Да Рымлянаў 14 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Слабога ў веры прымайце не на спрэчкі аб паглядах.
Слабога ў веры прымайце без спрэчак пра погляды.
Бо іншы ве́рыць, што (можна) е́сьці ўсё, а слабы е́сьць гародніну.
Бо адзін верыць, што [можна] есці ўсё, а слабы есць гародніну.
Хто е́сьць, не дакарай таго, хто ня е́сьць; і хто ня е́сьць, не асуджай таго, хто е́сьць: бо Бог прыняў яго.
Той, хто есць, хай не грэбуе тым, які не есць; і той, хто не есць, хай не асуджае таго, хто есць, бо Бог яго прыняў.
Хто ты, што судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром стаіць ён, або па́дае; і ўстаіць, бо Бог дуж паставіць яго.
Хто ты такі, што судзіш чужога паслугача? Перад Сваім Валадаром ён стаіць ці падае; і будзе стаяць, бо яго Бог мае моц паставіць яго.
Іншы адрозьнівае дзе́нь ад дня, а іншы судзіць (аднолькава) кожны дзе́нь. Кожны будзь пэўны ў сваім розуме.
Адзін адрознівае дзень ад дня, для іншага кожны дзень аднолькавы; хай кожны застаецца пры сваім розуме.
Хто адрозьнівае дні, дзеля Госпада адрозьнівае; і хто не адрозьнівае дзён, дзеля Госпада не адрозьнівае. Хто е́сьць, дзеля Госпада е́сьць, бо дзякуе Богу. І хто ня е́сьць, дзеля Госпада ня е́сьць, ды дзякуе Богу.
Хто адрознівае дні, адрознівае іх дзеля Госпада; і хто не адрознівае дзень, дзеля Госпада не адрознівае. І хто есць, есць дзеля Госпада, бо Богу дзякуе; і хто не есць, не есць дзеля Госпада і дзякуе Богу.
Бо ніхто з нас ня жыве́ для сябе́, і ніхто ця ўмірае для сябе́;
Ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе.
бо, калі жыве́м, для Госпада жывем, калі-ж уміраем — для Госпада ўміраем. І дзеля гэтага — ці жыве́м, ці ўміраем, мы — Гасподнія.
Дык калі жывём, жывём для Госпада; калі ж паміраем, паміраем для Госпада. Таму, вось, ці жывём, ці паміраем, належым Госпаду.
Бо Хрыстос дзеля таго і памёр, і ўваскрос, і ажыў, каб валадаць і мёртвымі, і жывымі.
На тое бо Хрыстос памёр, і ўваскрос, і ажыў, каб валадарыць і над жывымі, і над памерлымі.
А ты чаго судзіш брата свайго? Або й ты, што паніжаеш брата свайго? Бо ўсе́ мы станем на суд Хрыстовы.
Дык чаму ты судзіш брата твайго? Або чаму пагарджаеш братам тваім? Бо ўсе мы станем перад судом Хрыста.
Бо напісана: Я жыву, — кажа Госпад, — перада Мною суклоніцца ўсякае кале́на, і ўсякі язык вызнаваць будзе Бога (Ісая 45:23).
Напісана ж: «Жыву Я, — кажа Госпад, — перада Мною сагнецца кожнае калена ды кожны язык будзе вызнаваць Бога».
Дык вось кожны з нас за сябе́ дасьць справаздачу Богу.
Так вось кожны з нас за сябе здасць справаздачу Богу.
Ня будзем жа бале́й судзіць адзін аднаго, а ле́пей судзіце аб тым, каб як ня класьці брату спаткне́ньня ці спакусы.
Дык не будзем болей судзіць адзін аднаго, а лепш падумаем, каб не прыносіць брату ўпадку або згаршэння.
Я ве́даю і пэўны ў Госпадзе Ісусе, што нішто праз сябе́ не нячыста; толькі таму, кто лічыць што-не́будзь нячыстым, — таму нячыста.
Я ведаю і перакананы ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога, што само ў сабе нячыстае, а толькі для таго нячыстае, хто лічыць гэта нячыстым.
Калі-ж цераз страву сумуе брат твой, дык ты ўжо не паводле любві ходзіш; ня губі твае́й страваю таго, за каго паме́р Хрыстос.
Калі ж дзеля стравы засмучаеш брата свайго, то ты не кіруешся любоўю. Таму не губі страваю сваёй таго, за каго памёр Хрыстос!
Дык няхай не зьняважа́ецца вашае добрае.
Дык хай не будзе зняважана дабро ваша!
Бо царства Божае ня е́жа і піцьцё, але праведнасьць і мір і радасьці ў Духу Сьвятым.
Бо Валадарства Божае — гэта не ежа або пітво, але справядлівасць і супакой ды радасць у Духу Святым.
Бо хто ў гэтым служыць Хрысту, той угодны Богу і паважаны людзьмі.
Бо хто гэтым служыць Хрысту, той падабаецца Богу і даспадобы людзям.
Дык вось будзеш шукаць таго, што служыць дзеля міру і ўзаемнага збудаваньня.
Дык будзем дбаць пра тое, што вядзе да супакою ды ўзаемнага збудавання.
Дзеля е́жы ня нішчы дзе́ла Божага: усё чыста, але блага чалаве́ку, які е́сьць праз спакусу.
Таму не руйнуй справы Божай дзеля ежы! Па праўдзе ўсё чыстае, але гора чалавеку, які есць на перашкоду.
Добра ня е́сьці мяса, ня піць віна і не рабіць (такога), ад чаго брат твой спатыкаецца, ці спакушаецца, ці зьнямагае.
Добра не есці мяса, не піць віна ды не рабіць таго, што шкодзіць брату твайму, ці згаршае яго, ці ў чым ён мае слабасць.
Ты маеш ве́ру? Ме́й сам у сабе́ перад Богам. Шчасьлівы, хто не асуджае сябе́ ў тым, што́ шануе.
Сваю веру захавай у сабе і май перад Богам. Шчасны той, хто не асуджае сябе ў тым, што прызнае.
А хто сумляваецца, калі е́сьць, асуджае сябе́, што не па ве́ры; а ўсё, што не па ве́ры, грэх.
А хто сумняваецца, той, калі есць, сябе асуджае, бо робіць не па веры. А ўсё, што не па веры, ёсць грэх.