Адкрыцьцё 17 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чараў, і загаварыў да мяне, кажучы мне: «Хадзем, я пакажу табе суд над распусьніцай вялікай, якая сядзіць над мноствам водаў,
І прышоў адзін ізь сямёх ангілаў, што мелі сем чараў, і гутарыў з імною, кажучы: «Падыйдзі сюды, я пакажу тэ рассудак над вялікаю бязуляю, што сядзіць на шмат водах.
з якою распусьнічалі валадары зямныя, і віном распусты яе напіваліся жыхары зямлі».
Зь ёю бязулілі каралёве земныя, і віном бязулства ейнага ўпіваліся жыхары зямлі».
І ён павёў мяне ў духу ў пустыню, і ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на зьверы пунсовым, поўным імёнаў блюзьнерскіх, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў.
І павёў мяне ў духу на пустыню; і я бачыў жонку, каторая сядзела на зьверу шкарлатным, поўным імёнаў блявузґальных, ізь сяма галавамі й дзесяцьма рагамі.
І жанчына была апранутая ў пурпур і кармазын, і аздобленая золатам і каштоўным камянём і пэрламі, і мела ў руцэ сваёй келіх залаты, поўны агіды і нячыстасьці распусты яе.
І жонка была ўбраная ў пархіру а шкарлат, і мела прыборы із золата а дарагога каменьня а пэрлаў, і дзяржала залатую чару ў руццэ сваёй, поўную агіды а нечысьціні бязулства свайго;
І на ілбе ў яе напісанае імя: «Тайна, Бабілон вялікі, маці распусьніц і агіды зямлі».
І на чале ейным напісана: «Тайна, Бабілён вялікі, маці бязуляў і брыды земнае».
І ўбачыў я, што жанчына напіваецца крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісуса. І, бачачы яе, я зьдзіўляўся зьдзіўленьнем вялікім.
І я бачыў, што жонка ўпіўшыся крывёю сьвятых а крывёю сьветак Ісусавых, і, бачачы яе, дзіваваўся дзівам вялікім.
І сказаў мне анёл: «Што ты зьдзіўляешся? Я табе скажу таямніцу жанчыны і зьвера, які носіць яе і мае сем галоваў і дзесяць рагоў.
І сказаў імне ангіл: «Чаго ты дзівуешся? я скажу тэ тайну жонкі гэтае і зьвера, што носе яе, у каторага сем галоў і дзесяць рог.
Зьвер, якога ты бачыў, быў і няма яго, і мае выйсьці з бездані і пайсьці на загубу; і зьдзівяцца жыхары зямлі, імёны якіх не запісаныя ў кнігу жыцьця ад заснаваньня сьвету, гледзячы на зьвера, што ён быў і няма яго, хаця ёсьць.
«Зьвер, каторага ты бачыў, быў, і няма яго, і выйдзе зь бяздоньня, і пойдзе на загубу; і зьдзівуюцца тыя із жывучых на зямлі, каторых імёны ня ўпісаныя ў сувой жыцьця ад закладзінаў сьвету, бачачы, што зьвер быў, няма яго, і зьявіцца.
Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоваў ёсьць сем гор, дзе жанчына сядзіць на іх,
«Тут розум, што мае мудрасьць. Сем галоў — гэта сем гор, на каторых сядзіць жонка,
і сем валадароў: пяць упалі, і адзін ёсьць, іншы яшчэ не прыйшоў і, калі прыйдзе, нядоўга мусіць быць.
І сямёх каралёў: пяцёх упала, адзін ё, другі яшчэ ня прышоў, і як прыйдзе, часінку мае трываць.
І зьвер, які быў і няма яго, ён — восьмы, і з сямі ён ёсьць, і на загубу ідзе.
І зьвер, што быў, і няма, ён восьмы, і як із тых сямёх, і йдзець на загубу.
І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, ёсьць дзесяць валадароў, якія яшчэ не атрымалі валадарства, але атрымаюць уладу, як валадары, на адну гадзіну разам са зьверам.
«І дзесяць рог, каторыя ты бачыў — гэта дзесяцёх каралёў, што яшчэ не адзяржалі гаспадарства, але адзяржаць уладу ізь зьверам, як каралёве, на адну гадзіну.
Яны маюць адну думку і моц і аддаюць уладу сваю зьверу.
Яны маюць адны думкі і перададуць сілу і ўладу сваю зьверу.
Яны будуць ваяваць з Ягнём, і Ягня пераможа іх, бо Ён — Пан паноў і Валадар валадароў, а тыя, што з Ім, — пакліканыя, і выбраныя, і верныя».
Яны будуць ваяваць із Баранчыкам, і Баранчык пераможа іх; бо Ён ё Спадар спадароў і Кароль каралёў; і тыя, што зь Ім, ё пагуканыя а абраныя а верныя».
І кажа мне: «Воды, якія ты бачыў, дзе сядзіць распусьніца, — гэта плямёны, і натоўпы, і народы, і мовы.
І кажа імне: «Воды што ты бачыў, ідзе сядзіць бязуля, гэта люды а груды а народы а мовы.
І дзесяць рагоў, якія ты бачыў на зьверы, яны зьненавідзяць распусьніцу, і спустошаць яе, і аголяць, і цела яе зьядуць, і спаляць яе ў агні;
І дзесяць рог, каторыя ты бачыў на зьверу, гэтыя зьненавідзяць бязулю, і спустошаць яе, і аголяць, і зьядуць цела ейнае, і спаляць яе агнём;
бо Бог даў у сэрца іхняе ўчыніць думку Ягоную, і ўчыніць аднадумна, і даць валадарства сваё зьверу, пакуль ня зьдзейсьняцца словы Божыя.
Бо Бог даў ім у сэрцы чыніць замер Ягоны, і дзеяць із аднэй думкаю, і аддаць гаспадарства свае зьверу, пакуль ня выпаўняцца словы Божыя.
І жанчына, якую ты бачыў, — гэта горад вялікі, які мае валадарства над валадарамі зямнымі».
Жонка ж, каторую ты бачыў, ё вялікае места, што гаспадарствуе над земнымі каралямі».