2 да Карынфянаў 10 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Сам-жа я, Паўла, што асабіста між вамі ціхі, а завочна адважны супраць вас, малю вас лагоднасьцяй і паблажлівасьцяй Хрыстовай;
Дарэчы я сам, Павал, перасьцерагаю вас праз ціхасьць і ласкавасьць Хрыстову, вось я, у вас быў уважаны вамі за пакорнага, а цяпер далёкі ад вас залішня суровага да вас.
прашу-ж, каб мне́, як буду між вамі, ня быць адважным з тэй упэўненасьцяй, з якой думаю адважыцца супраць некаторых, што лічаць нас так, як быццам мы ходзім водле це́ла.
Дык вось малю вас, каб як прыбуду ня змушаны быў ужыць срогасьці, за якою манюся аднесьціся да тых, каторыя ўважаюць, што паступаем мы паводле цела.
Бо мы, ходзячы ў це́ле, не́ водле це́ла ваюем,
Бо хоць мы жывём у целе, але не ваюем цялесна.
(бо збро́я змаганьня нашага не цяле́сная, але дужа́я Богам на зруйнаваньне цьвярдыняў),
Наша вось зброя баявая не цялесная, але моц Божая да нішчэньня крэпасьцяў, да нішчэньня хітрыкаў.
руйнуючы за́мыслы і ўсякае вывышшаньне, што паўстае́ проці пазнаньня Божага, і бяручы́ ў палон усякае памышле́ньне на послух Хрысту,
Ды ўсякую пыху (пыхлівасьць) выступаючаю проціў пазнаньня Бога ды ўсякі розум накланяем слухаць Хрыста.
і гатовыя аддмсьціць за кожную непаслухмянасьць, калі ваш послух вы́паўніцца.
Пры тым гатовыя пакараць непаслухмянасьць кожнага, калі паслухмянасьць вашая станецца дасканалай.
Ці на аблічча глядзіцё? Хто пэўны ў сабе́, што ён Хрыстоў, той сам па сабе́ няхай разважае, што, як ён Хрыстоў, гэтак і мы Хрыстовыя.
Гляньце праўдзе ў вочы! Калі хто ўважае, што ён Хрыстоў, дык хай узважа тое, што і мы таксама як ён — Хрыстовыя.
Бо, каб я і бале́й стаў хваліцца нашай уладай, якую Госпад даў нам на збудаваньне, а не на зьніштажэньне вашае, дык не асароміўся бы.
Не было б мне сорамна, калі б я захацеў пахваліцца тою ўладаю, каторую нам удзяліў Госпад на будаваньне вас, а не на нішчэньне.
Каб не здалося, быццам я палохаю вас пасланьнямі,
На жаль, не хацеў бы вас палохаць лістамі.
бо, скажуць, пасланьні важкія і сільныя, а бытнасьць це́ла бяссільная і слова няважкае.
Яны кажуць: "Лісты важныя і жорсткія (грозныя)", выгляд жа цела просты і мова звычайная"
Гэтакі няхай ве́дае тое, што, якія мы словам у пасланьнях, ня будучы, гэткія і дзе́лам, будучы.
хто так думае, хай ведае, што якія мы здалёка і ў словах, такімі такжа будзем у дзейнасьці ў вас.
Бо мы не адважаемся стаўляць сябе́ побач ці раўнаваць з тымі, якія самі сябе́ выстаўляюць: тыя, што ме́раюць сябе́ самымі сабою і раўнуюць сябе́ з сабою, неразумныя.
Мы ня маем адвагі (не сьмееем), ані раўняцца, ані супастаўляцца з тымі, што самі сябе хваляць, выстаўляюць. Бо яны мераюць сябе меркай сваёй асобы, раўняючы сябе з сабой, гэтак не выказваюць вялікага розуму (бязглуздна).
А мы не бяз ме́ры хваліцца будзем, але ў ме́ру ме́ркі, што назначыў нам Бог ме́рыць, каб дасягнуць і да вас.
Ня будзем выносіцца, хваліцца над меру, але будзем цаніць сябе ў межах вызначаных нам Богам і дакранаючыся вас.
Бо мы ня так, як быццам недасягнуўшыя да вас, лішне цягнемся: бо-ж дасяглі й Эвангельлем.
Не пераходзім належнай меры, як тыя, што да вас яшчэ не дайшлі, мы дайшлі да вас з Эвангеліяй Хрыста.
Мы не бяз ме́ры хвалімся чужою працаю, але спадзяе́мся, што з узрастаньнем ве́ры вашай з лішкам узьвялічымся і мы ў вас водле ме́ркі нашае,
Ня хвалімся лішня коштам іншых трудоў. Спадзяёмся аднак, што з узростам вашай веры, мы таксама ўзрастаць будзем па нашай меры.
каб і дале́й вас навучаць Эвангельля, а не хваліцца прыгатаваным чужой ме́ркай.
Мы панясём Эвангелію за вашыя рубяжы, не хвалячыся тым, што было ўжо зроблена іншымі.
Бо, хто хваліцца, няхай хваліцца Госпадам (Ерамія 9:24).
Хто хваліцца, хай у Госпаду хваліцца".
Бо ня той варты, хто сам сябе́ хваліць, але каго хваліць Госпад.
Бо ня той выпрабаваны (дасканалы), хто сам сябе хваліць, але той, каго Бог пахваліць.