Адкрыцьцё 8 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
І, як зьняло Яно семую пячаць, настала маўчаньне на не́бе блізу на паўгадзіны.
І калі Ён зняў сёмую пячатку, настала ў небе маўчанне каля паўгадзіны.
І ўгле́дзіў я се́м ангелаў, што стаялі перад Богам, і да́дзены ім се́м труб.
І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і дадзена было ім сем труб.
І прыйшоў іншы ангел, і стануў перад ахвярнікам, маючы кадзільню залатую; і далі яму багата пахнідлаў, каб паклаў з малітвамі ўсіх сьвятых на залаты ахвярнік, што перад пасадам.
І выступіў іншы анёл, і стаў перад ахвярнікам, трымаючы залатую кадзільніцу, і дадзена было яму шмат фіміяму, каб з малітвамі ўсіх святых узнёс іх на залаты ахвярнік, які перад пасадам.
І ўзьняўся перад Богам дым ад пахнідлаў з малітвамі сьвятых із рукі ангела.
І падняўся дым фіміяму разам з малітвамі святых з рукі анёла перад Богам.
І ўзяў ангел кадзільню й напоўніў яе́ агнём з ахвярніку ды кінуў на зямлю; і сталіся галасы́, і грымоты, і маланкі, і трасе́ньне.
І ўзяў анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з ахвярніка, і кінуў на зямлю; і сталіся грымоты, і галасы, і маланкі, і землятрус.
І се́м ангелаў, што ме́лі се́м труб, нарыхтаваліся трубіць.
І сем анёлаў, што мелі сем труб, нарыхтаваліся, каб трубіць.
І затрубіў пе́ршы Ангел, і стаўся град і агонь, зьме́шаныя з крывёю, і вы́палі на зямлю; і траціна дзярэў згарэла, і ўся трава зялёная вы́гарэла.
І першы анёл затрубіў. І стаўся град і агонь, змяшаны з крывёй, і былі кінуты на зямлю. І трэцяя частка зямлі згарэла, і трэцяя частка дрэў спалымнела, і ўся трава зялёная згарэла.
І затрубіў другі Ангел, і быццам гара́ вялізарная, пала́ючая агнём, звалілася ў мора; і траціна мора сталася крывёй;
І другі анёл затрубіў. І тады быццам велізарная гара, што палымнее агнём, кінута была ў мора. І трэцяя частка мора сталася крывёй,
і вы́мерла траціна стварэньняў у моры, што ме́лі дух, і траціна судзен пагібла.
і трэцяя частка марскіх істот, што мелі душы, вымерла, і трэцяя частка караблёў загінула.
І трэці Ангел затрубіў, і звалілася з не́ба вялізная зорка, як паходня пала́ючая, і ўпала на траціну рэк ды на крыніцы водаў;
І затрубіў трэці анёл. І зляцела з неба велізарная зорка, якая палымнела, як паходня, і ўпала яна на трэцюю частку рэк і крыніц водных.
і імя зоркі чытаецца Палы́н; і траціна водаў перакінулася ў палын, і многа людзе́й паме́рла ад тых водаў, бо прагорклі.
І назва той зоркі чытаецца Палын. І трэцяя частка водаў ператварылася ў палын, і многа людзей паўмірала ад той вады, бо вельмі была горкая.
І чацьве́рты Ангел затрубіў, і была паражо́на траціна сонца і траціна ме́сяца і траціна зорак, каб траціна іх зацьмілася, ды каб дзе́нь траціну не сьвяціў і таксама ночка.
І чацвёрты анёл затрубіў. І тады была пашкоджана трэцяя частка сонца, і трэцяя частка месяца, і трэцяя частка зорак, каб пацямнела іх трэцяя частка, і ўдзень не яснела трэцяя частка, і таксама ноччу.
І бачыў я і чуў, як адзін Ангел ляце́ў пасярод не́ба і вялікім голасам гаварыў: Гора, гора, гора жы́харам зямлі ад рэшты трубных галасоў трох Ангелаў, што маюць трубіць!
Потым глянуў я і пачуў аднаго анёла, які ляцеў па сярэдзіне неба, голасна ўскрыкваючы: «Гора, гора, гора тым, хто жыве на зямлі ад гукаў іншых труб трох анёлаў, якія павінны неўзабаве трубіць».