Адкрыцьцё 17 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чараў, і загаварыў да мяне, кажучы мне: «Хадзем, я пакажу табе суд над распусьніцай вялікай, якая сядзіць над мноствам водаў,
І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чар, і прамовіў да мяне, кажучы: «Падыдзі, пакажу табе знішчэнне вялікай распусніцы, што сядзіць над водамі многімі,
з якою распусьнічалі валадары зямныя, і віном распусты яе напіваліся жыхары зямлі».
з якой чужаложылі многія цары зямлі, і жыхары зямлі ўпіваліся віном распуснасці яе».
І ён павёў мяне ў духу ў пустыню, і ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на зьверы пунсовым, поўным імёнаў блюзьнерскіх, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў.
І перанёс мяне ў духу ў пустыню. І ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на чырвоным зверы, поўным імён блюзнячых, які меў сем галоў і дзесяць рагоў.
І жанчына была апранутая ў пурпур і кармазын, і аздобленая золатам і каштоўным камянём і пэрламі, і мела ў руцэ сваёй келіх залаты, поўны агіды і нячыстасьці распусты яе.
Жанчына ж была ўбраная ў пурпур і багата ўпрыгожаная золатам, дарагімі камянямі і перламі, і ў руцэ сваёй трымала залатую чару, поўную брыдоты і нечыстотаў сваёй распусты,
І на ілбе ў яе напісанае імя: «Тайна, Бабілон вялікі, маці распусьніц і агіды зямлі».
і на сваім чале мела напісанае імя: «Таямніца: Вялікі Бабілон, маці распусты і агіды зямлі».
І ўбачыў я, што жанчына напіваецца крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісуса. І, бачачы яе, я зьдзіўляўся зьдзіўленьнем вялікім.
І бачыў я гэтую жанчыну п’янаю крывёй святых і крывёй мучанікаў Ісусавых. І здзівіўся, калі ўбачыў яе, вялікім здзіўленнем.
І сказаў мне анёл: «Што ты зьдзіўляешся? Я табе скажу таямніцу жанчыны і зьвера, які носіць яе і мае сем галоваў і дзесяць рагоў.
І анёл сказаў мне: «Чаго дзівішся? Я табе выкажу таямніцу жанчыны і звера, што яе носіць, які мае сем галоў і дзесяць рагоў.
Зьвер, якога ты бачыў, быў і няма яго, і мае выйсьці з бездані і пайсьці на загубу; і зьдзівяцца жыхары зямлі, імёны якіх не запісаныя ў кнігу жыцьця ад заснаваньня сьвету, гледзячы на зьвера, што ён быў і няма яго, хаця ёсьць.
Звер, якога ты бачыў, быў, і няма ўжо яго, і зноў выйдзе з бяздоння і пойдзе на загубу. На від звера, які быў, і якога ўжо няма, і які зноў з’явіцца, задзівяцца ўсе жыхары зямлі, імёны якіх ад заснавання свету не запісаны ў кнізе жыцця.
Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоваў ёсьць сем гор, дзе жанчына сядзіць на іх,
Вось, тут розум, які мае мудрасць. Сем галоў — гэта сем узгоркаў, на якіх сядзіць жанчына, і сем цароў.
і сем валадароў: пяць упалі, і адзін ёсьць, іншы яшчэ не прыйшоў і, калі прыйдзе, нядоўга мусіць быць.
Пяць упала, адзін трывае, а іншы яшчэ не прыйшоў і, калі прыйдзе, належыць яму кароткі час прабыць.
І зьвер, які быў і няма яго, ён — восьмы, і з сямі ён ёсьць, і на загубу ідзе.
І звер, які быў і якога ўжо няма, ёсць восьмы, і з сямі паходзіць, і ідзе на загубу.
І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, ёсьць дзесяць валадароў, якія яшчэ не атрымалі валадарства, але атрымаюць уладу, як валадары, на адну гадзіну разам са зьверам.
І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, гэта дзесяць цароў, якія яшчэ не атрымалі ўлады, але атрымаюць царскую ўладу ў адзін час са зверам.
Яны маюць адну думку і моц і аддаюць уладу сваю зьверу.
У іх адзін намер; і моц і ўладу сваю аддадуць зверу.
Яны будуць ваяваць з Ягнём, і Ягня пераможа іх, бо Ён — Пан паноў і Валадар валадароў, а тыя, што з Ім, — пакліканыя, і выбраныя, і верныя».
Яны будуць ваяваць супраць Ягняці, і Ягня пераможа іх, бо Ён — Госпад пануючых і Валадар валадароў; і разам з Ім пакліканыя, і выбраныя, і верныя».
І кажа мне: «Воды, якія ты бачыў, дзе сядзіць распусьніца, — гэта плямёны, і натоўпы, і народы, і мовы.
І кажа ён мне: «Воды, што ты бачыў, дзе сядзіць распусніца, — гэта народы, і натоўпы, і плямёны, і мовы.
І дзесяць рагоў, якія ты бачыў на зьверы, яны зьненавідзяць распусьніцу, і спустошаць яе, і аголяць, і цела яе зьядуць, і спаляць яе ў агні;
Дзесяць жа рагоў, што ты бачыў у звера, гэта тыя, што будуць мець у нянавісці распусніцу, і знішчаць яе, і аголяць яе, і цела яе з’ядуць, і спаляць яе агнём.
бо Бог даў у сэрца іхняе ўчыніць думку Ягоную, і ўчыніць аднадумна, і даць валадарства сваё зьверу, пакуль ня зьдзейсьняцца словы Божыя.
Бог бо даў ім у сэрцы іх, каб выканалі яны тое, што ім наканавана, і выканалі аднадумна, і аддалі царства сваё зверу, аж пакуль не споўняцца словы Божыя.
І жанчына, якую ты бачыў, — гэта горад вялікі, які мае валадарства над валадарамі зямнымі».
І жанчына, якую ты бачыў, — гэта вялікі горад, які мае панаванне над царамі зямлі».