Лукаша 5 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Аднойчы, калі натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, Ён стаяў каля возера Генэзарэт.
 
І сталася: як народ ціснуўся да Яго, каб пачуць Слова Божае, а Ён стаяў ля возера Генісарэцкага,

І ўбачыў два чаўны, якія стаялі на беразе возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі.
 
і ўбачыў (Ён) два чаўны, што стаялі на возеры, а рыбаловы, выйшаўшы зь іх, прамывалі сеткі.

Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Пасля сеў і вучыў людзей з чоўна.
 
І ўвайшоўшы ў адзін човен, што быў Сымонаў, (Ён) папрасіў яго адплысьці крыху ад берагу і, сеўшы, вучыў народ з чаўна.

Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову».
 
А калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбіню, і закіньце сеткі вашыя дзеля лову.

Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі».
 
І, адказаўшы, сказаў Сымон Яму: Настаўнік! Усю ноч працаваўшы (мы) нічога ня злавілі, але па Слову Твайму закіну сетку.

Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі.
 
І, зрабіўшы гэтае, (яны) злавілі вялікае мноства рыбы, і нават сетка ў іх прарывалася.

І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі.
 
І далі знак сябрам, што былі ў другім чаўне, каб прыплыўшы, памагчы ім; і прыплылі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачыналі тануць.

Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны».
 
Убачыўшы ж (гэтае) Сымон Пётра прыпаў да Каленяў Ісусавых, кажучы: выйдзі ад мяне, Госпадзе! Бо я чалавек грэшны.

Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з ім,
 
Бо жах апанаваў яго і ўсіх, хто (быў) зь ім, ад гэткага ўлову рыбы, (што) злавілі;

а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей».
 
таксама і Якуба і Яана, сыноў Завядзеявых, якія былі супольнікамі Сымона. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся, ад цяпер будзеш лаўцом чалавекаў.

А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
 
І, выцягнуўшы чаўны на бераг, пакінуўшы ўсё, пайшлі за Ім.

Калі Ён быў у адным з гарадоў, з’явіўся чалавек увесь у праказе. Убачыўшы Езуса, ён упаў ніцма, молячы Яго і кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
 
І сталася быць Яму ў адным (з) местаў, і вось мужчына ўвесь у праказе; і, убачыўшы Ісуса, упаўшы абліччам (да зямлі), маліў Яго, кажучы: Госпадзе, калі хо́чаш, можаш мяне ачысьціць.

Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І адразу праказа сышла з яго.
 
І, працягнуўшы Руку, (Ён) дакрануўся яго, сказаўшы: хачу, ачысьціся, і адразу праказа зыйшла зь яго.

Але Езус загадаў яму нікому не расказваць, а пайсці, паказацца святару і скласці ахвяру за сваё ачышчэнне, як наказаў Майсей, дзеля сведчання ім.
 
І Ён загадаў яму нікому ня расказаваць, але: пайшоўшы, пакажы сябе сьвятару і прынясі (ахвяру) за ачышчэньне сваё, як загадаў Масей дзеля сьведчаньня ім.

Аднак чуткі пра Яго яшчэ больш распаўсюджваліся, і вялікае мноства людзей сыходзілася, каб слухаць Яго і атрымаць аздараўленне ад сваіх немачаў.
 
Але ўсё болей разыходзілася чутка пра Яго, і сходзілася многа народу слухаць і аздараўляцца ў Яго ад хворасьцяў сваіх.

А Ён адыходзіў у пустынныя месцы і маліўся.
 
Але Ён адыходзіў у пустэльныя (мейсцы) і маліўся.

Аднойчы, калі Езус навучаў, былі там фарысеі і кніжнікі, якія прыйшлі з усіх вёсак Галілеі і Юдэі і з Ерузалема. І моц Пана была з Ім, каб мог аздараўляць.
 
І сталася: аднаго дня Ён навучаў, і сядзелі (там) хварысэі і законавучыцелі, якія прыйшлі з усіх вёсак Галілеі і Юдэі, і Ярузаліму; і сіла Госпадава была дзеля аздараўленьня іх.

І вось людзі прынеслі на ложы паралізаванага чалавека, і спрабавалі ўнесці яго ў дом, каб пакласці перад Ім.
 
І вось мужчыны нясуць на пасьцелі чалавека, які быў спаралізаваны, і стараліся яго ўнесьці (у дом) і палажыць перад Ім.

А калі праз натоўп не змаглі пранесці яго, залезлі на дах дома і праз страху спусцілі яго з насілкамі на сярэдзіну перад Езусам.
 
І ня знайшоўшы, як пранесьці яго па прычыне натоўпу, узьлезшы на дах, і (разабраўшы) чарапіцу спусьцілі яго з пасьцельлю на сярэдзіну перад Ісусам.

Убачыўшы іх веру, Ён сказаў: «Чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае».
 
І (Ён), убачыўшы веру іхную, сказаў яму: чалавеча, дарованы табе грахі твае.

А кніжнікі і фарысеі пачалі разважаць, кажучы: «Хто ён такі, што блюзнерыць? Хто можа адпускаць грахі, калі не сам Бог?»
 
І пача́лі разважаць кніжнікі і хварысэі, кажучы: «Хто ёсьць Гэты, Каторы гаворыць блюзьнерства, хто можа дараваць грахі, акрамя як адзін Бог?»

Пазнаўшы іх думкі, Езус сказаў ім у адказ: «Як думаеце ў сэрцах вашых?
 
Ісус жа, пазнаўшы думкі іхныя, адказаўшы, сказаў ім: што (вы) думаеце ў сэрцах вашых?

Што лягчэй? Сказаць: “Адпускаюцца табе грахі твае”, ці сказаць: “Устань і хадзі”?
 
Што лягчэй сказаць: «дарованы табе грахі твае, альбо сказаць: устань і хадзі?»

Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі». І сказаў паралізаванаму: «Кажу табе: устань, вазьмі насілкі свае і ідзі да дому свайго».
 
Але каб (вы) ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — (Ён) сказаў спаралізаванаму: табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.

Той адразу, устаўшы перад імі, узяў тое, на чым ляжаў, і пайшоў да свайго дому, славячы Бога.
 
І зараз жа, устаўшы перад імі, узяў на чым ляжаў, пайшоў у дом свой, славячы Бога.

Жах ахапіў усіх, яны славілі Бога і, напоўненыя страхам, казалі: «Дзіўнае мы бачылі сёння».
 
І дрыготка апанавала ўсіх, і славілі Бога, і былі ахопленыя страхам, кажучы: «дзіўныя дзеі ўбачылі (мы) сёньня».

Выйшаўшы пасля гэтага, Езус убачыў мытніка па імені Левій, які сядзеў на мытні, і сказаў яму: «Ідзі за Мною».
 
І пасьля гэтага (Ісус) выйшаў і ўбачыў мытніка імем Левій седзячы на мытніцы і сказаў яму: ідзі за Мною.

Той пакінуў усё, устаў і пайшоў за Ім.
 
І (ён), пакінуўшы ўсё, устаўшы пайшоў за Ім.

І наладзіў Левій для Яго вялікую гасціну у сваім доме. Было там шмат мытнікаў і іншых, якія былі з імі за сталом.
 
І зрабіў Левій вялікі ўрачысты пачастунак Яму ў доме сваім; і была (там) вялікая грамада мытнікаў і іншых, якія зь імі частаваліся.

Фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы вучням Ягоным: «Чаму вы ясце і п’яце з мытнікамі і грэшнікамі?»
 
І наракалі кніжнікі іхныя і хварысэі на вучняў Ягоных, кажучы: навошта (вы) з мытнікамі і грэшнікамі ясьце і п’яце?

А Езус сказаў ім у адказ: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым.
 
І, адказаўшы, Ісус сказаў ім: ня здаровыя маюць патрэбу ў лекару, але хворыя,

Я прыйшоў заклікаць да пакаяння не праведнікаў, а грэшнікаў».
 
(Я) прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.

Яны сказалі Яму: «Вучні Янавы часта посцяць і моляцца, падобна і вучні фарысеяў, а Твае ядуць і п’юць».
 
Яны ж сказалі Яму: чаму вучні Яанавыя посьцяць часта і твораць малітвы, гэтаксама і хварысэйскія, а Твае ядуць і п’юць?

Езус адказаў ім: «Ці можаце прымусіць гасцей на вяселлі пасціць, калі з імі жаніх?
 
Ён жа сказаў ім: ці можаце (вы) прымусіць пасьціць сыноў харому вясельнага, калі зь імі Малады?

Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, тады будуць пасціць у тыя дні».
 
Але прыйдуць дні, калі будзе ўзяты ад іх Малады, тады будуць пасьціць у тыя дні.

І расказаў ім прыпавесць: «Ніхто не разрывае новай вопраткі, каб прышыць лату да старой вопраткі. Інакш і новая парвецца, і да старой не падыдзе лата ад новай.
 
Казаў жа ім і прыповесьць: ніхто ня прышывае латкі ад адзежыны новай да адзежыны старой; інакш і новае разьдзірае і да старой (адзежыны) ня падходзіць латка ад (адзежыны) новай.

І ніхто не налівае маладое віно ў старыя мяхі. Інакш маладое віно парве мяхі і само выцячэ, і мяхі прападуць.
 
І ніхто ня ўлівае віно маладое ў мяхі старыя, інакш маладое віно прарве мяхі, і само выцяча, і мяхі прападуць;

Але маладое віно трэба наліваць у новыя мяхі.
 
але віно маладое трэба ўліваць у мяхі новыя: і тады захоўваюцца тое і другое.

І ніхто, выпіўшы старога, не хоча маладога, бо кажа: “Старое лепшае!”»
 
І ніхто, выпіўшы старое (віно), ня захоча адразу маладога (віна), бо кажа: старое (віно) лепшае.