Дзеі 17 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка
Прайшоўшы-ж праз Амфіпаль і Апалёнію, прыйшлі ў Фессалоніку, дзе была Жыдоўская сынагога.
І Паўла, паводле звычаю свайго, прыйшоў да іх і тры суботы гутарыў з імі із Пісаньня,
даводзячы й паказуючы, што Хрысту нале́жала цярпе́ць і ўваскрэснуць із мёртвых, ды што Ён, Ісус, ёсьць Хрыстос, аб якім я вам кажу.
І некаторыя з іх уве́равалі і далучыліся да Паўлы й Сілы: вялікая грамада веручых Грэкаў, дый жанок важне́йшых нямала.
Няве́руючыя-ж Жыды, праз завісьць, назьбіраўшы нейкіх нягодных бадзяк ды ўчыніўшы таўпу, збунтавалі ме́ста. І, падыйшоўшы да дому Язонавага, шукалі іх, каб ве́сьці да народу.
Не знайшоўшы-ж іх, пацягнулі Язона й некаторых братоў да начальнікаў ме́ста, крычучы, што гэтыя сусьве́тныя бунтары прыйшлі і сюды,
а Язон іх прыняў. Усе-ж яны чыняць супраць уставаў ке́саравых, кажучы, што ёсьць другі цар: Ісус.
І, чуючы гэта, устрывожыўся народ і начальнікі ме́ста,
але, узяўшы забясьпе́чаньне ад Язона й другіх, звольнілі іх.
Браты-ж зараз уначы выправілі Паўлу й Сілу ў Вэрыю. Тыя-ж, прыйшоўшы, пайшлі ў школу Жыдоў.
Гэтыя-ж былі больш дабрадушныя, чым у Фессалоніцы: яны прынялі слова з усе́й ахвотай ды кожын дзе́нь разьбіралі Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць.
Дый многа із іх уве́равалі, ды нямала й жанок Грэцкіх паважаных і мужоў.
Калі-ж Жыды ў Фессалоніцы даве́даліся, што й у Вэрыі абвяшчаецца праз Паўлу слова Божае, дык прыйшлі й сюды, падбураючы народ.
Тады браты хутка выправілі Паўлу, быццам к мору йшоў, а Сіла й Цімахве́й тамака асталіся.
Тыя-ж, што праводзілі Паўлу, давялі яго да Афін і, узяўшы загад для Сілы й Цімахве́я, каб чым хутчэй ішлі да яго, пайшлі.
Калі-ж Паўла чакаў на іх у Афінах, узбурыўся ў ім дух ягоны, гле́дзячы на ме́ста, апанаванае ідаламі.
Дык гутарыў у сынагозе з Жыдамі й пабожнымі, а такжа на торжышчы што-дня, з кім здарылася.
Некаторыя-ж з філёзофаў эпікурэйцаў ды стоікаў спрачаліся з ім: адны гаварылі: Што хоча сказаць баўбатун гэты? а другія: Здае́цца, прапаве́дуе чужых багоў, — бо абвяшчаў ім Ісуса і ўваскрасе́ньне Ягонае.
І, узяўшы яго, прывялі да Арэапагу, кажучы: Ці можам ведаць, што гэта за новую навуку ты прапаве́дуеш?
Бо не́шта чужое ўкладаеш нам у вушы; дык хочам ве́даці, што гэта ма́е быць?
Усе́-ж Афіняне й заходжыя чужынцы ні аб чым іншым ня рупіліся, як гаварыць ці слухаць навіны.
Паўла-ж, стануўшы пасярод Арэапагу, прамовіў: Мужы Афінскія, з усяго я бачу, што вы нібы асабліва набожныя.
Бо, праходзячы й аглядаючы сьвятыні вашыя, знайшоў я й жэртвенік, на якім напісана: Няве́дамаму Богу. Дык Таго, Каму вы, ня ве́даючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю.
Бог, які стварыў сусьве́т і ўсё ў ім, Ён, Гаспадар не́ба й зямлі, не ў рукатворных храмах жыве́
і не ад рук чалаве́чых служэньне прыймае, быццам не́чага патрабуючы, а Сам дае́ ўсім жыцьцё й дыханьне й усё.
І зрабіў з аднае́ крыві ўве́сь род чалаве́чы, каб жыў на ўсе́нькім абліччы зямлі, вызначыўшы напе́рад часы й ме́жы жыльля іхняга,
каб шукалі Госпада, ці не нашчупаюць Яго ды ня знойдуць, хаця Ён і недалёка ад кожнага з нас:
бо ў Ім жывем і рухаемся і існуем, як і некаторыя із вашых паэтаў сказалі: Мы бо й род Ягоны.
Дык мы, як род Божы, не павінны думаць, быццам Божства падобна да золата ці серабра або камня, вы́разанага здольнасьцяй і выдумкай чалаве́чай.
Дык вось, Бог, глянуўшы на часы няве́даньня, прыказуе цяпе́р скрозь усім людзям пакаяцца:
бо вызначыў дзе́нь, у які маніцца справядліва судзіць сьве́т праз Мужа, Якога вызначыў, даўшы ўсім пэўнасьць праз ускрасе́ньне Яго із мёртвых.
Пачуўшы-ж аб уваскрасе́ньні із мёртвых, адны насьмяхаліся, другія-ж казалі: Паслухаем цябе́ аб гэтым другім разам!
І гэтак Паўла выйшаў спасярод іх.
Некаторыя-ж мужы, прыстаўшы да яго, уве́равалі; між імі й Дыаніс Арэапагіт, і жанчына на ймя Дамара, і іншыя з імі.