Адкрыцьцё 18 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І пасьля гэтага ўбачыў я анёла, які зыходзіў з неба, які меў вялікую ўладу; і зямля была асьветленая ад славы ягонае;
Пасля гэтага ўбачыў я іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, і зямля зазіхацела ад славы яго.
І закрычаў ён моцна голасам вялікім, кажучы: «Упаў, упаў Бабілон, вялікая [распусьніца], і стаўся жытлом дэманаў, і прыбежышчам усякага духа нячыстага, і прыбежышчам усякай птушкі нячыстай і брыдкай,
І ўсклікнуў ён магутным голасам: «Паў, паў Бабілон, вялікая распусніца, і стаўся паселішчам дэманаў і турмой усякіх духаў нячыстых, і турмой нячыстай птушкі, і ўсякага нячыстага і ненавіснага звера.
бо віном ярасьці распусты сваёй яна напаіла ўсе народы, і валадары зямныя распусьнічалі з ёю, і купцы зямныя ўзбагаціліся з моцы раскошы яе».
Бо віном шаленства распусты сваёй яна напаіла ўсе народы, і ўсе цары зямлі з ёю чужаложнічалі, і купцы зямлі ўзбагачаліся з яе вялікага багацця».
І пачуў я іншы голас з неба, які казаў: «Выйдзі з яе, народзе Мой, каб ня ўдзельнічаць у грахах ейных і не атрымаць плягаў ейных;
І пачуў я яшчэ іншы голас з неба, які казаў: «Выйдзі з яе, народ Мой, каб не стаўся ты ўдзельнікам яе грахоў і каб не прыняў плягаў яе.
бо дайшлі грахі яе аж да неба, і ўзгадаў Бог пра нягоднасьці ейныя.
Бо падняліся грахі яе аж да неба, і прыпомніў Бог яе нягоднасць.
Аддайце ёй, як і яна аддавала вам, і падвойце ёй удвая паводле справаў яе; у келіх, у які яна налівала, наліце ёй удвая.
Адгадзіце ёй, як і яна вам давала, і падвойце ёй удвая за яе ўчынкі; у чары, у якой яна змешвала напой, змяшайце ёй удвая.
Колькі ўслаўляла яна сябе і раскашавалася, гэтулькі дайце ёй мучэньняў і плачу, бо яна казала ў сэрцы сваім: “Сяджу валадаркаю, і не ўдава я, і плачу ня буду бачыць».
Колькі ўзносілася яна і раскашавала, столькі дайце ёй і мукаў, і гора, бо кажа ў сваім сэрцы: “Сяджу, як царыца, і не ўдава я, і не пабачу гора”.
Дзеля гэтага ў адзін дзень прыйдуць на яе плягі: сьмерць, і плач, і голад; і будзе яна спалена ў агні, бо магутны Госпад Бог, Які судзіць яе.
Дзеля таго зваляцца на яе ў адзін дзень плягі яе, смерць, і гора, і голад, і агнём будзе спалена, бо магутны Госпад Бог, Які асудзіў яе.
І загалосяць, і заплачуць па ёй валадары зямныя, якія распусьнічалі і раскашаваліся з ёю, калі ўбачаць дым ад пажару яе,
І плакаць будуць і галасіць дзеля яе цары зямлі, якія з ёй чужаложнічалі і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым пажару яе,
стаўшы здалёк дзеля страху ад мучэньняў яе і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі Бабілон, горад магутны, бо ў адну гадзіну прыйшоў суд твой!»
і, стоячы здалёк, дзеля страху яе мучэнняў будуць казаць: “Гора, гора, вялікі той горад, Бабілон, магутны той горад, у адну хвіліну прыйшоў суд твой”.
І купцы зямныя галосяць і плачуць па ёй, бо ніхто ўжо не купляе тавару іхняга,
І гандляры зямлі будуць плакаць і лямантаваць дзеля таго, што іх тавараў ніхто ўжо не купіць,
тавару з золата, і срэбра, і каштоўнага камяня, і пэрлаў, і вісону, і пурпуру, і ядвабу, і кармазыну, і ўсякага дрэва пахкага, і ўсякіх вырабаў з косьці слановае, і ўсякіх вырабаў з дрэва каштоўнага, і медзі, і жалеза, і мармуру,
тавараў залатых і срэбраных, і дарагіх каменняў, і перлаў, і вісону, і пурпуру, і шоўку, і парфіры, і рознага пахкага дрэва ды вырабаў са слановай косці, і ўсякіх рэчаў з найдаражэйшага дрэва, і медзі, і жалеза, і мармуру,
і цынамону, і фіміяму, і міра, і ладану, і віна, і алею, і мукі, і пшаніцы, і скаціны, і авечак, і коней, і вазоў, і целаў і душаў чалавечых.
і карыцы, і духмянасцей, і фіміяму, і міра, і ладану, і віна, і алею, і чыстай мукі, і пшаніцы, і жывёлы, і авечак, і коней, і вазоў, і нявольнікаў, і душ людскіх.
«І плады пажаданьня душы тваёй адыйшлі ад цябе; і ўсё тлустае і бліскучае адыйшло ад цябе, і ты ніколі ўжо ня знойдзеш гэтага».
І плады твае, пажаданне душы, прапалі для цябе, і ўсё тлустае і бліскучае знікла перад табою, і больш ужо яго не знайсці.
І гандляры гэтага, якія ўзбагаціліся ад яе, будуць стаяць здалёк дзеля страху ад мучэньняў яе, плачучы і галосячы,
Гандляры гэтага, якія праз яе ўзбагаціліся, будуць стаяць здалёк з-за страху перад яе мукамі, плачучы і лямантуючы,
і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі, апрануты ў вісон, і пурпур, і кармазын, і аздоблены золатам, і каштоўным камянём, і пэрламі,
і кажучы: “Гора, гора табе, вялікі гэты горад, што апрануты ў вісон і пурпур, і парфіру, і багаты золатам, дарагімі камянямі і перламі,
бо ў адну гадзіну спустошана гэткае багацьце!» І ўсе корнікі, і ўсе людзі на караблях, і маракі, і ўсе працаўнікі на моры сталі здалёк
бо ў адну гадзіну пагінулі такія багацці!” І ўсе стырнавыя, і перавозчыкі прыбярэжныя, і маракі разам з тымі, што на моры працавалі, здалёк стаялі,
і, гледзячы на дым ад пажару яго, крычалі, кажучы: «Што падобна да гораду вялікага?»
уздыхалі і лямантавалі, гледзячы на дым пажару і кажучы: “Хто ж падобны да гэтага горада, такога вялікага?”
І сыпалі пыл на галовы свае, і крычалі, плачучы і галосячы, і кажучы: «Гора, гора, горад вялікі, у якім узбагаціліся ад каштоўнасьцяў ягоных усе, хто мае караблі на моры, бо ў адну гадзіну ён спустошаны!
І пасыпалі пылам галовы сабе, і крычалі, плачучы і галосячы, і казалі: “Гора, гора табе, вялікі горад, у якім усе сталіся багатымі, хто меў караблі на моры, са скарбаў яго. У адзін момант ён быў спустошаны!
Весяліся над ім, неба і сьвятыя апосталы і прарокі, бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго».
Цешцеся з гэтага, неба і святыя, і Апосталы, і прарокі, бо прысудзіў Бог прысуд ваш на яго”».
І ўзяў адзін дужы анёл камень вялікі, як млыновы, і кінуў у мора, кажучы: «Гэтак з сілаю кінуты будзе Бабілон, горад вялікі, і ўжо больш ня знойдуць яго.
Тады адзін магутны анёл падняў вялікі, як млынавы, камень і кінуў яго ў мора, кажучы: «З такой сілаю будзе скінуты гэты горад Бабілон, і больш не паўстане.
І ня будзе ўжо чутно ў табе голасу гусьляроў, і музыкаў, і жалейнікаў, і трубачоў, і ня будзе знойдзена ўжо ў табе ніводнага майстра, і ніякага майстэрства, і голас млыновы ня будзе чутны ўжо ў табе,
І голасу гусляроў, і музыкаў, і жалейнікаў, і дудароў, і труб не пачуецца больш у табе; і не знойдзецца больш ніводнага мастака і ніякага мастацтва, і не будзе чутна голасу жорнаў,
і ня зьявіцца ўжо ў табе сьвятло сьвечкі, і голас жаніха і нявесты ня будзе чутны ўжо ў табе, бо купцы твае былі магнатамі зямлі, бо чараваньнямі тваімі падманутыя ўсе народы.
і не зазіхаціць у табе больш святло светача, і галасоў жаніха і нявесты больш у табе не пачуеш, бо купцы твае былі магнатамі зямлі, бо ўсе народы былі падмануты тваімі чарамі,
І знойдзена ў ім кроў прарокаў, і сьвятых, і ўсіх забітых на зямлі».
і знойдзена ў ім кроў прарокаў і святых ды ўсіх тых, што закатаваны былі на зямлі».