Адкрыцьцё 5 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І ўгле́дзіў я ў правіцы Сідзя́чага на пасадзе кнігу, запісаную ссярэдзіны і зьве́рху, запячатаную сямёма пячацямі.
І ўгле́дзіў я Ангела дужога, абвяшчаючы голасам вялікім: Хто го́дзен разгарнуць кнігу і зьняць пячаці яе́?
І ніхто ня здолеў на не́бе ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць кнігу й глянуць у яе́.
І я ве́льмі плакаў, што не знайшлося нікога, годнага разгарнуць і прачытаць кнігу, ці глянуць у яе́.
І адзін із старыкоў кажа мне́: Ня плач! Вось, ле́ў, што з роду Юдавага, карэ́нь Давідавы, перамог, каб разгарнуць кнігу й зьняць се́м пячацяў яе́.
І глянуў я, і вось пасярод пасаду й чатырох жывёлаў ды пасярод старыкоў Ягня́ стаіць, быццам заколенае, маючы се́м рагоў і се́м вачэй, што ёсьць се́м духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.
І прыйшло ды ўзяло кнігу з правіцы Сідзя́чага на пасадзе.
І, як узяло кнігу, чатыры жывёлы й дваццаць чатыры старыкі ўпалі прад абліччам Ягня́ці, маючы кожын гусьлі й чары залатыя, поўныя пахнідлаў, што ёсьць малітвы сьвятых;
і пяюць новую пе́сьню, мовячы: Ты годзен узяць кнігу ды зьняць пячаці з яе́, бо Цябе́ закалолі, і Ты Крывёю Свае́й адкупіў нас Богу із кожнага роду й языка і народу ды паганаў,
і зрабіў нас Богу нашаму царамі й сьвяшчэньнікамі; і будзем цары́ць на зямлі.
І глядзе́ў я, і чуў голас множства ангелаў навакол пасаду й жывёлаў і старыкоў; і лічба іх была мірыяды мірыядаў і тысячы тысячаў,
мовячы голасам вялікім: Годна Ягнятка заколенае ўзяць сілу й багацьце, і мудрасьць, і моц, і чэсьць, і хвалу, і багаслаўле́ньне.
І ўсякае стварэньне, што на не́бе й на зямлі, і пад зямлёй, і ў моры, дый усё, што ў іх, чуў я, мовячы: Сідзячаму на пасадзе й Ягняці багаслаўле́ньне і чэсьць, і хвала, і сіла на ве́чныя вякí.
І чатыры жывёлы гаварылі: Амін. І дваццаць чатыры старыкі ўпалі і сукланіліся Жывучаму на ве́чныя вякí.