Адкрыцьцё 16 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І я пачуў з храма гучны голас, які казаў сямі Анёлам: Ідзіце і выліце сем чашаў гневу Божага на зямлю.
 

І пайшоў першы і выліў сваю чашу на зямлю; і ўзніклі нясцерпныя і злаякасныя раны на людзях, якія мелі кляймо звера і пакланяліся яго вобразу.
 

І другі выліў сваю чашу ў мора: і яно зрабілася крывёю, як ў мерцвяка, і кожная жывая душа, што была ў моры, памерла.
 

І трэці выліў сваю чашу ў рэкі і крыніцы водаў, і яны зрабіліся крывёю.
 

І я пачуў Анёла водаў, які казаў: Праведны34 Ты, Хто ёсць і Хто быў, Святы, бо Ты прысудзіў гэта,
 

бо яны пралілі кроў святых і прарокаў, і Ты даў ім піць кроў, яны таго вартыя.
 

І я пачуў голас ад ахвярніка: Так, Госпадзе Божа [Усемагутны], праўдзівыя і справядлівыя Твае суды.
 

І чацвёрты выліў сваю чашу на сонца: і дадзена было яму паліць людзей агнём.
 

І апалены былі людзі вялікаю спёкай і зневажалі імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі напасцямі, і не пакаяліся, каб узнесці Яму славу.
 

І пяты выліў сваю чашу на трон звера, і зрабілася яго царства змрочным, і яны кусалі языкі свае ад болю.
 

І зневажалі Бога Нябеснага ад сваіх боляў і ад сваіх ранаў, і не пакаяліся ў сваіх учынках.
 

І шосты выліў сваю чашу на вялікую раку Еўфрат; і высахла яе вада, каб была падрыхтавана дарога цароў, якія — ад усходу сонца.
 

І я ўбачыў: як выходзілі з зяпы дракона, і з пашчы звера, і з вуснаў ілжэпрарока — тры нячыстыя духі, як жабы;
 

бо гэта духі дэманаў, якія робяць знакі і выходзяць да цароў усяго населенага абшару, каб сабраць іх на вайну вялікага дня Бога Усемагутнага.
 

Вось, прыходжу як злодзей. Шчаслівы той, хто чуйны і сцеражэ сваю вопратку, каб не хадзіць яму голым і каб не бачылі яго сораму.
 

І ён сабраў іх на месца, якое называецца па-яўрэйску Гармагедон.
 

І сёмы [Анёл] выліў сваю чашу на паветра: і з храма [нябеснага] ад трона зышоў гучны голас, які казаў: Збылося!
 

І былі маланкі, і галасы, і грамы, і быў вялікі землятрус, якога не было з тае пары, як чалавек з’явіўся на зямлі, такі землятрус, такі вялікі!
 

І вялікі горад распаўся на тры часткі, і гарады народаў палі. І вялікі Вавілон успомнены быў перад Богам, каб даць яму чашу віна лютасці Яго гневу.
 

І кожны востраў уцёк, і гор не знайшлося.
 

І град вялікі, велічынёю з талент, сходзіць з неба на людзей; і людзі зневажалі Бога за напасць з градам, бо яго напасць надта вялікая.