Адкрыцьцё 12 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І знак вялікі зьявіўся ў небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі ў яе, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак.
І вялікі знак быў відаць на небе: жонка, адзеўшыся ў сонца; і пад нагамі ейнымі месяц, і на галаве ў яе карона з двананцацёх гвездаў.
І, маючы ва ўлоньні, яна крычала ад болю і мукаў радзінаў.
І, будучы ўцяжку, яна крычэла ў трудненьню, у болю раджэньня.
І зьявіўся другі знак у небе: і вось, цмок вялікі, чырвоны, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў, і на галовах ягоных — сем дыядэмаў,
І другі знак быў відаць на небе: вось, вялікі чырвоны смок ізь сяма галавамі і дзесяцьма рагамі, і на галавах у яго сем дыядэмаў;
і хвост ягоны сьцягнуў трэцюю частку зорак нябесных і кінуў іх на зямлю. І цмок стаў перад жанчынай, якая мелася нарадзіць, каб, калі народзіць, зжэрці дзіця яе.
І хвост ягоны павалок ізь неба трайціну гвездаў і кінуў іх на зямлю. І смок гэты стаў перад жонкаю, каторая мела радзіць, каб, як яна народзе, зжэрці дзецянё ейнае.
І нарадзіла сына, хлопчыка, які мае пасьвіць усе народы кіем жалезным; і было ўзятае дзіцятка яе да Бога і пасаду Ягонага,
І нарадзіла яна хлопчыка, каторы меў пасьціць усі народы зямлі прутом зялезным, і ўхоплена было дзецянё ейнае да Бога й пасаду Ягонага.
і жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мае месца, падрыхтаванае ад Бога, каб там жывілі яе тысячу дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён.
А жонка ўцякла на пустыню, ідзе Бог прыгатаваў ёй месца, каб яны жывілі яе там тысяча дзьвесьце шасьцьдзясят дзён.
І сталася вайна ў небе: Міхал і анёлы ягоныя ваявалі супраць цмока, і цмок ваяваў, і анёлы ягоныя,
І зьдзеялася на небе вайна: Міхайла а ангілы ягоныя ваявалі із смокам, і смок і ангілы ягоныя ваявалі.
і не адолелі, і не знайшлося ўжо месца для іх у небе.
І ён не перамог, і не знайшлося ўжо месца іхнага на небе.
І быў скінуты цмок вялікі, зьмей старадаўны, называны д’яблам і шатанам, які падманвае ўвесь сусьвет, скінуты на зямлю, і анёлы ягоныя былі скінутыя з ім разам.
І ськінены быў на зямлю вялікі смок, старавечны гад, званы дзявалам а шайтаном, каторы зводзіў увесь сьвет, ськінены на зямлю, і ангілы ягоныя ськінены зь ім.
І пачуў я голас вялікі, які казаў у небе: «Цяпер сталася збаўленьне, і моц, і Валадарства Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінавальнік братоў нашых, які дзень і ноч вінаваціў іх перад Богам нашым.
І чуў я вялікі голас на небе, каторы казаў: «Цяпер настала спасеньне а магутнасьць а гаспадарства Бога нашага а ўлада Хрыста Ягонага, бо ськінены вінаваньнік братоў нашых, каторы вінаваў іх перад Богам нашым дзень і ноч;
І яны перамаглі яго праз кроў Ягняці і праз слова сьведчаньня свайго і не любілі душы сваёй аж да сьмерці.
І яны перамаглі яго крывёю Баранчыкавай і словам сьветчаньня свайго, і ня ўмілавалі жыцьця свайго аж да сьмерці.
Дзеля гэтага весяліцеся, нябёсы і тыя, якія жывуць у іх! Гора жыхарам зямлі і мора, бо зыйшоў да вас д’ябал, маючы ярасьць вялікую, ведаючы, што ня шмат мае часу».
Дык весяліцеся нябёсы і жыхарачыя на іх! Бяда Зямлі й мору, бо дзявал зышоў да вас у вялікай злосьці, ведаючы, што мала ў яго часу!»
І калі ўбачыў цмок, што ён скінуты на зямлю, пачаў ён перасьледаваць жанчыну, якая нарадзіла хлопчыка.
Як смок абачыў, што ськінены на зямлю, пачаў перасьледаваць жонку, каторая нарадзіла мужчыну.
І дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб ляцела ў пустыню на месца сваё ад аблічча зьмея, дзе будуць жывіць яе пару, поры і паўпары.
І даны былі жонцы два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ад віду гадавага на пустыню на свае месца, і йдзе яе жывілі б час а часы а поў часу.
І пусьціў зьмей за жанчынай з пашчы сваёй ваду, як раку, каб рака панесла яе.
І пусьціў гад ізь ляпы свае за жонкаю ваду, як раку, каб захапіць яе ракою.
І дапамагла зямля жанчыне, і расчыніла зямля вусны свае, і праглынула раку, якую пусьціў цмок з пашчы сваёй.
Але зямля памагла жонцы, і рашчыніла зямля вусны свае, праглынула раку, што пусьціў смок ізь ляпы свае.
І разьюшыўся цмок на жанчыну, і пайшоў ваяваць з рэштай насеньня яе, якія захоўваюць прыказаньні Божыя і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста.
І ўзлаваўся смок на жонку, і пайшоў ваяваць із засталымі ад семені ейнага, каторыя заховуюць расказаньні Божыя і маюць сьветчаньне Ісусава.