Адкрыцьцё 18 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна
І пасьля гэтага я ўбачыў Ангела, зыходзячы з не́ба, які ме́ў вялікую ўладу; і зямля асьвяцілася ад славы ягонае;
І пасьля гэтага ўбачыў я анёла, які зыходзіў з неба, які меў вялікую ўладу; і зямля была асьветленая ад славы ягонае;
і крыкнуў ён крэпка, мовячы голасам вялікім: Паў, паў Вавілён, вялікая (распусьніца), і стаўся памяшканьнем дэманаў і прыпынкам для ўсіх духаў нячыстых і прыстанішчам для ўсякага птаства нячыстага і агіднага;
І закрычаў ён моцна голасам вялікім, кажучы: «Упаў, упаў Бабілон, вялікая [распусьніца], і стаўся жытлом дэманаў, і прыбежышчам усякага духа нячыстага, і прыбежышчам усякай птушкі нячыстай і брыдкай,
бо юрным віном распуснасьці свае́й напаіла яна ўсе́ народы, і цары зямныя сваволілі з ёю, і купцы зямныя разбагаце́лі ад сілы раскошы яе́.
бо віном ярасьці распусты сваёй яна напаіла ўсе народы, і валадары зямныя распусьнічалі з ёю, і купцы зямныя ўзбагаціліся з моцы раскошы яе».
І пачуў я другі голас з не́ба, мовячы: Выйдзі з яе́, мой народзе, каб ня быць учасьнікамі ў грахо́х яе і ня прыняці ўдараў яе́;
І пачуў я іншы голас з неба, які казаў: «Выйдзі з яе, народзе Мой, каб ня ўдзельнічаць у грахах ейных і не атрымаць плягаў ейных;
бо дайшлі грахі яе́ ажно да не́ба, і ўспомніў Бог аб няпраўдах яе́.
бо дайшлі грахі яе аж да неба, і ўзгадаў Бог пра нягоднасьці ейныя.
Аддайце е́й, як і яна аддавала вам, і падвойце е́й удвая́ паводле ўчынкаў яе́; у чары, у якой яна мяшала (віно), мяшайце е́й удвая́.
Аддайце ёй, як і яна аддавала вам, і падвойце ёй удвая паводле справаў яе; у келіх, у які яна налівала, наліце ёй удвая.
Колькі ўслаўляла яна сябе́ й раско́шавалася, гэтулькі дайце е́й мукаў і суму; бо яна кажа ў сэрцы сваім: Сяджу царыцай, і не ўдава́ я, і суму не пабачу.
Колькі ўслаўляла яна сябе і раскашавалася, гэтулькі дайце ёй мучэньняў і плачу, бо яна казала ў сэрцы сваім: “Сяджу валадаркаю, і не ўдава я, і плачу ня буду бачыць».
Дзеля гэтага ў вадзін дзе́нь прыйдуць на яе плягі: сьме́рць і туга, і голад; і будзе спа́лена ў вагні, бо дужы́ Госпад Бог, што судзіць яе́.
Дзеля гэтага ў адзін дзень прыйдуць на яе плягі: сьмерць, і плач, і голад; і будзе яна спалена ў агні, бо магутны Госпад Бог, Які судзіць яе.
І заплачуць, і загалосяць па ёй цары зямныя, што сваволілі й раско́шаваліся з ею, калі ўгле́дзяць дым ад пажару яе́,
І загалосяць, і заплачуць па ёй валадары зямныя, якія распусьнічалі і раскашаваліся з ёю, калі ўбачаць дым ад пажару яе,
сто́ючы здалёк дзеля страху ад му́кі яе́ ды гаворачы: Гора, гора (табе́), ме́ста вялікае Вавілён, ме́ста магутнае, бо ў вадну гадзіну прыйшоў суд твой!
стаўшы здалёк дзеля страху ад мучэньняў яе і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі Бабілон, горад магутны, бо ў адну гадзіну прыйшоў суд твой!»
І купцы зямныя заплачуць ды засумуюць па ёй, бо ніхто ўжо ня купляе тавару іхняга,
І купцы зямныя галосяць і плачуць па ёй, бо ніхто ўжо не купляе тавару іхняга,
тавару із золата й серабра, і каме́ньня дарагога і пэрлаў, і віссону й порфіры, і шоўку й пурпуру, ды ўсякага дрэва паху́чага, і ўсякіх вы́рабаў із косьці сланёвае, і ўсякіх вы́рабаў із дрэва дарагога і ме́дзі й зяле́за і мармару,
тавару з золата, і срэбра, і каштоўнага камяня, і пэрлаў, і вісону, і пурпуру, і ядвабу, і кармазыну, і ўсякага дрэва пахкага, і ўсякіх вырабаў з косьці слановае, і ўсякіх вырабаў з дрэва каштоўнага, і медзі, і жалеза, і мармуру,
і цынамону, і пахнідлаў, і міра, і ла́дану, і віна, і алівы, і мукí, і пшаніцы, і скаціны й аве́чак, і кане́й ды вазоў, і це́лаў дый душ чалаве́чых.
і цынамону, і фіміяму, і міра, і ладану, і віна, і алею, і мукі, і пшаніцы, і скаціны, і авечак, і коней, і вазоў, і целаў і душаў чалавечых.
І плады́ пажаданыя душы тваёй адыйшліся ад цябе́; і ўсё ўкормленае ды бліскучае адыйшлося ад цябе́, і ты ніколі ўжо ня знойдзеш гэтага.
«І плады пажаданьня душы тваёй адыйшлі ад цябе; і ўсё тлустае і бліскучае адыйшло ад цябе, і ты ніколі ўжо ня знойдзеш гэтага».
І таргаваўшыя гэтым, што разбагаце́лі ад яе́, воддаль стая́цімуць дзеля страху прад му́каю яе́, плачучы й галосячы
І гандляры гэтага, якія ўзбагаціліся ад яе, будуць стаяць здалёк дзеля страху ад мучэньняў яе, плачучы і галосячы,
ды мовячы: Гора, гора (табе́), ме́ста вялікае, у віссон і порфіру і пурпур апра́ненае, аздобленае золатам і каме́ньнем дарагім і пэрламі:
і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі, апрануты ў вісон, і пурпур, і кармазын, і аздоблены золатам, і каштоўным камянём, і пэрламі,
бо ў вадну гадзіну спустошана гэткае багацьце! І ўсе́ кармачы́, і ўсе́ людзі на караблёх, і карабе́льнікі, і ўсе́ працаўнікі на моры воддаль стаялі
бо ў адну гадзіну спустошана гэткае багацьце!» І ўсе корнікі, і ўсе людзі на караблях, і маракі, і ўсе працаўнікі на моры сталі здалёк
і, бачучы дым ад пажару яго, крычэлі, мовячы: Якое падобна да ме́ста вялікага?
і, гледзячы на дым ад пажару яго, крычалі, кажучы: «Што падобна да гораду вялікага?»
І сыпалі по́пел на галовы свае́, і крычэлі, плачучы й галосячы, ды мовілі: Гора, гора (табе́), ме́ста вялікае, у якім разбагаце́лі ад скарбаў тваіх усе́, хто ма́е караблі на моры; бо ў вадну гадзіну ты спустошана!
І сыпалі пыл на галовы свае, і крычалі, плачучы і галосячы, і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі, у якім узбагаціліся ад каштоўнасьцяў ягоных усе, хто мае караблі на моры, бо ў адну гадзіну ён спустошаны!
Узьвесяліся над ім, не́ба ды сьвятыя апосталы і прарокі: бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго.
Весяліся над ім, неба і сьвятыя апосталы і прарокі, бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго».
І адзін дужы́ Ангел падняў камень, вялікі, як млыновы, і кінуў у мора, мовячы: Гэтак з размахам кінены будзе Вавілён, ме́ста вялікае, і ўжо больш ня знойдуць яго;
І ўзяў адзін дужы анёл камень вялікі, як млыновы, і кінуў у мора, кажучы: «Гэтак з сілаю кінуты будзе Бабілон, горад вялікі, і ўжо больш ня знойдуць яго.
і ня будзе ўжо чутно ў табе́ голасу гусьляроў і сьпява́каў ды жале́йнікаў і трубачоў, і ня знойдзецца ўжо ў табе́ ніводнага мастака́ ніякага мастацтва, — і гук млыновы не пачуецца ўжо ў табе́;
І ня будзе ўжо чутно ў табе голасу гусьляроў, і музыкаў, і жалейнікаў, і трубачоў, і ня будзе знойдзена ўжо ў табе ніводнага майстра, і ніякага майстэрства, і голас млыновы ня будзе чутны ўжо ў табе,
і не зазьяе ўжо ў табе́ сьвятло сьве́тача, і голасу жаніха й няве́сты не пачуюць ужо ў табе́, бо купцы тваі былі магнатамі зямнымі, бо чарамі тваімі абаламучаны ўсе́ народы.
і ня зьявіцца ўжо ў табе сьвятло сьвечкі, і голас жаніха і нявесты ня будзе чутны ўжо ў табе, бо купцы твае былі магнатамі зямлі, бо чараваньнямі тваімі падманутыя ўсе народы.
І знойдзена ў ім кроў прарокаў ды сьвятых і ўсіх забітых на зямлі.
І знойдзена ў ім кроў прарокаў, і сьвятых, і ўсіх забітых на зямлі».