2 да Карынфянаў 6 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Мы-ж, як памочнікі, молім вас, каб ласка Божая не надарма́ была прынята вамі.
 
Мы як супрацоўнікі Божыя (Хрыстовыя) перасьцерагаем вас: каб вы не марнавалі (надарма не прымаем) ласкі Божай:

(Бо сказана: у час прые́мны Я выслухаў цябе́ і ў дзе́нь збаўле́ньня памог табе́ (Ісая 49:8). Вось і цяпе́р час прые́мны, вось цяпе́р дзе́нь збаўле́ньня!)
 
Ён кажа: "У час адпаведны (прыдатны) выслухаў Я Цябе ды ў дзень збаўленьня ўспамог Цябе". Вось цяпер пажаданы час, вось жа цяпер дзень збаўленьня!

Мы нікому не кладзе́м ніякага спаткне́ньня, каб ня было зьняважа́на служэньне.
 
Не даючы нікому магчамасьці горшыцца, каб не высьмеялі (нашай) паслугі, наадварот

Але ў-ва ўсім выяўляем сябе́, як служкі Божыя, у вялікай цярплівасьці, у горы, у недастатках, у ўціску,
 
аказваемся слугамі Бога ўсім: праз вялікаю цярплівасьць, у бядзе, у недастатках, у ўцісках,

пад ударамі, у вастрогах, у выгнаньні, у працы, у чуваньні, у пастох,
 
у нешчасьцях, у вязніцах, у бунтах, у трудох, у недаспаннях, у пастах,

у чыстасьці, у мудрасьці, у ве́лічы душы, у дабраце́, у Духу Сьвятым, у любві некрывадушнай,
 
у чыстасці, у мудрасьці, у вялікадушшах, у дабраце, у Духу Сьвятым, у шчырай любові,

у слове праўды, у сіле Божай, з зброяй праўды ў правай і ў ле́вай руцэ,
 
у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй праўды ў правай і левай руцэ,

праз славу й ганьбу, заганы й пахвалы; нібы ашуканцы, ды справядлівыя,
 
у пашане (у чэсьці) і ў ганьбе, у добрай і ліхой славе, як звадыяшы, а ўсёж тыкі праўдамоўныя, быццам няведамыя, а ўсёж добра вядомыя,

як няве́дамыя, але пазнаваныя; як паміраючыя, ды вось жыве́м; як кара́ныя, ды не забіваныя;
 
быццам ўміраючыя, а вось жывём, быццам караныя, але не замораныя,

як засмуча́ныя, ды заўсёды вясёлыя; як жабракі, ды многіх збагачаючыя; як нічога ня маючыя, ды ўсім валадаючыя.
 
як бы сумныя але заўжды вясёлыя, быццам убогія, а ўсё ж узбагачаючыя многіх, як тыя, што нічога ня маючыя, а ўсё маючыя.

Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карыньцяне, сэрца нашае расшырана.
 
Вусны нашыя адкрыліся да вас, Карынтыяне, нашае сэрца расшырылася.

Вам ня це́сна ў нас, але ў сэрцах вашых це́сна.
 
Вам ня цесна ў нас, цесна — у вашых сэрцах.

Дзеля гэткае-ж заплаты (кажу, як дзецям,) пашы́рцеся і вы.
 
Адгаджаючыся нам у той сам спосаб, адкрыйцеся і вы як да сваіх дзяцей гавару.

Не хадзе́це пад чужым ярмом з няве́рнымі; бо якая лучнасьць праведнасьці з беззаконьнем? Што супольнага ў сьвятла́ ды з це́мраю?
 
Не запрагайцеся з няверучымі пад адно ярмо. Бо што мае супольнага справядлівасьць з несправядлівасьцю? Або якая супольнасьць сьвятла з цемраю?

Што за згода між Хрыстом і Вэліалам? Ці якая частка ве́рнаму з няве́рным?
 
Альбо якая супольнасьць Хрыста з Беліярам, або веручага з няверучым?

Дык якая супольнасьць храму Божаму з ідальскім? Бо вы — храм Бога Жывога, як сказаў Бог: Пасялюся ў іх і хадзіць буду; і буду Богам іхнім, і яны народ Мне́ будуць (Лявіт 25:16).
 
Або наастатак якая лучнасьць сьвятыні Божай з ідаламі? Бо вы яўляецеся сьвятыняй — храмам Бога Жывога, як кажа Бог: "Пасялюся ў іх і буду хадзіць сярод іх, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам".

Дзеля гэтага выйдзіце спасярод іх і адлучыцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас (Ісая 52:11);
 
Таму выйдзіце спаміж іх і адлучыцеся ад іх — кажа Госпад, і не дакранайцеся да нічога нячыстага, а Я вас прыму

І буду вам за Айца, і вы будзеце Мне́ за сыно́ў і дачо́к, — кажа Госпад Уседзяржыцель (Ерамія 3:19; Осія 1:11).
 
і буду вам Айцом, а вы будзеце маімі сынамі і дочкамі — кажа Госпад Усёмагутны.