Адкрыцьцё 12 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І знак вялікі зьявіўся ў небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі ў яе, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак.
І знак вялікі з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе ступнямі, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак,
І, маючы ва ўлоньні, яна крычала ад болю і мукаў радзінаў.
і яна цяжарная, і крычыць ад болю і мук радзільных.
І зьявіўся другі знак у небе: і вось, цмок вялікі, чырвоны, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў, і на галовах ягоных — сем дыядэмаў,
І паказаўся іншы знак на небе: і вось, дракон вялізны, агніста-чырвоны, з сямю галовамі і з дзесяццю рагамі, і на галовах яго сем дыядэм,
і хвост ягоны сьцягнуў трэцюю частку зорак нябесных і кінуў іх на зямлю. І цмок стаў перад жанчынай, якая мелася нарадзіць, каб, калі народзіць, зжэрці дзіця яе.
і хвост яго сцягнуў трэцюю частку зорак з неба і кінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынаю, якая павінна нарадзіць, каб, як яна народзіць, зжэрці яе сына.
І нарадзіла сына, хлопчыка, які мае пасьвіць усе народы кіем жалезным; і было ўзятае дзіцятка яе да Бога і пасаду Ягонага,
І нарадзіла сына, хлопчыка, які будзе валадарыць над усімі народамі жазлом жалезным. І ўзяты быў яе сын да Бога і да Яго пасада.
і жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мае месца, падрыхтаванае ад Бога, каб там жывілі яе тысячу дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён.
І жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мела месца, прыгатаванае Богам, каб кармілі яе там тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён.
І сталася вайна ў небе: Міхал і анёлы ягоныя ваявалі супраць цмока, і цмок ваяваў, і анёлы ягоныя,
І пачалася вялікая вайна на небе; Міхал і анёлы яго змагаліся з драконам, а дракон і яго анёлы ваявалі супраць іх,
і не адолелі, і не знайшлося ўжо месца для іх у небе.
і не асілілі, і не знайшлося ўжо больш месца для іх у небе.
І быў скінуты цмок вялікі, зьмей старадаўны, называны д’яблам і шатанам, які падманвае ўвесь сусьвет, скінуты на зямлю, і анёлы ягоныя былі скінутыя з ім разам.
І скінуты быў дракон той магутны, змей старадаўні, які завецца д’ябал і шатан, які зводзіць цэлы свет, і скінуты быў на зямлю, і анёлы яго былі скінуты разам з ім.
І пачуў я голас вялікі, які казаў у небе: «Цяпер сталася збаўленьне, і моц, і Валадарства Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінавальнік братоў нашых, які дзень і ноч вінаваціў іх перад Богам нашым.
І пачуў я голас магутны на небе, які казаў: «Цяпер настала збаўленне і моц, і Валадарства Бога нашага і ўлада Хрыста Яго, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які абвінавачваў іх перад Богам нашым днём і ўночы.
І яны перамаглі яго праз кроў Ягняці і праз слова сьведчаньня свайго і не любілі душы сваёй аж да сьмерці.
І тыя перамаглі яго дзякуючы Крыві Ягняці і словам свайго сведчання, і не шкадавалі жыцця свайго нават да смерці.
Дзеля гэтага весяліцеся, нябёсы і тыя, якія жывуць у іх! Гора жыхарам зямлі і мора, бо зыйшоў да вас д’ябал, маючы ярасьць вялікую, ведаючы, што ня шмат мае часу».
Дзеля таго цешцеся, нябёсы і жыхары яго. Гора тым, што жывуць на зямлі і ў моры, бо сышоў д’ябал да вас, поўны вялікай лютасці, ведаючы, што мае мала часу!»
І калі ўбачыў цмок, што ён скінуты на зямлю, пачаў ён перасьледаваць жанчыну, якая нарадзіла хлопчыка.
А калі дракон убачыў, што скінуты ён на зямлю, пачаў пераследаваць жанчыну, што нарадзіла сына.
І дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб ляцела ў пустыню на месца сваё ад аблічча зьмея, дзе будуць жывіць яе пару, поры і паўпары.
І былі дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ў пустыню на сваё месца, дзе яна будзе карміцца ўдалечыні ад змея праз пару, і поры, ды паўпары.
І пусьціў зьмей за жанчынай з пашчы сваёй ваду, як раку, каб рака панесла яе.
І пусціў тады змей з пашчы сваёй за жанчынай ваду, як раку, каб яе знесла патокам.
І дапамагла зямля жанчыне, і расчыніла зямля вусны свае, і праглынула раку, якую пусьціў цмок з пашчы сваёй.
І дапамагла жанчыне зямля, бо раскрыла зямля вусны свае і праглынула раку, якую выпусціў дракон са сваёй пашчы.
І разьюшыўся цмок на жанчыну, і пайшоў ваяваць з рэштай насеньня яе, якія захоўваюць прыказаньні Божыя і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста.
І ўзлаваўся дракон на жанчыну, і пайшоў ваяваць з астаткам яе нашчадкаў, якія трымаліся загадаў Божых і мелі сведчанне Ісуса Хрыста.