Адкрыцьцё 17 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І прыйшоў адзін із сямёх Ангелаў — тых, што ме́лі се́м ча́раў, í прамовіў да мяне́, кажучы мне́: Хадзі, я пакажу табе́ суд над распусьніцай вялікай; што сядзіць над водамі многімі,
 
І прышоў адзін ізь сямёх ангілаў, што мелі сем чараў, і гутарыў з імною, кажучы: «Падыйдзі сюды, я пакажу тэ рассудак над вялікаю бязуляю, што сядзіць на шмат водах.

з якою блудзілі цары зямныя, і віном распуснасьці яе́ ўпіваліся жыхары зямлі.
 
Зь ёю бязулілі каралёве земныя, і віном бязулства ейнага ўпіваліся жыхары зямлі».

І павёў мяне ў духу ў пустыню. І ўгле́дзіў я жанчыну, сядзючы́ на зьве́ру чырвоным, поўным імёнаў блюзьне́рскіх, з сямёма галовамі і дзесяцьма рагамі,
 
І павёў мяне ў духу на пустыню; і я бачыў жонку, каторая сядзела на зьверу шкарлатным, поўным імёнаў блявузґальных, ізь сяма галавамі й дзесяцьма рагамі.

І жанчына апрануўшыся ў порфіру і пурпур і аздобленая золатам і дарагім каме́ньнем ды пэрламі, маючы ў руцэ свае́й чару залатую, поўную агіды й бруду распусты яе́;
 
І жонка была ўбраная ў пархіру а шкарлат, і мела прыборы із золата а дарагога каменьня а пэрлаў, і дзяржала залатую чару ў руццэ сваёй, поўную агіды а нечысьціні бязулства свайго;

і на лобе ў яе напісана слова: та́йна, Вавілён вялікі, маці распусьніц і агіды зямное.
 
І на чале ейным напісана: «Тайна, Бабілён вялікі, маці бязуляў і брыды земнае».

І ўбачыў я, што жанчына ап’янела ад крыві сьвятых і ад крыві сьве́дкаў Ісусавых; і, ба́чучы яе́, дзівіўся я задзіўле́ньнем вялікім.
 
І я бачыў, што жонка ўпіўшыся крывёю сьвятых а крывёю сьветак Ісусавых, і, бачачы яе, дзіваваўся дзівам вялікім.

І сказаў мне́ Ангел: Што́ ты дзівуешся? Я табе́ скажу тайну жанчыны і зьве́ра, што носіць яе́ ды мае се́м галоў і дзе́сяць рагоў.
 
І сказаў імне ангіл: «Чаго ты дзівуешся? я скажу тэ тайну жонкі гэтае і зьвера, што носе яе, у каторага сем галоў і дзесяць рог.

Зьве́р, якога ты бачыў, быў і няма, і выйдзе з бяздоньня і пойдзе на пагібель; і задзíвяцца жы́хары зямлі (імёны якіх не запісаны ў кнігу жыцьця ад пачатку сьве́ту), бачучы зьве́ра, што быў і няма, хаця ёсьць.
 
«Зьвер, каторага ты бачыў, быў, і няма яго, і выйдзе зь бяздоньня, і пойдзе на загубу; і зьдзівуюцца тыя із жывучых на зямлі, каторых імёны ня ўпісаныя ў сувой жыцьця ад закладзінаў сьвету, бачачы, што зьвер быў, няма яго, і зьявіцца.

Тут розум, які ма́е мудрасьць. Се́м галоў ёсьць се́м гор, дзе́ жанчына сядзіць на іх, ды ёсьць се́м цароў:
 
«Тут розум, што мае мудрасьць. Сем галоў — гэта сем гор, на каторых сядзіць жонка,

пяць упалі, і адзін ёсьць, другі яшчэ ня прыйшоў; калі-ж прыйдзе, нядоўга ма́е быць.
 
І сямёх каралёў: пяцёх упала, адзін ё, другі яшчэ ня прышоў, і як прыйдзе, часінку мае трываць.

І зьве́р, які быў і няма, сам ёсьць восмы ды із сямех і на пагібель ідзе́.
 
І зьвер, што быў, і няма, ён восьмы, і як із тых сямёх, і йдзець на загубу.

І дзе́сяць рагоў, што ты бачыў, ёсьць дзе́сяць цароў, якія йшчэ царства не ўзялі, але возьмуць уладу, як цары, на адну гадзіну разам са зьве́рам;
 
«І дзесяць рог, каторыя ты бачыў — гэта дзесяцёх каралёў, што яшчэ не адзяржалі гаспадарства, але адзяржаць уладу ізь зьверам, як каралёве, на адну гадзіну.

яны маюць адну думку і сілу ды ўладу сваю аддадуць зьве́ру.
 
Яны маюць адны думкі і перададуць сілу і ўладу сваю зьверу.

Яны будуць вясьці вайну з Ягнём, і Ягня пераможа іх, бо Яно — Госпад валадароў і Цар цароў, і тыя, што з Ім, — пакліканыя і выбраныя і ве́рныя.
 
Яны будуць ваяваць із Баранчыкам, і Баранчык пераможа іх; бо Ён ё Спадар спадароў і Кароль каралёў; і тыя, што зь Ім, ё пагуканыя а абраныя а верныя».

І кажа мне́: Воды, што ты бачыў, дзе́ сядзіць распусьніца, ёсьць народы й грамады, і плямёны й языкі.
 
І кажа імне: «Воды што ты бачыў, ідзе сядзіць бязуля, гэта люды а груды а народы а мовы.

І дзе́сяць рагоў, што бачыў ты на зьве́ру, тыя зьненавідзяць распусьніцу і спустошаць яе́ ды аголяць, і це́ла яе́ будзе зье́дзена, і спаляць яе́ ў вагнí;
 
І дзесяць рог, каторыя ты бачыў на зьверу, гэтыя зьненавідзяць бязулю, і спустошаць яе, і аголяць, і зьядуць цела ейнае, і спаляць яе агнём;

бо Бог даў у сэрца ім учыніць волю Ягоную ды ўчыніць аднадумна і даць царства іхняе зьве́ру, дакуль ня споўняцца словы Божыя.
 
Бо Бог даў ім у сэрцы чыніць замер Ягоны, і дзеяць із аднэй думкаю, і аддаць гаспадарства свае зьверу, пакуль ня выпаўняцца словы Божыя.

І жанчына, якую ты бачыў, ёсьць ме́ста вялікае, што ма́е царства над царамі зямнымі.
 
Жонка ж, каторую ты бачыў, ё вялікае места, што гаспадарствуе над земнымі каралямі».