Да Рымлянаў 14 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
Слабога ў веры прымайце не на спрэчкі аб паглядах.
Млявых жа ў веры прыймайце ня дзеля суджэньня паглядаў.
Бо іншы ве́рыць, што (можна) е́сьці ўсё, а слабы е́сьць гародніну.
Хтось пэўны, што ён можа есьці ўсе, але слабы есьць гародніну.
Хто е́сьць, не дакарай таго, хто ня е́сьць; і хто ня е́сьць, не асуджай таго, хто е́сьць: бо Бог прыняў яго.
Хто есьць, ня май улегцы таго, хто ня есьць; а хто ня есьць, ня судзі таго, хто есьць, бо Бог прыняў яго.
Хто ты, што судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром стаіць ён, або па́дае; і ўстаіць, бо Бог дуж паставіць яго.
Хто ты, што судзіш чужога слугу? Перад сваім Спадаром стаіць ён або валіцца; і будзе пастаноўлены, бо Спадар можа пастанавіць яго.
Іншы адрозьнівае дзе́нь ад дня, а іншы судзіць (аднолькава) кожны дзе́нь. Кожны будзь пэўны ў сваім розуме.
Адзін адрозьнюе дні, другі важа кажны дзень аднолькава. Няхай кажны будзе супоўна пераканаўшыся ў сваім собскім паглядзе.
Хто адрозьнівае дні, дзеля Госпада адрозьнівае; і хто не адрозьнівае дзён, дзеля Госпада не адрозьнівае. Хто е́сьць, дзеля Госпада е́сьць, бо дзякуе Богу. І хто ня е́сьць, дзеля Госпада ня е́сьць, ды дзякуе Богу.
Хто адрозьнюе дні, дзеля Спадара адрозьнюе. І хто есьць, дзеля Спадара есьць, бо дзякуе Богу; і хто ня есьць, дзеля Спадара ня есьць і дзякуе Богу.
Бо ніхто з нас ня жыве́ для сябе́, і ніхто ця ўмірае для сябе́;
Бо ніхто з нас ня жывець сам дзеля сябе, і ніхто не памірае сам дзеля сябе;
бо, калі жыве́м, для Госпада жывем, калі-ж уміраем — для Госпада ўміраем. І дзеля гэтага — ці жыве́м, ці ўміраем, мы — Гасподнія.
Бо ці жывем, дзеля Спадара жывем, ці паміраем, дзеля Спадара паміраем. І затым ці жывем, ці паміраем — мы Спадаровы.
Бо Хрыстос дзеля таго і памёр, і ўваскрос, і ажыў, каб валадаць і мёртвымі, і жывымі.
Бо Хрыстос дзеля таго памер і жывець, каб радзіць мертвых і жывых.
А ты чаго судзіш брата свайго? Або й ты, што паніжаеш брата свайго? Бо ўсе́ мы станем на суд Хрыстовы.
А ты чаму судзіш брата свайго? Або ізноў, чаму ўлегцы маеш брата свайго? Мы ж усі станем перад судовым пасадам Хрыстовым.
Бо напісана: Я жыву, — кажа Госпад, — перада Мною суклоніцца ўсякае кале́на, і ўсякі язык вызнаваць будзе Бога (Ісая 45:23).
Бо напісана: «Жыў Я, кажа Спадар, перад Імною ўклякне кажнае калена, і кажны язык будзе вызнаваць Бога».
Дык вось кожны з нас за сябе́ дасьць справаздачу Богу.
Дык кажны з нас здасьць лічбу за сябе Богу.
Ня будзем жа бале́й судзіць адзін аднаго, а ле́пей судзіце аб тым, каб як ня класьці брату спаткне́ньня ці спакусы.
Ня судзіма болей адзін аднаго, але валей на тое ўважайце, каб ня класьці брату спатыкненьня альбо спадману.
Я ве́даю і пэўны ў Госпадзе Ісусе, што нішто праз сябе́ не нячыста; толькі таму, кто лічыць што-не́будзь нячыстым, — таму нячыста.
Я ведаю і пераканаўшыся ў Ісусу Хрысту, што няма нічога ў сабе самым нячыстага, адно хто ўважае што-колечы за нячыстае, таму нячыстае.
Калі-ж цераз страву сумуе брат твой, дык ты ўжо не паводле любві ходзіш; ня губі твае́й страваю таго, за каго паме́р Хрыстос.
Бо калі за ежу немарасьціцца брат твой, ты ўжо ня подле міласьці абходзішся. Ня губі сваёй ежаю таго, за каго Хрыстос памер.
Дык няхай не зьняважа́ецца вашае добрае.
Няхай ня будзе блявузґана на ваша добрае.
Бо царства Божае ня е́жа і піцьцё, але праведнасьць і мір і радасьці ў Духу Сьвятым.
Бо гаспадарства Божае ня ежа ані піценьне, але справядлівасьць а супакой а радасьць у Духу Сьвятым.
Бо хто ў гэтым служыць Хрысту, той угодны Богу і паважаны людзьмі.
Бо, хто гэтым служа Хрысту, тый любы Богу й прызнаны людзьмі.
Дык вось будзеш шукаць таго, што служыць дзеля міру і ўзаемнага збудаваньня.
Дык будзем імкнуцца да тога, што служа супакою а ўзаемнаму збудаваньню.
Дзеля е́жы ня нішчы дзе́ла Божага: усё чыста, але блага чалаве́ку, які е́сьць праз спакусу.
Дзеля ежы ня бурай справы Божае. Усе чыстае, але блага людзіне, каторая есьць на спадману.
Добра ня е́сьці мяса, ня піць віна і не рабіць (такога), ад чаго брат твой спатыкаецца, ці спакушаецца, ці зьнямагае.
Добра ня есьці мяса, ані піць віна, ані рабіць чаго-колечы, ад чаго брат твой спатыкаецца, альбо спадманяецца, альбо слабянее.
Ты маеш ве́ру? Ме́й сам у сабе́ перад Богам. Шчасьлівы, хто не асуджае сябе́ ў тым, што́ шануе.
Маеш ты веру? май сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы, каторы ня судзе сябе самога ў тым, што прызнаець сабе за добрае.
А хто сумляваецца, калі е́сьць, асуджае сябе́, што не па ве́ры; а ўсё, што не па ве́ры, грэх.
Але тый, што сумляецца, як есьць, будзе засуджаны, бо ня зь веры; а што-колечы ня зь веры, грэх.