведаеце, што выпрабаванне вашай веры нараджае цярплівасць.
 
ведаючы, што выпрабава́ньне вашае веры вытварае цярплівасьць;

А цярплівасць няхай будзе дасканалая, каб вы былі дасканалыя і беззаганныя, ні ў чым не маючы недахопу.
 
цярплівасьць жа хай мае поўнае дзе́яньне, каб вы былі бяззага́ннымі і даскана́лымі, бязь ніякае нястачы.

Калі некаму з вас нестае мудрасці, няхай просіць у Бога, які шчодра дае ўсім і не дакарае, — і будзе дадзена яму.
 
Калі ж у каго з вас ня хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і бяз папро́ку, і будзе яму да́дзена.

Але няхай просіць з вераю і не сумняваецца, бо той, хто сумняваецца, падобны да марской хвалі, якую ўздымае і кідае вецер.
 
Але няхай просіць зь вераю, ані ня сумнява́ючыся, бо той, хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую вецер уздымае і разьдзіма́е.

Няхай гэты чалавек не думае, што атрымае нешта ад Пана,
 
Дык няхай ня думае гэткі чалавек, што нешта дастане ад Госпада.

як чалавек двудушны, нясталы ва ўсіх сваіх шляхах.
 
Чалавек які сумняваецца няцьвёрды на ўсіх сваіх шляхох.

Няхай хваліцца прыніжаны брат сваім узвышэннем,
 
Няхай жа хва́ліцца брат паніжаны сваёй высокасьцяй,

а багаты — сваім прыніжэннем, таму што праміне, як цвет травы.
 
а багаты — паніжэньнем сваім, бо праміне, як кветка травы.

Бо ўзышло сонца і спёкай высушыла траву, і цвет яе апаў, і прыгажосць яе знікла — так і багаты завяне на сваіх шляхах.
 
Бо ўзыйшло сонца са сьпёкай і высушыла траву, і кветка яе апа́ла, і вонкавае хараство яе счэзла; гэтак і багаты на шляхо́х сваіх засохне.

Шчаслівы чалавек, які вытрымлівае выпрабаванне, бо, калі будзе выпрабаваны, атрымае вянец жыцця, які Бог абяцаў тым, хто любіць Яго.
 
Шчасьлівы чалавек, які выстаяў у спакусе, бо стануўшы выпрабаваным, ён атрымае вянок жыцьця, які абяцаў Госпад тым, хто любіць Яго.

Падчас выпрабавання няхай ніхто не кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом і сам Ён не выпрабоўвае нікога.
 
Будучы спакушаемым ніхто ня кажы: я спакуша́емы Богам, таму што Бог ня спакуша́ецца злом, і Ён ня спакушае нікога.

Але кожны выпрабоўваецца ўласнай пажадлівасцю, якая прыцягвае і зводзіць.
 
А кожны спакушаецца, прываблены і захоплены ўласным пажаданьнем;

Зачаўшы, яна нараджае грэх, а калі грэх саспее, ён нараджае смерць.
 
а пасьля пажаданьне, зачаўшы, спараджае грэх; а зроблены грэх спараджае сьмерць.

Таму не дазваляйце сябе звесці, мае ўмілаваныя браты.
 
Ня абманавайцеся, браты мае любасныя.

Усялякае дараванне добрае і ўсялякі дасканалы дар паходзіць звыш ад Айца святла, у якога няма зменлівасці або ценю змены.
 
Усякі дар добры і ўсякае даяньне дасканалае — зыходзіць з вышыні, ад Ба́цькі сьветлаў, у Якога няма ні зьмяненьня ні ценю паварота.

Пастанавіўшы, нарадзіў нас Айцец словам праўды, каб мы былі пэўным пачаткам Ягоных стварэнняў.
 
Захацеўшы, спарадзіў нас Словам Праўды, каб быць нам нейкім пачаткам тварэньняў Ягоных.

Ведайце, мае ўмілаваныя браты: няхай кожны чалавек слухае з ахвотай, але не будзе ахвочы да размоў, не будзе ахвочы да гневу.
 
Дык вось, браты мае любасныя, усякі чалавек няхай будзе хуткі выслухаць, павольны сказаць, павольны на гнеў.

Бо чалавечы гнеў не здзяйсняе Божай справядлівасці.
 
Бо гнеў чалавека ня творыць Праўды Бога.

Таму адкіньце ўсялякую нячыстасць і празмерную злосць і прыміце з пакораю пасеянае ў вас слова, якое можа збавіць вашыя душы.
 
Пагэтаму адклаўшы ўсякі бруд і лíшак злосьці ў пакоры прымеце наса́джанае Слова, што душы вашыя збавіць можа.

Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе.
 
Будзьце ж выпаўніцелямі Слова, а ня слухача́мі толькі, ашукваючымі самых сябе.

Бо той, хто слухае слова, а не выконвае яго, падобны да чалавека, які разглядае свой натуральны твар у люстэрку:
 
Бо хто слухае Слова і ня выпаўняе, той падобны да чалавека, які разглядае ў люстэрку рысы твару свайго:

прыгледзеўся да сябе, адышоў і адразу забыўся, якім быў.
 
бо (ён) разглядзеў сябе ды ўраз (жа) забыўся, які ён.

Аднак той, хто пранікае ў дасканалы закон свабоды і трывае ў ім не як забыўлівы слухач, але як чынны выканаўца, той будзе шчаслівы ў тым, што робіць.
 
Але хто ўглыбіўся ў дасканалы Закон свабоды і застаўся (у ім), той, стаўшыся ня слухачом забываючымся, але выканаўцам справы, той шчасьлівы будзе ў дзеяньні сваім.

Калі хто лічыць сябе пабожным, не ўтаймоўваючы свайго языка, але зводзячы сваё сэрца, то марная ягоная пабожнасць.
 
Калі хто сярод вас мяркуе лічыцца багабойным, ня закелзываючы языка свайго, але абманаваючы сэрца сваё, у таго багабойнасьць пустая.

Чыстая і беззаганная пабожнасць перад Богам і Айцом — гэта наведванне сіротаў і ўдоваў у іхняй нядолі і захаванне сябе незаплямленым светам.
 
Чыстая і бяззаганная багабойнасьць перад Богам і Ба́цькам ёсьць гэта: клапаціцца пра сірот і ўдоваў у горы іхным і берагчы сябе няапаганеным ад сьвету.