Лукаша 1 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава
Паколькі ўжо многія імкнуліся скласці апавяданне пра падзеі, якія адбыліся сярод нас,
Паколькі (ужо) многія ўзяліся складаць апавяданьне адносна добра вядомых між намі падзей,
як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі відавочцамі і слугамі слова,
як перадалі нам тыя, што ад пачатку былі вачавідцы і служыцелі Слова,
вырашыў і я дакладна даследаваць усё ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, дастойны Тэафіле,
прыйшло на думку і мне, дасьледаваўшы наноў усё вельмі пільна, апісаць табе па парадку, высокашаноўны Тэахвіле,
каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны.
каб (ты) даведаўся адносна таго, (у) чым быў настаўлены: у верагоднасьці (гэных) слоў.
У дні Ірада, караля юдэйскага, быў адзін святар, па імені Захарыя, з роду Абія. Ён меў жонку з дачок Аарона, а імя яе было Альжбета.
Быў (жа) у дні Гірада, валадара жыдоўскага, нікаторы сьвятар імем Захар з Авіявай чаргі і жонка ягоная з дачок Агаронавых; і імя ейнае — Альжбета.
Абое былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзяў і наказаў Пана.
Былі ж (яны) абое праведныя перад Богам, жывучы па ўсіх прыказаньнях і пастановах Госпадавых бяззаганна.
Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплоднай; і абое былі ўжо ў старым узросце.
І ня было ў іх дзіцяці, бо Альжбета была няплодная, і абое (яны) былі састарэлымі ў днях сваіх.
Калі Захарыя ў парадку сваёй чаргі выконваў святарскае служэнне перад Богам,
Выпала ж яму служыць у парадку чаргі сваёй перад (Абліччам) Бога.
яму паводле святарскага звычаю выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб прынесці ахвяру каджэння.
Згодна звычаю сьвятароў атрымаў (ён) жэрабя кадзіць, увайшоўшы ў Сьвятыню Госпада;
Усё ж мноства народу малілася звонку падчас каджэння.
і ўсё мноства народу ў час каджэньня малілася вонках.
І з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка.
І зьявіўся яму Ангел Госпада, стоячы справа ад кадзільнага ахвярніка.
Захарыя збянтэжыўся, калі ўбачыў анёла, і страх ахапіў яго.
І сумеўся Захар, убачыўшы, і страх напаў на яго;
Анёл жа сказаў яму: «Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, а ты назавеш яго імем Ян.
але Ангел сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына, і дасі яму імя Яан.
Будзе табе радасць і весялосць, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму.
І будзе табе радасьць і весялосьць, і многія ўзрадуюцца з нараджэньня ягонага;
Бо ён будзе вялікі ў вачах Пана, не будзе піць ні віна, ні сіцэры і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні сваёй маці.
бо (ён) будзе вялікі перад Госпадам; і ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым напоўніцца яшчэ ў чэраве маткі сваёй;
Многіх з сыноў Ізраэля наверне да іхняга Пана Бога.
і многіх сыноў Ізраэлявых наверне да Госпада Бога іхнага;
І сам пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб вярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, і непаслухмяных — да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць Пану народ дасканалы».
і ён будзе ісьці перад Ім у Духу і сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы ба́цькаў да дзяцей, і няпаслухмяных да мудрасьці праведных, каб падрыхтаваць Госпаду народ гатовы.
Тады сказаў Захарыя анёлу: «Па чым я пазнаю гэта? Бо я стары і жонка мая ў старым узросце».
І сказаў Захар Ангелу: па чым пазнаю я гэтае? бо я стары, і жонка мая састарэлая ў днях сваіх.
Анёл сказаў яму ў адказ: «Я Габрыэль, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою, і абвясціць табе добрую навіну пра гэта.
І, адказваючы, Ангел сказаў яму: я Гаўрыіл, што перад Вачамі Бога стаю, і пасланы гаварыць з табою і дабравесьціць табе гэтае.
І вось, ты будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да дня, калі гэта станецца, за тое, што не паверыў словам маім, якія збудуцца ў свой час».
І вось, будзеш (ты) маўчаць, і ня здолееш гаварыць да таго дня, калі гэтае збудзецца, за тое, што (ты) ня паверыў словам маім, якія споўняцца ў свой час.
Народ жа чакаў Захарыю і дзівіўся, што ён затрымліваецца ў святыні.
І чакаў народ Захара і дзівіўся, што ён марудзіць у Сьвятыні.
А калі выйшаў, не мог гаварыць з імі; і яны пазналі, што ён бачыў з’яўленне ў святыні. А ён гаварыў з імі на мігах і заставаўся нямым.
Выйшаўшы ж, ён ня мог гаварыць да іх, і (яны) пазналі, што (ён) бачыў у Сьвятыні зьяву; і ён даваў знакі ім і заставаўся нямым.
Калі скончыліся дні служэння ягонага, ён вярнуўся ў свой дом.
І сталася, як скончыліся дні служэньня ягонага, прыйшоў (ён) у дом свой.
І пасля гэтых дзён зачала Альжбета, жонка ягоная, і ўкрывалася пяць месяцаў, кажучы:
Пасьля ж гэтых дзён зачала́ Альжбета, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, ка́жучы:
«Так учыніў мне Пан у тыя дні, калі глянуў на мяне, каб зняць з мяне ганьбу перад людзьмі».
так учыніў мне Госпад у дні, у якія Ён глянуў (на мяне, каб) зьняць зь мяне ганьбу між людзьмі.
У шосты месяц Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт,
У шосты ж месяц пасланы быў Ангел Гаўрыіл ад Бога ў места Галілейскае, якога назва Назарэт,
да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя.
да дзевы, заручанай з мужам, імя якому Язэп, з дому Давідавага; а імя дзевы — Марыля.
Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою».
І, увайшоўшы да яе, Ангел сказаў: радуйся, ласкай (Божай) абдараваная! Госпад з табою; багаслаўлена ты між жанок.
Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне.
Яна ж, убачыўшы (яго), была зьбянтэжана ад слова ягонага і разважала, што гэта (за) прывітаньне магло бы быць?
І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана.
І сказаў ёй Ангел: ня бойся, Марыля; бо (ты) знайшла Багадаць у Бога.
Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус.
І вось зачнеш у чэраве і народзіш Сына і дасі Яму Імя: Ісус.
Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага,
Ён будзе вялікі і Сынам Найвышэйшага будзе названы, і дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага,
і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца».
і будзе гаспадарыць над домам Якубавым давеку, і Гаспадарству Ягонаму ня будзе канца.
І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?»
Марыля ж сказала Ангелу: як гэта будзе, калі (я) ня ведаю мужа?
Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым.
І, адказваючы, Ангел сказаў ёй: Дух Сьвяты найдзе́ на цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне цябе: вось чаму і нараджаемы Сьвяты будзе названы Сынам Бога.
Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй; і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай,
І вось, Альжбета, сваячка твая, і яна зачала́ сына ў старасьці сваёй, і гэта (ужо) ёй ёсьць шосты месяц, той, (якую) называюць няплоднай.
бо для Бога няма нічога немагчымага».
Бо ў Бога ніводнае слова ня застанецца бяссільным.
Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.
І сказала Марыля: вось (я) — слуга Госпада; няхай станецца мне па слову твайму. І адыйшоў ад яе Ангел.
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды.
Устаўшы ж Марыля ў тыя дні борзда пайшла ў горную краіну, у места Юдзіна,
Яна ўвайшла ў дом Захарыі і прывітала Альжбету.
і ўвайшла ў дом Захара і прывітала Альжбету.
Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым.
І сталася, як Альжбета ўчула прывітаньне Марылі, устрапянулася дзіцятка ў чэраве яе, і напоўнілася Альжбета Духам Сьвятым,
Яна ўсклікнула моцным голасам і сказала: «Благаслаўлёная Ты між жанчынамі і благаслаўлёны плод улоння Твайго.
і закрычала моцным голасам і сказала: багасла́ўлена ты між жанок, і багасла́ўлены Плод чэрава твайго.
Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?
І адкуль гэта мне, што прыйшла маці Госпада майго да мяне?
Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася радасна дзіцятка ва ўлонні маім.
Бо вось, як голас вітаньня твайго дайшоў да вушэй маіх, устрапянулася вясёла дзіцятка ў чэраве маім.
І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам».
І шчасьліва паверыўшая, бо збудзецца сказанае ёй ад Госпада.
І сказала Марыя: «Велічае душа мая Пана,
І сказала Марыля: вяліча́е душа мая Госпада;
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу Збавіцелю маім,
бо глянуў Бог на пакору сваёй слугі.І цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
што глянуў (Ён) на пакорлівасьць рабыні Ягонай, бо вось адгэтуль шчасьліваю называць будуць мяне ўсе роды,
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,а імя Яго святое.
бо вялікае ўчыніў мне Ду́жы; і сьвятое Імя Ягонае;
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленненад тымі, хто Яго баіцца.
і міласэрнасьць Ягоная ў роды радоў для тых, што баяцца Яго.
Паказаў моц сваёй правіцы,рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
(Ён) учыніў сілу Рукою Сваёю; расьсеяў напышаных думкай сэрца іхнага;
Скінуў магутных з тронаі ўзвысіў пакорных.
скінуў моцных з пасадаў і ўзьнёс пакорлівых,
Дабром галодных насыціў,а багатых ні з чым адправіў.
галодных насыціў дабром, а багатыроў адправіў ні з чым;
Прыняў свайго слугу Ізраэля,памятаючы пра сваю міласэрнасць,
падтрымаў Ізраэля, служку Ягонага, успомніў пра літасьць,
як абяцаў бацькам нашым,Абрагаму і яго патомству навекі».
як сказаў да ба́цькаў нашых, да Абрагама і насеньня ягонага давеку.
Прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў і вярнулася ў свой дом.
Прабыла-ж Марыля зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом свой.
Альжбеце ж надышоў час нараджаць, і яна нарадзіла сына.
А Альжбеце настаў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына.
Калі пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан учыніў вялікай міласэрнасць сваю да яе, радаваліся разам з ёю.
І пачулі суседзі ды сваякі ейныя, што Госпад явіў вялікую літасьць Ягоную над ёй і радаваліся зь ёю.
На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем.
І сталася: у восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго па імені бацькі ягонага, Захарам.
Але, адказваючы, маці ягоная сказала: «Не, але будзе названы Янам».
І, адказаўшы, маці ягоная сказала: не, але названы будзе Яанам.
Тады сказалі ёй: «Няма нікога з тваёй радні, хто б называўся такім імем».
І сказалі ёй: нікога няма ў радні тваёй, хто завецца імем гэтым.
У бацькі ж ягонага пыталіся на мігах, як бы хацеў назваць яго.
І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы (ён) хацеў назваць яго.
Ён, папрасіўшы таблічку, напісаў: «Ян — імя яго». І ўсе здзівіліся.
І, папрасіўшы дошчачку, (ён) напісаў, загадваючы: Яан ёсьць імя ягонае. І зьдзівіліся ўсе.
У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога.
У той жа час расчыніліся вусны ягоныя і язык ягоны, і (ён) стаў гаварыць, багаслаўляючы Бога.
Ахапіў страх усіх суседзяў іхніх, і па ўсёй горнай краіне Юдэі яны расказвалі пра ўсё гэта.
І напаў страх на ўсіх жыву́чых вакол іх; і па ўсёй горнай краіне Юдэйскай расказавалі (пра) усе гэтыя падзеі.
Усе, хто чуў, разважалі пра гэта ў сэрцах сваіх і казалі: «Што ж гэта будзе за дзіця?» Бо рука Пана была з ім.
І ўсе, хто пачуў, склалі (гэта) у сэрцы сваім, кажучы: «Кім жа будзе дзіця гэтае?» І Рука Госпада была зь ім.
А Захарыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, кажучы:
І Захар, бацька ягоны, быў напоўнены Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы:
«Благаслаўлёны Пан, Бог Ізраэля,бо наведаў і адкупіў народ свой,
«Багаславен Госпад Бог Ізраэляў таму, што наведаў і ўчыніў збаўленьне народу Ягонаму.
і ўзняў моц збаўлення для насу доме Давіда, слугі свайго.
І ўзьняў Рог збаўленьня нам у доме Давідавым, слугі Ягонага,
Як абвясціў спрадвекувуснамі сваіх святых прарокаў,
як абвясьціў праз вусны былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх,
што збавіць нас ад ворагаў нашыхі ад рук усіх, хто нас ненавідзіць.
збаўленьне ад ворагаў нашых і ад рукі ўсіх нянавідзячых нас;
Каб праявіць міласэрнасць да айцоў нашыхі нагадаць пра святы запавет свой.
учыніць літасьць ба́цькам нашым і ўспомніць Запавет Свой сьвяты,
Прысягу, якую даў Абрагаму, айцу нашаму,дасць нам.
прысягу, якой прысягаўся Абрагаму, ба́цьку нашаму:
Каб, выбаўленыя з рук ворагаў,мы без страху служылі Яму
даць нам бяз страху, збавіўшы ад рукі ворагаў нашых, служыць Яму
ў святасці і справядлівасці перад Імва ўсе дні нашыя.
у сьвятасьці і праведнасьці перад Ім усе дні жыцьця нашага.
А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа,бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму;
І ты, дзіця, прарокам Найвышэйшага названы будзеш; бо (ты) будзеш ісьці перад Абліччам Госпада, (каб) падрыхтаваць шляхі Яму;
каб даць народу Ягонаму пазнаць збаўленнепраз адпушчэнне яго грахоў,
даць веданьне збаўленьня народу Ягонаму ў дараваньні грахоў іхных
дзякуючы сардэчнай міласэрнасці нашага Бога,у якой наведаў нас Усход з вышыні;
па прычыне сардэчнай літасьці Бога нашага, у каторай адведаў нас Усход з вышынí,
каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў цені смяротным;каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою».
(каб) прасьвяціць тых, што сядзяць у цемры і цяню сьмяротным, накіраваць ногі нашыя на дарогу міру».
А дзіця расло і ўзмацнялася духам, і заставалася на пустыні да дня свайго з’яўлення перад Ізраэлем.
А дзіця даро́сьлела і ўмацоўвалася духам, і было ў пустэльнях аж да дня зьяўленьня свайго Ізраэлю.