Адкрыцьцё 10 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І ўбачыў я іншага Ангела, дужога, зыходзячы з не́ба, які апра́нены быў у хмару, і над галавою ягонай была вясёлка, і аблічча ў яго быццам сонца, і ногі ў яго быццам слупы́ вагністыя;
І ўба́чыў я яшчэ́ аднаго А́нгела мо́цнага, які сыхо́дзіў з не́ба, аху́таны во́блакам; над галаво́ю яго — вясёлка, і аблíчча яго — як со́нца, і но́гі яго — як слупы́ во́гненныя.
і ме́ў ён у руцэ сваёй кніжыцу разгорненую; і паставіў ён правую нагу сваю на мора, а ле́вую на зямлю,
І ў руцэ́ яго была́ кнíжка разго́рнутая; і паста́віў ён пра́вую нагу́ сваю на мо́ра, а ле́вую на зямлю́.
ды гукнуў ён голасам вялікім, быццам ле́ў рычы́ць; і, як гукнуў ён, прамовілі се́м грымотаў галаса́мі сваімі.
І ўсклíкнуў гу́чным го́ласам, як рыка́е леў; і калі ён усклíкнуў, тады сем грамо́ў прамо́вілі галаса́мі сваíмі.
І, як прамовілі се́м грымотаў галаса́мі сваімі, я маніўся пісаць; і пачуў голас з не́ба, які гаварыў мне́: Запячатай, што́ прамовілі се́м грымотаў, і ня пішы гэтага.
І калі сем грамо́ў прамо́вілі галаса́мі сваімі, я хаце́ў быў піса́ць; але пачу́ў го́лас з не́ба, які каза́ў мне: запяча́тай тое, што прамо́вілі сем грамо́ў, і не пішы́ гэтага.
І Ангел, Якога бачыў я стоючы на моры й на зямлі, узьняў руку сваю да не́ба
І А́нгел, якога я ба́чыў, як стая́ў ён на мо́ры і на зямлí, узня́ў руку́ сваю́ да не́ба
і пакляўся Жыву́чым на ве́чныя вякí, Каторы стварыў не́ба і што ў ім, ды зямлю і што ў ёй, ды мора і што ў ім, што ня будзе ўжо часу,
і кля́ўся Тым, Які жыве́ ў ве́кі вяко́ў, Які ствары́ў не́ба і ўсё, што на ім, зямлю́ і ўсё, што на ёй, і мо́ра і ўсё, што ў ім, — што ча́су ўжо не будзе;
адно ў дні голасу сёмага Ангела, калі той затрубіць, ды споўніцца тайна Божая, як Ён абвясьціў раба́м сваім Прарокам.
але ў тыя дні, калі прагучы́ць го́лас сёмага А́нгела, калі ён затру́біць, тады здзе́йсніцца та́йна Божая, як Ён дабраве́сціў раба́м Сваім, праро́кам.
І голас, які чуў я з не́ба, ізноў прамовіў да мяне́ і сказаў: Ідзі, вазьмі кніжыцу разгорненую ў руцэ Ангела, што стаіць на моры й на зямлі.
І го́лас, які пачу́ў я з не́ба, зноў загавары́ў са мною і сказа́ў: ідзі, вазьмí разго́рнутую кнíжку з рукí А́нгела, які стаíць на мо́ры і на зямлí.
І пайшоў я к Ангелу, кажучы яму: Дай мне́ кніжыцу. І кажа мне́: Вазьмі ды зье́ш яе́; і зробіць яна горка табе́ ў жываце́, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд.
І я пайшо́ў да А́нгела і сказа́ў яму́: дай мне кнíжку. Ён сказа́ў мне: вазьмí і з’еш яе; яна будзе го́ркаю ў чэ́раве тваім, але ў ву́снах тваіх будзе сало́дкаю, як мёд.
і ўзяў я кніжыцу з рукі Ангела ды зье́ў яе́; і, як зье́ў яе́, прагорк жывот мой.
І ўзяў я кнíжку з рукí А́нгела і з’еў яе; і яна ў ву́снах маіх была́ сало́дкаю, як мёд; а калі з’еў яе, то го́рка ста́ла ў чэ́раве маім.
І кажа ён мне́: Ты мусіш ізноў прарочыць аб народах, і плямёнах, і языкох, і царох многіх.
І сказа́ў ён мне: табе́ нале́жыць зноў праро́чыць пра наро́ды, і плямёны, і мо́вы, і царо́ў мно́гіх.