Адкрыцьцё 20 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І я ўбачыў Анёла, што сходзіў з неба і меў ключ ад бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.
 

І ён схапіў дракона, старадаўняга змея, які ёсць д’ябал і сатана, і скаваў яго на тысячу гадоў,
 

і кінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ён не ўводзіў у зман больш народы, пакуль не скончыцца тысяча гадоў; пасля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час.
 

І я ўбачыў троны, і тых, што селі на іх, — і ім была дадзена ўлада судзіць, — і душы абезгалоўленых за сведчанне Ісуса і за слова Божае, і тых, што не пакланіліся ні зверу, ні яго вобразу, і не прынялі кляйма на свой лоб і на сваю руку. І яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў.
 

Астатнія з мёртвых не ажылі, пакуль не скончыцца тысяча гадоў. Гэта — першае ўваскрэсенне.
 

Шчаслівы і святы, хто мае ўдзел у першым уваскрэсенні; над ім другая смерць не мае ўлады, але яны будуць Божымі і Хрыстовымі святарамі і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.
 

І калі скончыцца тысяча гадоў, будзе вызвалены сатана са сваёй турмы,
 

і выйдзе, каб уводзіць у зман народы на чатырох краях зямлі, Гога і Магога, каб сабраць іх на вайну, лік іх — як марскі пясок.
 

І яны ўзышлі на шырыню зямлі і аблажылі стан святых і ўлюбёны горад, і сышоў агонь з неба [ад Бога] і паглынуў іх.
 

І д’ябал, які зводзіў у зман іх, быў кінуты ў агнявое і сернае возера, дзе таксама звер і лжэпрарок, і будуць яны мучыцца ўдзень і ўночы векі вечныя.
 

І я ўбачыў вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякалі зямля і неба, і не знайшлося ім месца.
 

І я ўбачыў мёртвых, вялікіх і малых, якія стаялі перад тронам38, і былі разгорнуты скруткі; і іншы скрутак быў разгорнуты, гэта — кніга жыцця, і мёртвыя былі суджаны, згодна з напісаным у скрутках, паводле сваіх учынкаў.
 

І мора аддало мёртвых, якія былі ў ім, і смерць і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх, і суджаны быў кожны паводле сваіх учынкаў.
 

І смерць і пекла былі кінуты ў возера агнявое. Гэта — другая смерць, агнявое возера.
 

І, калі хто не быў знойдзены запісаным ў кнізе жыцця, той быў кінуты ў агнявое возера.