Лукаша 8 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава
Пасля гэтага Ён праходзіў па гарадах і паселішчах, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну пра Валадарства Божае. Былі з Ім Дванаццаць,
І сталася пасьля: і Ён праходзіў па местах і вёсках, прапаведуючы і дабравесьцячы Гаспадарства Боскае, і дванаццаць зь Ім,
а таксама некаторыя жанчыны, аздароўленыя ад злых духаў і хвароб: Марыя, называная Магдаленай, з якой выйшла сем злых духаў;
і нікаторыя жанчыны, якія былі аздароўлены ад злых духаў і хваробаў; Марыля, называная Магдалінай, зь якой выйшлі сем дэманаў.
Яна, жонка Хузы, чыноўніка Ірада; Зузана і шмат іншых, якія дапамагалі ім маёмасцю сваёй.
І Яанна, жонка Хузы, аканома Гірадавага, і Сусанна, і многія іншыя, якія служылі Яму з маёмасьці сваёй.
Калі сабраўся вялікі натоўп і людзі з розных гарадоў прыходзілі да Яго, Ён расказаў прыпавесць:
Калі ж сабралася мноства народу, і з (усіх) местаў жыхары зыходзіліся да Яго, (Ён) сказаў прыповесьцю:
«Выйшаў сейбіт сеяць зерне сваё. Калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго.
выйшаў сейбіт сеяць насеньне сваё; і калі ён сеяў, адно ўпала пры дарозе, і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго;
Другое ўпала на скалу і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
а іншае ўпала на камень і, узыйшоўшы, засохла, бо ня мела вільгаці;
Іншае ўпала між церняў, і разам вырасла, але церні заглушылі яго.
а іншае ўпала ў церні, і вырасьлі церні і заглушылі яго;
Іншае ўпала на добрую зямлю і, калі ўзышло, прынесла плён у сто разоў большы». Кажучы гэта, заклікаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
а іншае ўпала на добрую зямлю і, узыйшоўшы, прынесла плод стакротны. Сказаўшы гэтае, клікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
Пыталіся ў Яго вучні Ягоныя, што значыць гэтая прыпавесць.
Вучні ж Ягоныя пыталіся ў Яго, кажучы: што значыць прыповесьць гэтая?
А Ён сказаў: «Вам дадзена пазнаць таямніцу Валадарства Божага, а да астатніх гавару ў прыпавесцях, каб, гледзячы, не бачылі і, слухаючы, не разумелі.
Ён жа сказаў: вам дадзена пазнаць тайны Гаспадарства Боскага, а астатнім — у прыповесьцях, так што (яны) бачучы, ня бачаць, і чуючы ня разумеюць.
Вось што азначае гэтая прыпавесць: зерне — гэта слова Божае.
Вось што значыць прыповесьць гэтая: семя ёсьць Слова Боскае.
Што пры дарозе — гэта тыя, хто слухае, але потым прыходзіць д’ябал і забірае слова з іхняга сэрца, каб не паверылі і не збавіліся.
А што ля дарогі, гэта тыя, што слухаюць, (але) пасьля прыходзіць д’ябал і забірае Слова з сэрца іхнага, каб ня паверылі і ня былі выратаваныя;
Што на скале — гэта тыя, хто пачуе і з радасцю прымае слова, але не мае кораня. Яны вераць часова, а ў пару выпрабавання адыходзяць.
а (упала) на камень — гэта тыя, што калі пачулі Слова дык з радасьцяй прыймаюць, ды ня маюць караня, і часова вераць, а ў час выпрабаваньня адпадаюць;
Што ўпала ў церні — гэта тыя, хто чуе, аднак турботы, багацце і ўцехі жыцця паглынаюць іх, і яны не прыносяць плёну.
а што ўпала ў церні — гэта тыя, што пачулі, але турботамі, багацьцем і ўцехамі жыцьця, адыходзячы, заглушаюцца і ня даюць плёну.
А што на добрай зямлі — гэта тыя, хто, пачуўшы слова, захоўвае яго ў добрым і чыстым сэрцы і прыносіць у цярплівасці плён.
Тыя ж (што пасеяны) на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы Слова, захоўваюць у добрым і чыстым сэрцы і даюць плён у цярплівасьці.
Ніхто, запаліўшы светач, не накрывае яго пасудзінай і не ставіць пад ложак, але ставіць яго на свечніку, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло.
Ніхто, запаліўшы сьветач, ня прыкрывае яго судзінаю, або ня ставіць пад ложак, але ставіць на падстаўку пад сьветач, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі сьвятло.
Бо няма нічога схаванага, што б не стала яўным, і нічога таемнага, пра што б не стала вядома і што б не выявілася.
Бо няма нічога таемнага, што б ня выявілася, ні ўкрытага, што б ня сталася вядомым і ня выйшла б вонкі.
Таму зважайце, як слухаеце. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што, як здаецца яму, ён мае».
Назірайце ж (за тым), як (вы) слухаеце: бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што ён думае мець.
Прыйшлі да Яго Маці Ягоная і браты Ягоныя. І не маглі наблізіцца да Яго з-за натоўпу.
І прыйшлі да Яго маці і браты Ягоныя, і ня маглі даступіцца да Яго з-за натоўпу.
Тады паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы ўбачыць Цябе».
І паведамíлі Яму, кажучы: маці Твая і браты Твае стаяць на дварэ, жадаючы Цябе бачыць.
Ён сказаў ім у адказ: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго».
Ён жа, адказаўшы, сказаў ім: маці Мая і браты Мае — гэта тыя, што слухаюць Слова Боскае і выпаўняюць Яго.
У адзін з тых дзён Ён увайшоў у човен, а за Ім вучні Яго. І сказаў ім: «Пераправімся на другі бок возера». І адплылі.
І сталася ў адзін з тых дзён: Ён увайшоў у човен з вучнямі Сваімі і сказаў ім: пераплывём на той бок возера. І адплылі.
Пакуль плылі, Ён заснуў. І паднялася на возеры бура ад ветру, і човен стаў залівацца вадой, і яны апынуліся ў небяспецы.
Калі ж яны плылі, (Ён) заснуў. На возеры падняўся бурны вецер, і залівала іх, і былі (яны) у небясьпецы.
Тады вучні падышлі да Езуса, абудзілі Яго і сказалі: «Настаўнік, Настаўнік, мы гінем!» Ён падняўся і загадаў ветру і хвалям — і яны спыніліся, і настала ціша.
І, падыйшоўшы, разбудзілі Яго, кажучы: Настаўнік! Настаўнік! (мы) гінем. Але Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляваньню вады; і супакоіліся, і сталася ціша.
Тады сказаў ім: «Дзе ваша вера?» Яны, спалоханыя, дзівіліся, кажучы адзін аднаму: «Хто ж Ён такі, што загадвае вятрам і вадзе, і яны Яго слухаюцца?»
Тады (Ён) сказаў ім: дзе вера вашая? спалохаўшыся ж, (яны) зьдзівіліся, гаворачы між сабою: Хто (ж) тады Ён ёсьць, што і вятрам загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?
І прыплылі яны ў край геразенаў, што насупраць Галілеі.
І прыплылі ў зямлю Гадарынскую, што насупраць Галілеі.
Калі ж Ён выйшаў на сушу, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, які быў апанаваны злым духам, з даўняга часу не апранаў адзенне і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах.
(Калі) ж Ён выйшаў на бераг, спаткаў Яго нейкі мужчына зь места, які меў дэманаў з даўных часоў, і адзеньня ня апранаў, і ў доме ня жыў, але ў магілах.
Убачыўшы Езуса, ён упаў перад Ім і гучна закрычаў: «Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Прашу Цябе, не муч мяне».
Угледзіўшы ж Ісуса, і, закрычаўшы, паваліўся перад Ім і моцным голасам сказаў: што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Найвышэйшага? Малю Цябе, ня муч мяне.
Бо Езус загадаў нячыстаму духу выйсці з гэтага чалавека, таму што той доўгі час мучыў яго, так што звязвалі ланцугамі і трымалі ў кайданах яго, але ён разрываў путы і злы дух гнаў яго на пустынныя месцы.
Бо (Ісус) загадаў нячыстаму духу выйсьці з гэтага чалавека; бо (ён) доўгі час ухапляваў яго; і зьвязвалі яго ланцугамі і кандаламі; і старажылі (яго), але разрываючы вязі (ён) быў гнаны дэманам у пустэльні.
Езус спытаўся ў яго: «Як тваё імя?» Той адказаў: «Легіён», бо шмат злых духаў увайшло ў яго.
І спытаў яго Ісус, кажучы: як імя тваё? Ён жа сказаў: легіён, таму што шмат дэманаў увайшло ў яго.
І малілі Езуса, каб Ён не загадаў ім пайсці ў бездань.
І маліў Яго, каб ня загадаў ім ісьці ў бяздоньне.
А быў там вялікі статак свіней, якія пасвіліся на гары. І злыя духі малілі Яго, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
Там жа на гарэ пасьвіўся шматлікі гурт сьвіньняў; і (дэманы) малілі Яго, каб дазволіў ім увайсьці ў іх; і дазволіў ім.
Тады злыя духі выйшлі з чалавека і ўвайшлі ў свіней. І кінуўся статак з кручы ў возера, і патануў.
І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў сьвіньняў. І кінуўся гурт з кручы ў возера і патануў.
Пастухі, убачыўшы тое, што здарылася, уцяклі і расказалі ў горадзе і вёсках.
Пастухі ж, убачыўшы, што здарылася, уцяклі і, пайшоўшы, расказалі ў месту і сёлах.
А людзі выйшлі паглядзець, што адбылося. Прыйшлі да Езуса і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі злыя духі, сядзеў апрануты і ў розуме каля ног Езуса, і спалохаліся.
(Людзі) ж выйшлі пабачыць, што сталася, і прыйшлі да Ісуса і знайшлі чалавека, з каторага выйшлі дэманы, седзячы ля Ног Ісусавых, апранутага і пры розуме, і перапалохаліся.
Бо відавочцы расказалі ім, як быў аздароўлены апанаваны злымі духамі.
А тыя, што ўбачылі, расказалі ім як быў выратаваны апанаваны дэманамі.
Увесь люд краю геразенаў прасіў Яго пайсці ад іх, бо іх ахапіў вялікі страх. Езус увайшоў у човен і вярнуўся.
І ўпрасіў Яго ўвесь народ Гадарынскага краю адыйсьці ад іх, бо страх вялікі абдымаў іх. Ён жа, увайшоўшы ў човен, вярнуўся.
А той чалавек, з якога выйшлі злыя духі, стаў прасіць Езуса застацца з Ім. Але Ён адпусціў яго, кажучы:
Мужчына ж, зь якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць разам зь Ім, але Ісус адправіў яго, кажучы:
«Вярніся да дому свайго і раскажы ўсё, што ўчыніў табе Бог». Той пайшоў і распавёў па ўсім горадзе ўсё, што ўчыніў яму Езус.
вярніся ў дом твой і раскажы, што зрабіў табе Бог. І (ён) пайшоў, абвяшчаючы па ўсім месту, што зрабіў яму Ісус.
Калі Езус вярнуўся, натоўп прывітаў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
І сталася ж пры вяртаньні Ісуса: народ прыняў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
І вось прыйшоў чалавек, па імені Яір, які быў кіраўніком сінагогі. Ён прыпаў да ног Езуса і стаў упрошваць Яго зайсці да дому ягонага,
І вось прыйшоў мужчына па імені Яір, а быў ён начальнікам сынагогі; і, упаўшы да Ног Ісусавых, (ён) прасіў Яго ўвайсьці ў дом ягоны,
таму што яго адзіная дачка, узростам каля дванаццаці гадоў, памірала. Калі Езус пайшоў, натоўп ціснуўся да Яго.
бо ў яго была адзіная дачка, гадоў дванаццацёх, і яна памірала. Пад час жа хады Ягонай народ ціснуўся да Яго.
І была адна жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк і растраціла ўсю маёмасць сваю на лекараў, але ніхто не мог вылечыць яе.
І жанчына, што мучылася ад крывацечы дванаццаць гадоў, якая аддала на лекараў усю маёмасьць сваю, ды ніводзін ня мог вылячыць (яе),
Яна, падышоўшы ззаду да Езуса, дакранулася да краю плашча Ягонага, і адразу ж спыніўся крывацёк у яе.
падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Ягонай, і ў той жа час крывацеча ў яе спынілася.
А Езус спытаўся: «Хто дакрануўся да Мяне?» Калі ж усе адмаўлялі, Пётр сказаў: «Настаўнік, народ тоўпіцца вакол Цябе і цісне».
І сказаў Ісус: хто дакрануўся да Мяне? Калі ж усе адмаўляліся, Пётра і тыя, што зь Ім былі, сказалі: Настаўнік! Народ абступае Цябе і націскае, а (Ты) кажаш: хто дакрануўся да Мяне?
Але Езус сказаў: «Хтосьці дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў, як сіла выйшла з Мяне».
Але Ісус сказаў: нехта дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, выйшаўшую зь Мяне.
Тады жанчына, убачыўшы, што яна не ўтаілася, з трымценнем падышла і, упаўшы перад Ім, прызналася перад усімі людзьмі, чаму дакранулася да Яго і як адразу выздаравела.
Жанчына ж, убачыўшы, што ня ўтаілася, дрыжучы падыйшла і, упаўшы перад Ім, паведаміла Яму перад усім народам зь якой прычыны дакранулася да Яго і як адразу паздаравела.
Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі».
Ён жа сказаў ёй: бадзёрся, дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.
Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў нехта з дому ад кіраўніка сінагогі і сказаў: «Твая дачка памерла, больш не турбуй Настаўніка».
Яшчэ Ён гаворыць, як прыходзіць нехта (з дому) начальніка сынагогі, кажучы яму: дачка твая памерла. Ня турбуй Настаўніка.
Але Езус, пачуўшы гэта, адказаў яму: «Не бойся, толькі вер — і яна будзе ўратаваная».
Ісус жа, пачуўшы (гэтае), сказаў яму, гаворачы: ня бойся, толькі вер, і (яна) будзе ўратаваная.
Прыйшоўшы ў дом, Ён не пусціў з сабой нікога, акрамя Пятра, Яна і Якуба, бацькі і маці дзяўчынкі.
Прыйшоўшы ж у дом (Ён) ня дазволіў увайсьці нікому, апрача Пятра, і Якуба, і Яана і бацькі ды маткі дзяўчыны.
І ўсе галасілі і смуткавалі па ёй. Але Ён сказаў: «Не плачце, яна не памерла, а спіць».
Усе ж плакалі і галасілі па ёй. Але Ён сказаў: ня плачце; (яна) ня памерла, але сьпіць.
Насміхаліся з Яго, бо ведалі, што яна памерла.
І насьмяхаліся зь Яго, ведаючы, што (яна) памерла.
Тады Ён, узяўшы яе за руку, паклікаў яе: «Дзяўчынка, устань!»
Ён жа, выслаўшы ўсіх вон і ўзяўшы яе за руку́, усклікнуў, кажучы: Дзяўчынка! устань!
І вярнуўся дух яе. Яна адразу паднялася, а Ён загадаў даць ёй паесці.
І вярнуўся дух яе, і адразу паднялася; і (Ён) загадаў даць ёй есьці.
Здзівіліся бацькі яе. А Езус наказаў ім нікому не расказваць, што адбылося.
І былі моцна ўражаны бацькí яе. Ён жа загадаў ім нікому ня гаварыць пра тое, што сталася.