Адкрыцьцё 20 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І ўбачыў я Ангела, зыходзячы з не́ба, які ме́ў ключ ад бяздоньня і ланцу́г вялікі ў руцэ сваёй.
 
І абачыў я ангіла, што зыходзіў зь неба, каторы меў ключ да бяздоньня і вялікі ланцуг у руццэ сваёй.

І схапіў ён зьме́я, вужаку адве́чнага, што ёсьць д’ябал і сатана́, ды спутаў яго на тысячу гадоў,
 
Ён схапіў смока, гада старавечнага, каторы ё дзявал а шайтан, і зьвязаў яго на тысяча год,

і кінуў яго ў бяздоньне, і замкнуў яго ды прыпячатаў зьве́рху, каб ня зводзіў больш народаў, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў; а пасьля гэтага мусіць быць разьвязаны на нядоўгі час.
 
І ськінуў яго ў бяздоньне, і замкнуў, і запячатаваў над ім, каб ня мог ужо зводзіць народы, пакуль ня скончыцца тысяча год; просьле гэтага ён мае быць вывальнены на малы час.

І ўгле́дзіў я пасады, і пасядалі на іх, і быў ім дадзены суд; і ду́шы сьця́тых за сьве́дчаньне Ісусавае і за слова Божае, і тых, што не пакланіліся зьве́ру ды абразу́ ягонаму і ня прынялі кляйма́ на лоб свой ані на руку сваю; і ажылі і панавалі з Хрыстом тысячу гадоў.
 
І абачыў я пасады і седзячых на іх, і суд быў даны ім, і душы сьцятыя за сьветчаньне Ісусава а за Слова Божае, каторыя не пакланіліся зьверу ані абразу ягонаму, і не прынялі знаку на чало свае і на руку сваю. Яны ажылі й каралявалі з Хрыстом тысяча год.

Рэшта-ж паме́ршых не ажы́ла, пакуль ня скончыцца тысяча гадоў. Гэта пе́ршае ўскрасе́ньне.
 
Засталыя з памерлых не ажылі, пакуль ня скончыцца тысяча год. Гэта — першае ўскрысеньне.

Шчасьлівы й сьвяты той, хто ма́е частку ў пе́ршым ускрасе́ньні: над імі сьме́рць паўторная ня ма́е ўлады, але будуць яны сьвяшчэньнікамі Бога і Хрыста ды панава́цімуць з Ім тысячу гадоў.
 
Дабраславёны а сьвяты, хто мае ўчасьце ў вускрысеньню першым: над тымі другая сьмерць ня мае ўлады; яны будуць сьвятарамі Божымі а Хрыстовымі і будуць караляваць ізь Ім тысяча год.

І, як скончыцца тысяча гадоў, вы́зваліцца сатана із вязьніцы сваёй
 
І як скончыцца тысяча год, шайтан будзе вывальнены зь вязьніцы свае,

і выйдзе звадзіць народы на чатырох кутох зямлі, Гога і Магога, ды зьбіраць іх на вайну; лічба-ж іх, як пясок у моры.
 
І выйдзе зводзіць народы, што на чатырох рагох зямлі, Ґоґа, й Маґоґа, каб зьберці іх на вайну; лік іх — як пяску морскага.

І выйшлі на шырыню зямлі ды акружылі табор сьвятых і ме́ста ўлю́бленае; і зыйшоў ад Бога агонь з не́ба ды зжор іх.
 
І ўзышлі на шырыню зямлі, і абступілі табар сьвятых а ўмілаванае места; і зышоў агонь зь неба, і пажэр іх.

І д’ябал, што зьвёў іх, быў кінены ў возера агністае ды се́ркавае, дзе́ і зьве́р, і фальшывы прарок; і будуць яны мучыцца ўдзе́нь і ўначы на ве́чныя вякí.
 
А дзявал, што зводзіў іх, укінены ў возера агняное а серкавае, ідзе зьвер а хвальшывы прарока, і будуць мучаны дзень і ноч на векі вякоў.

І ўбачыў я вялікі бе́лы пасад і Сідзя́чага на ім, ад аблічча Якога ўцякла зямля і не́ба, і не знайшлося ме́сца для іх.
 
І абачыў я вялікі белы пасад і Седзячага на ім, ад Каторага віду ўцякала зямля й неба; і не знайшлося ім месца.

І ўбачыў нябожчыкаў, малых ды вялікіх, стоячы перад Богам, і былі разгорнены кнігі; і разгарнулі іншую кнігу, што ёсьць жыцьця, і су́джаны былі мёртвыя, як напісана ў кнігах, паводле ўчынкаў іхніх.
 
І абачыў я мертвых, вялікіх і малых, што стаялі перад пасадам, і сувоі рашчыненыя былі, і накшы сувой рашчынены, каторы ё сувой жыцьця; і суджаны былі мертвыя за рэчы, напісаныя ў сувоях, подле ўчынкаў сваіх.

І аддала мора нябожчыкаў, што ў ім, і сьме́рць ды пе́кла аддалі нябожчыкаў, што ў іх; і суджаны быў кожны паводле ўчынкаў сваіх.
 
І аддало мора мертвых, што ў ім, і сьмерць і пекла аддалі мертвых, што ў іх; і яны былі суджаны кажны подле ўчынкаў сваіх.

А сьме́рць і пе́кла кінены ў возера вагністае. Гэта другая сьме́рць.
 
І сьмерць і пекла кінены ў возера агняное. Гэта сьмерць другая — возера агняное.

І каго не знаходзілі запісанага ў кнізе жыцьця, кідалі яго ў возера вагністае.
 
І калі хто ня быў знойдзены запісаным у сувою жыцьця, быў укінены ў возера агняное.