Якава 5 разьдзел
Пасланьне Якава
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава
Вось цяпер вы, багатыя, заплачце і загаласіце над вашымі няшчасцямі, што прыходзяць да вас.
Паслухайце цяпер вы, багатыя: плачце і галасе́це аб злыбедах вашых, што ідуць на вас.
Багацце вашае згніло, і вопратку вашую патачыла моль.
Багацьце вашае згніло́, і вопраткі вашыя зьедзены мольлю.
Золата ваша і срэбра паржавела, ржа іх засведчыць супраць вас і з’есць вашыя целы, як агонь. Вы сабралі скарб у апошнія дні.
Золата вашае і срэбра паіржаве́ла, і іржа іхная ў сьведчаньне вам будзе і зьесьць цела вашае, як агонь. Вы сабралі скарб для апошніх дзён.
Вось кліча плата, якую вы затрымалі працаўнікам, што жалі вашыя палеткі, і крык жняцоў дайшоў да вушэй Пана Магуццяў.
Вось плата за працу працаўнікоў, якія пажалі палі вашыя, затрыманая вамі, крычыць, і ляманты жняцоў дайшлі да вушэй Госпада Сабаота.
Вы жылі на зямлі ў распусце і раскошы, вы насыцілі сэрцы вашыя ў дзень забою.
Вы мелі раскошу і асалоду на зямлі; накармілі сэрцы вашыя, быццам на дзень забойства.
Вы асудзілі і забілі справядлівага. Ён не супраціўляўся вам.
Вы засудзілі, забілі Справядлівага, Ён ня спраціўляецца вам.
Цярплівымі будзьце, браты, ажно да прыйсця Пана. Вось земляроб чакае каштоўнага плоду зямлі і дзеля яго доўга церпіць, пакуль не атрымае плод, ранні і позні.
Дык вось, браты, будзьце доўгацярплівымі да прыходу Госпада. Глядзеце: земляроб жджэ каштоўнага плоду ад зямлі, доўга церпячы дзеля яго, пакуль дастане дождж раньні і позьні.
Будзьце цярплівыя і вы, умацуйце вашыя сэрцы, бо набліжаецца прыйсце Пана.
Доўга цярпіце і вы; умацуйце сэрцы вашыя, бо прыход Госпада набліжаецца.
Не наракайце, браты, адзін на аднаго, каб не быць асуджанымі; вось Суддзя стаіць пры дзвярах.
Ня наракайце, браты, адзін на аднаго, каб ня быць вам засуджанымі. Вось Судзьдзя стаіць ля дзьвярэй.
За прыклад вытрываласці і цярплівасці, браты, вазьміце прарокаў, якія прамаўлялі ад імя Пана.
Прыклад вазьмеце, браты мае, із мукі і доўгацярпеньня прарокаў, якія прамовілі Імем Госпада.
Вось, мы называем шчаслівымі тых, хто выцерпеў. Вы чулі пра цярплівасць Ёва і бачылі яго канчатковую ўзнагароду ад Пана, бо Пан шматміласцівы і літасцівы.
Вось мы называем шчасьлівымі тых, што перацярпелі. Вы пачулі пра няпахіснасьць Гіоба, і канец (ягоны) у Госпадзе ўбачылі, бо Госпад ёсьць поўны міласэрнасьці і спачуваньня.
Але перадусім, браты мае, не кляніцеся ні небам, ні зямлёю ці якою іншаю клятваю. Няхай жа ваша «так» будзе «так», а ваша «не» будзе «не», каб вам не патрапіць пад суд.
Дык перш за ўсё, браты мае, ня прысягайце ні небам, ні зямлёю, ні іншай якой прысягай, а хай будзе вашае: так, так і не, не, каб ня ўпасьці (вам) у крывадушнасьць.
Нехта сярод вас пакутуе? Няхай моліцца. Нехта радасны? Няхай спявае.
У горы хто з вас, хай моліцца. Радуецца хто — няхай пяе пса́льмы.
Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана.
Хворы хто з вас, хай пакліча празьбітараў царквы, і хай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеям у Імя Госпадавае.
Малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, а грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму.
І малітва веры вылячыць хворага, і Госпад падыме яго; і калі ён учыніў грахі, будзе яму даравана.
Прызнавайцеся адзін аднаму ў грахах і маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі; бо шмат можа шчырая малітва справядлівага.
Вызнавайце адзін перад адным праступкі і маліцеся адзін за аднаго, каб быць вам аздароўленымі. Многа можа натужная малітва справядлівага!
Ілля быў чалавекам, падобным да нас. Ён памаліўся моцна, каб не было дажджу, і не было дажджу на зямлі тры гады і шэсць месяцаў.
Ільля быў чалавек падобны да нас, і малітваю памаліўся, каб ня было дажджу: і ня было дажджу на зямлі тры гады і шэсьць месяцаў.
Пасля памаліўся зноў, і неба спаслала дождж, а зямля дала свой плён.
І ізноў памаліўся, і неба дало дождж, і зямля ўрадзíла плод свой.
Браты мае, калі хто з вас збочыў са шляху праўды, а нехта вярнуў яго,
Браты, калі хто сярод вас адхіліцца ад праўды, і хто-небудзь наверне яго,
няхай ведае: хто вярнуў грэшніка з яго аблуднага шляху, збавіць душу ягоную ад смерці і закрые мноства грахоў.
хай ведае, што той, хто навярнуў грэшнага з блуднай дарогі ягонай, (той) уратуе душу́ ад сьмерці і пакрые мноства грахоў.