Адкрыцьцё 12 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2002
І знак вялізны паказаўся на не́бе: жанчына, апра́неная ў сонца, і ме́сяц пад нагамі ў яе́, і на галаве яе́ вянок із дванаццацёх зорак.
І, быўшы ўцяжку, крычэла ад болю і мукаў радзільных.
І паказаўся другі знак на не́бе: вось зьме́й вялізарны, як агонь чырвоны, з сямёма галовамі й дзесяцьма́ рагамі, і на галовах яго се́м дыадэмаў;
і хвост ягоны ўвалок траціну зорак з не́ба ды кінуў іх на зямлю. І зьме́й стануў перад жанчынай, што ме́лася радзíць, каб, як уродзе, зжэрці дзіця яе́.
І ўрадзíла сына, хлопчыка, што ма́е пасьвіць усе́ народы па́ліцай зяле́знай; і ўзята дзіця́тка яе́ да Бога й пасаду Ягонага,
і жанчына ўцякла ў пустыню, дзе ма́е ме́сца, ад Бога прыгатаванае, каб кармілі яе́ тамака тысяча дзьве́сьце шэсьцьдзесят дзён.
І ўзьнялася вайна на не́бе: Міха́л і Ангелы ягоныя ваявалі са зьме́ем, і зьме́й ваяваў ды ягоныя Ангелы,
ды не асілілі, і не знайшлося ўжо ме́сца для іх на не́бе.
І скінены быў той зьме́й вялізарны, вужака стараве́чны, называны д’ябалам і сатаной, што зводзе з дарогі простай усе́нькі сьве́т, — скінены на зямлю, і з ім разам скінены ангелы ягоныя.
І пачуў я голас вялікі, мовячы ў не́бе: Цяпе́р настала спасе́ньне і сіла і царства Бога нашага, ды ўлада Хрыста Ягонага: бо скінены паклёпнік на братоў нашых, што дзе́нь і ноч вінаваціў іх брахліва перад Богам нашым.
І яны перамаглі яго Крывёю Ягняці і словам сьве́дчаньня свайго ды ня ўлюбілі душ сваіх ажно да сьме́рці.
Дзеля гэтага радуйцеся, нябёсы і тыя, што жывуць у іх! Гора жы́харам зямлі і мора, бо зыйшоў да вас д’ябал у гне́ве вялікім, ве́даючы, што ня шмат ма́е часу.
І, як угле́дзіў зьме́й, што ён скінены на зямлю, пачаў ён перасьле́даваць жанчыну, што ўрадзіла хлапчанё.
І да́дзены жанчыне двое крыльляў вялікага арла, каб ляце́ла ў пустыню на ме́сца сваё ад аблічча вужакі, дзе-б кармілася пару́, по́ры ды паўпары́.
І пусьціў вужака за жанчынай ваду із роту свайго, быццам раку́, каб рака́ пане́сла яе́.
І памагла жанчыне зямля, і расчыніла зямля вусны свае́ ды праглынула раку́, што пусьціў зьме́й із роту свайго.
І раз’юшыўся зьме́й на жанчыну і пайшоў ваяваць з рэштай із насе́ньня яе́, што захоўваюць за́паведзі Божыя і маюць сьве́дчаньне Ісуса Хрыста.