Да Каласянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Вітаўта Тумаша
Гаспадары, будзьце справядлівымі і непрадузятымі да нявольнікаў, ведаючы, што і вы маеце Пана ў небе.
Непахісна трывайце ў малітве, чуваючы на ёй з падзякаю.
У той жа час маліцеся і за нас, каб Бог адчыніў нам дзверы слова для абвяшчэння таямніцы Хрыстовай, дзеля якой я і зняволены,
каб адкрываць яе так, як мне належыць абвяшчаць.
Мудра паводзьце сябе ў дачыненні да тых, хто звонку, выкарыстоўваючы нагоду.
Няхай слова вашае заўсёды будзе ласкавае, прыпраўленае соллю, каб вы ведалі, як трэба кожнаму адказваць.
Пра мяне ўсё раскажа вам Тыхік, мой умілаваны брат, верны слуга і супольнік у Пану.
Я паслаў яго да вас, каб вы даведаліся пра нашыя справы і каб ён падбадзёрыў вашыя сэрцы,
а разам з ім і Анэзіма, вернага і ўмілаванага брата, аднаго з вас. Яны раскажуць вам усё, што тут адбываецца.
Вітаюць вас Арыстарх, мой сувязень, і Марк, стрыечны брат Барнабы (наконт яго вы атрымалі наказы; калі ён прыйдзе да вас, прыміце яго),
а таксама Езус, якога завуць Юстам. Яны паходзяць з абрэзаных. Будучы маімі адзінымі супрацоўнікамі ў справе Божага Валадарства, яны сталі для мяне суцяшэннем.
Вітае вас Эпафрас, адзін з вас, слуга Езуса Хрыста. Ён заўсёды змагаецца за вас у малітвах, каб вы сталі дасканалымі і напоўніліся ўсялякаю Божаю воляю.
Я сведчу пра яго, што ён вельмі клапоціцца пра вас, а таксама пра тых, хто ў Лаадыкеі і Гіерапалісе.
Вітае вас Лука, умілаваны лекар, і Дэмас.
Прывітайце братоў маіх у Лаадыкеі і Німфа, а таксама тых, хто збіраецца ў ягоным доме.
Калі ў вас будзе прачытаны гэты ліст, то зрабіце так, каб яго прачыталі і ў Лаадыкейскім Касцёле, а той, што з Лаадыкеі, прачытайце і вы.
І скажыце Архіпу: «Глядзі, каб выканаў служэнне, якое прыняў ад Пана».
Гэта маё, Паўла, уласнаручнае прывітанне. Памятайце пра мае кайданы. Ласка з вамі.