Адкрыцьцё 16 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
І пачуў я голас вялікі з храму, мовячы да сямёх Ангелаў: Ідзе́це й вы́ліце ча́ры гне́ву Божага на зямлю.
І пачуў я голас вялікі з бажніцы, які казаў да сямі анёлаў: «Ідзіце і выліце чары ярасьці Божай на зямлю».
І пайшоў пе́ршы і выліў ча́ру сваю на зямлю: і зрабіліся благія й агідныя раны ў людзе́й, што ме́лі кляймо зьве́ра, дый у тых, што пакланяліся абразу ягонаму.
І пайшоў першы, і выліў чару сваю на зямлю, і сталіся благія і балючыя скулы ў людзей, якія мелі пазнаку зьвера і пакланяліся вобразу ягонаму.
І другі Ангел выліў чару сваю ў мора: і зрабілася кроў, быццам мёртвага, і ўсякая душа жывая паме́рла ў моры.
І другі анёл выліў чару сваю ў мора, і сталася кроў, быццам мёртвага, і ўсякая душа жывая памерла ў моры.
І трэці Ангел выліў чару сваю ў рэкі й крыніцы водаў: і зрабілася кроў.
І трэці анёл выліў чару сваю ў рэкі і крыніцы водаў, і сталася кроў.
І пачуў я Ангела водаў, мовячы: Справядлівы Ты, Госпадзе, Які ёсьць і быў і сьвят, што прысудзіў гэтак:
І пачуў я анёла водаў, які казаў: «Праведны Ты, Госпадзе, Які ёсьць, і Які быў, і Сьвяты, што прысудзіў гэтак,
бо яны пралілі кроў сьвятых і прарокаў, дык і Ты даў ім кроў піці; яны-ж варты гэтага.
бо кроў сьвятых і прарокаў яны вылілі, і кроў Ты даў ім піць, бо яны вартыя гэтага».
І пачуў я другога, які мовіў з ахвярніку: Але́, Госпадзе Божа Ўседзяржыцелю: суды́ Тваі правільныя і справялівыя.
І пачуў я іншага, які казаў з ахвярніку: «Так, Госпадзе, Божа Ўсеўладны, слушныя і праведныя суды Твае».
І чацьве́рты Ангел выліў чару сваю на сонца: і да́дзена яму паліць людзей у вагні.
І чацьвёрты анёл выліў чару сваю на сонца, і дадзена яму паліць людзей у агні.
І палíла людзе́й вялікая сьпе́ка, і блюзьнілі яны проці йме́ньня Бога, Які ма́е ўладу над усімі плягамі, ды не адумаліся даці хвалу Яму.
І паліла людзей вялікая сьпёка, і блюзьнілі яны на імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, каб даць Яму славу.
І пяты Ангел выліў чару сваю на пасад зьве́ра: і зацьмілася царства ягонае, і яны кусалі языкі свае́ ад болю
І пяты анёл выліў чару сваю на пасад зьвера, і сталася, што валадарства ягонае зацемрылася, і яны кусалі языкі свае ад болю
і блюзьнілі проці Бога Нябе́снага ад мукаў сваіх ды ран сваіх, ды не пакаяліся ў учынках сваіх.
і блюзьнілі на Бога Нябеснага дзеля болю свайго і скулаў сваіх, і не навярнуліся ад справаў сваіх.
І шосты Ангел выліў чару сваю ў вялікую раку́, у Эўфрат: і высахла вада́ ў ёй, каб прыгатавана была дарога для цароў, што ад усходу сонца.
І шосты анёл выліў чару сваю ў вялікую раку Эўфрат, і высахла вада ў ёй, каб падрыхтаваны быў шлях для валадароў, што ад усходу сонца.
І ўгле́дзіў я з вуснаў зьме́я і з вуснаў зьве́ра і з вуснаў фальшывага прарока тры духі нячыстыя, падобныя да жабаў:
І ўбачыў я: з вуснаў цмока, і з вуснаў зьвера, і з вуснаў фальшывага прарока [выйшлі] тры духі нячыстыя, падобныя да жабаў,
бо гэта духі дэманаў, што робяць знакі, ды што выходзяць на цароў зямлі ды ўсе́нькага сусьве́ту, каб сабраць іх на вайну ў той дзе́нь вялікі Бога Ўседзяржыцеля.
бо гэта — духі дэманаў, якія чыняць знакі, якія зыходзяць на валадароў зямлі і ўсяго сусьвету, каб сабраць іх на вайну ў той дзень вялікі Бога Усеўладнага.
Вось, іду, як злодзей: шчасьлівы, хто ня сьпіць ды хавае вопратку сваю, каб не хадзіці яму голаму, і каб ня бачылі сораму яго.
«Вось, прыходжу, як злодзей. Шчасьлівы той, які чувае і захоўвае адзеньне сваё, каб не хадзіць яму голым, і каб ня бачылі непрыстойнасьці ягонай».
І сабраў ён іх у ме́сцы, што па-жыдоўску называецца Армагеддон.
І сабраў ён іх у месцы, якое па-гебрайску называецца Армагедон.
І сёмы Ангел выліў чару сваю на паве́тра: і выйшаў голас вялікі із храму нябе́снага, ад пасаду, мовячы: Ста́лася!
І сёмы анёл выліў чару сваю на паветра, і выйшаў голас вялікі з бажніцы нябеснай, ад пасаду, які казаў: «Сталася!»
І ўзьняліся галасы́, і грымоты, і маланкі, і трасе́ньне зрабілася вялікае, якога ня бывала ад часоў, як зьявіліся людзі на зямлі. Гэткае трасе́ньне! Такое вялізарнае!
І сталіся галасы, і грымоты, і маланкі, і землятрус стаўся вялікі, якога ня было ад [часоў], як зьявіліся людзі на зямлі. Гэткі землятрус! Такі вялікі!
І распалася ме́ста вялікае на тры часьці, і ме́сты паганскія заваліліся; і Вавілён, ме́ста вялікае, прыпомніўся перад Богам, каб даці яму чару віна я́раснага гне́ву Ягонага.
І распаўся горад вялікі на тры часткі, і гарады паганаў заваліліся; і Бабілон вялікі быў узгаданы перад Богам, каб даць яму келіх віна ярасьці гневу Ягонага.
І кожын востраў счэз, і ніводнае гары́ не знайшлося.
І кожны востраў уцёк, і гары не знайшлося.
І выпаў град вялікі, як тале́нты, з не́ба на людзе́й; і блю́зьнілі людзі проці Бога за ўдары ад граду, бо ўдар ад яго надта цяжкі.
І град вялікі, як таленты, зыйшоў з неба на людзей, і блюзьнілі людзі на Бога за плягу граду, бо вельмі вялікая была пляга гэтая.