Адкрыцьцё 20 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І ўбачыў я Ангела, зыходзячы з не́ба, які ме́ў ключ ад бяздоньня і ланцу́г вялікі ў руцэ сваёй.
 
І ўбачыў я анёла, які зыходзіў з неба, які меў ключ ад бездані і ланцуг вялікі ў руцэ сваёй.

І схапіў ён зьме́я, вужаку адве́чнага, што ёсьць д’ябал і сатана́, ды спутаў яго на тысячу гадоў,
 
І ён меў уладу над цмокам, зьмеем старадаўным, які ёсьць д’ябал і шатан, і зьвязаў яго на тысячу гадоў,

і кінуў яго ў бяздоньне, і замкнуў яго ды прыпячатаў зьве́рху, каб ня зводзіў больш народаў, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; а пасьля гэтага мусіць быць разьвязаны на нядоўгі час.
 
і кінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і запячатаў зьверху, каб не падманваў больш народы, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; і пасьля гэтага мусіць быць разьвязаны на малы час.

І ўгле́дзіў я пасады, і пасядалі на іх, і быў ім дадзены суд; і ду́шы сьця́тых за сьве́дчаньне Ісусавае і за слова Божае, і тых, што не пакланіліся зьве́ру ды абразу́ ягонаму і ня прынялі кляйма́ на лоб свой ані на руку сваю; і ажылі і панавалі з Хрыстом тысячу гадоў.
 
І ўбачыў я пасады, і сядзелі на іх, і быў ім дадзены суд, і душы сьцятых за сьведчаньне Ісуса і за слова Божае, і тых, якія не пакланіліся зьверу і вобразу ягонаму, і не атрымалі пазнакі на лоб свой і на руку сваю. І яны ажылі, і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў.

Рэшта-ж паме́ршых не ажы́ла, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта пе́ршае ўскрасе́ньне.
 
А рэшта мёртвых не ажыла, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта — уваскрасеньне першае.

Шчасьлівы й сьвяты той, хто ма́е частку ў пе́ршым ускрасе́ньні: над імі сьме́рць паўторная ня ма́е ўлады, але будуць яны сьвяшчэньнікамі Бога і Хрыста ды панава́цімуць з Ім тысячу гадоў.
 
Шчасьлівы і сьвяты той, хто мае частку ў першым уваскрасеньні; над імі сьмерць другая ня мае ўлады, але яны будуць сьвятарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.

І, як скончыцца тысяча гадоў, вы́зваліцца сатана із вязьніцы сваёй
 
І калі скончыцца тысяча гадоў, будзе разьвязаны шатан з вязьніцы сваёй

і выйдзе звадзіць народы на чатырох кутох зямлі, Гога і Магога, ды зьбіраць іх на вайну; лічба-ж іх, як пясок у моры.
 
і выйдзе падманваць народы на чатырох кутах зямлі, Гога і Магога, ды зьбіраць іх на вайну; лічба іх — як пясок марскі.

І выйшлі на шырыню зямлі ды акружылі табор сьвятых і ме́ста ўлю́бленае; і зыйшоў ад Бога агонь з не́ба ды зжор іх.
 
І яны ўзыйшлі на шырыню зямлі, і атачылі табар сьвятых і горад улюбёны, і зыйшоў ад Бога з неба агонь, і зжор іх.

І д’ябал, што зьвёў іх, быў кінены ў возера агністае ды се́ркавае, дзе́ і зьве́р, і фальшывы прарок; і будуць яны мучыцца ўдзе́нь і ўначы на ве́чныя вякí.
 
І д’ябал, які падманваў іх, быў кінуты ў возера агню і серкі, дзе зьвер і фальшывы прарок; і будуць яны мучыцца ўдзень і ўначы на вякі вякоў.

І ўбачыў я вялікі бе́лы пасад і Сідзя́чага на ім, ад аблічча Якога ўцякла зямля і не́ба, і не знайшлося ме́сца для іх.
 
І ўбачыў я вялікі белы пасад і Таго, Які сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцяклі зямля і неба, і не знайшлося месца для іх.

І ўбачыў нябожчыкаў, малых ды вялікіх, стоячы перад Богам, і былі разгорнены кнігі; і разгарнулі іншую кнігу, што ёсьць жыцьця, і су́джаны былі мёртвыя, як напісана ў кнігах, паводле ўчынкаў іхніх.
 
І ўбачыў я мёртвых, малых і вялікіх, якія стаялі перад Богам. І былі разгорнутыя кнігі; і разгарнулі іншую кнігу, якая ёсьць [кніга] жыцьця, і былі суджаныя мёртвыя паводле напісанага ў кнігах, паводле справаў сваіх.

І аддала мора нябожчыкаў, што ў ім, і сьме́рць ды пе́кла аддалі нябожчыкаў, што ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх.
 
І аддало мора мёртвых, што ў ім, і сьмерць ды пекла аддалі мёртвых, што ў іх; і быў суджаны кожны паводле справаў сваіх.

А сьме́рць і пе́кла кінены ў возера вагністае. Гэта другая сьме́рць.
 
А сьмерць і пекла кінутыя ў возера агню. Гэта — другая сьмерць.

І каго не знаходзілі запісанага ў кнізе жыцьця, кідалі яго ў возера вагністае.
 
І калі хто ня быў знойдзены запісаным у кнізе жыцьця, той быў кінуты ў возера агню.