Адкрыцьцё 16 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І пачуў я голас вялікі з храму, мовячы да сямёх Ангелаў: Ідзе́це й вы́ліце ча́ры гне́ву Божага на зямлю.
 

І пайшоў пе́ршы і выліў ча́ру сваю на зямлю: і зрабіліся благія й агідныя раны ў людзе́й, што ме́лі кляймо зьве́ра, дый у тых, што пакланяліся абразу ягонаму.
 

І другі Ангел выліў чару сваю ў мора: і зрабілася кроў, быццам мёртвага, і ўсякая душа жывая паме́рла ў моры.
 

І трэці Ангел выліў чару сваю ў рэкі й крыніцы водаў: і зрабілася кроў.
 

І пачуў я Ангела водаў, мовячы: Справядлівы Ты, Госпадзе, Які ёсьць і быў і сьвят, што прысудзіў гэтак:
 

бо яны пралілі кроў сьвятых і прарокаў, дык і Ты даў ім кроў піці; яны-ж варты гэтага.
 

І пачуў я другога, які мовіў з ахвярніку: Але́, Госпадзе Божа Ўседзяржыцелю: суды́ Тваі правільныя і справялівыя.
 

І чацьве́рты Ангел выліў чару сваю на сонца: і да́дзена яму паліць людзей у вагні.
 

І палíла людзе́й вялікая сьпе́ка, і блюзьнілі яны проці йме́ньня Бога, Які ма́е ўладу над усімі плягамі, ды не адумаліся даці хвалу Яму.
 

І пяты Ангел выліў чару сваю на пасад зьве́ра: і зацьмілася царства ягонае, і яны кусалі языкі свае́ ад болю
 

і блюзьнілі проці Бога Нябе́снага ад мукаў сваіх ды ран сваіх, ды не пакаяліся ў учынках сваіх.
 

І шосты Ангел выліў чару сваю ў вялікую раку́, у Эўфрат: і высахла вада́ ў ёй, каб прыгатавана была дарога для цароў, што ад усходу сонца.
 

І ўгле́дзіў я з вуснаў зьме́я і з вуснаў зьве́ра і з вуснаў фальшывага прарока тры духі нячыстыя, падобныя да жабаў:
 

бо гэта духі дэманаў, што робяць знакі, ды што выходзяць на цароў зямлі ды ўсе́нькага сусьве́ту, каб сабраць іх на вайну ў той дзе́нь вялікі Бога Ўседзяржыцеля.
 

Вось, іду, як злодзей: шчасьлівы, хто ня сьпіць ды хавае вопратку сваю, каб не хадзіці яму голаму, і каб ня бачылі сораму яго.
 

І сабраў ён іх у ме́сцы, што па-жыдоўску называецца Армагеддон.
 

І сёмы Ангел выліў чару сваю на паве́тра: і выйшаў голас вялікі із храму нябе́снага, ад пасаду, мовячы: Ста́лася!
 

І ўзьняліся галасы́, і грымоты, і маланкі, і трасе́ньне зрабілася вялікае, якога ня бывала ад часоў, як зьявіліся людзі на зямлі. Гэткае трасе́ньне! Такое вялізарнае!
 

І распалася ме́ста вялікае на тры часьці, і ме́сты паганскія заваліліся; і Вавілён, ме́ста вялікае, прыпомніўся перад Богам, каб даці яму чару віна я́раснага гне́ву Ягонага.
 

І кожын востраў счэз, і ніводнае гары́ не знайшлося.
 

І выпаў град вялікі, як тале́нты, з не́ба на людзе́й; і блю́зьнілі людзі проці Бога за ўдары ад граду, бо ўдар ад яго надта цяжкі.