Адкрыцьцё 9 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
І пяты Ангел затрубіў, і ўгле́дзіў я зорку, якая ўпала з не́ба, і да́дзены быў е́й ключ ад калодзежа бяздоньня;
І пяты ангіл затрубіў, і я абачыў гвязду, палую зь неба на зямлю, і даны быў ёй ключ бяздоньня.
і адамкнула яна калодзеж бяздоньня, і ўзьняўся з калодзежа дым, быццам дым з вялізарнае пе́чы; і зацьмілася сонца й паве́тра ад дыму з калодзежа.
І яна адчыніла яму бяздоньня, і вышаў дым ізь ямы, як дым ізь вялікае печы; і сонца і паветра сьцямнелі ад дыму ямы.
І з дыму выйшла на зямлю саранча́, і дадзена е́й улада, як маюць уладу скарпіоны зямныя;
І з дыму вышла шаранча на зямлю, і дана ёй улада, якую маюць земныя скорпіёны.
і сказана е́й, каб не рабіла шкоды траве́ зямной, ані зе́льлю ніякаму, ані дрэву ніякаму, а толькі адным людзям, якія ня маюць пячаці Божае на лабо́х сваіх;
І сказана было ёй, каб ня шкодзіла земнай траве ані якому зяленіву, ані дзервам, адно людзём, каторыя ня маюць пячаці на чолах сваіх.
і да́дзена е́й, каб іх не забівала на сьме́рць, але каб мучыла пяць ме́сяцаў; і му́ка ад яе́, як му́ка ад скарпіона, калі ўкусе чалаве́ка.
І дана ёй не забіваць іх, адно мучыць пяць месяцаў; і мучэньне ад іх, як мучэньне ад скорпіёна, як укусе людзіну.
і ў гэтыя дні шука́цімуць людзі сьме́рці і ня знойдуць яе́; і жада́цімуць паме́рці, ды сьме́рць будзе ўцякаці ад іх.
І тых дзён людзі будуць шукаць сьмерці, але ніяк ня знойдуць яе; і захочуць памерці, але сьмерць уцячэць ад іх.
І выгляд саранчы́ падобны да кане́й, прыгатаваных да бітвы, і на галовах у яе́ быццам вянкі, падобныя да золата; і твары ў яе́ быццам твары чалаве́чыя.
І выгляд шаранчы, як коні, прыгатаваных на вайну; і на галавах у яе быццам вянкі, падобныя да залатых, віды ж ейныя — як віды людзкія;
І валасы́ ме́ла, як валасы ў жанок; і зубы ў яе́ як у львоў былі.
І валасы ў іх — як валасы ў жанок, а зубы ў іх былі, як у лявоў.
І мела па́нцыры, быццам панцыры зяле́зныя; і гук ад крыльляў яе́ быццам гук ад вазо́ў, калі множства кане́й бягуць на бітву.
На іх былі панцыры, як панцыры зялезныя, а шум ад крыльля іхнага, як грукат ад цялежак, калі шмат коні бяжыць на вайну.
І ма́е хвасты, падобныя да скарпіонавых, і ў хвастох у яе́ джа́ла было; і ўлада яе́ — шкодзіць людзям пяць ме́сяцаў.
І ў іх былі хвасты, як у скорпіёнаў, і жыгалы; улада ж іхная ў хвастох іхных — раніць людзёў пяць месяцаў.
І ма́е над сабою за цара ангела бяздоньня: імя яму́ па-жыдоўску Аваддон, а па-грэцку ма́е імя́ Апольліон.
Каралём над сабою мелі яны ангіла бяздоньня; імя ягонае пагэбрэйску Аваддон, а пагрэцку Аполён.
Адно гора прайшло; вось, ідуць яшчэ два горы за ім.
Першая бяда мінула; вось, ідуць за гэтай яшчэ дзьве бяды.
І шосты Ангел затрубіў, і пачуў я адзін голас із чатырох вуглоў залатога ахвярніку, што перад Богам,
І шосты ангіл затрубіў, і я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога аброчніка, што перад Богам,
які мовіў да шостага Ангела, што ме́ў трубу: Разьвяжы чатырох Ангелаў, што зьвязаны над вялікай ракой Эўфратам.
Каторы казаў шостаму ангілу, што меў трубу: «Вывальні чатырох ангілаў, зьвязаных ля вялікае ракі Еўфрату».
І разьвязаны былі чатыры ангелы, што былі прыгатаваны на гадзіну і дзе́нь, і ме́сяц, і год, каб забіці трацíну людзе́й.
І вывальнены былі чатыры ангілы, прыгатаваныя на гадзіну а дзень а месяц а год, каб забіць трайціну людзёў.
І лічба коннага войска дзьве́ мірыяды мірыяд; і я чуў лічбу іх.
Лік коннага войска быў двойчы дзесяць тысячаў дзесяцёх тысячаў; і я чуў лік яго.
І гэтак бачыў я коні ў прывíдзе і коньнікаў на іх, што ме́лі па́нцыры агністыя і гіяцынтавыя і се́ркавыя; і галовы ў кане́й, як галовы у львоў, і із рато́ў іх выходзе агонь і дым і се́рка;
Гэтак відзеў я ў відзені коні і на іх коньнікаў, што мелі на сабе панцыры агняныя а гіяцынтавыя а серкавыя; галавы ў коні, як у лявоў, і з роту ў іх выходзіў агонь а дым а серка.
трыма́ гэтымі была забіта траціна людзе́й: агнем і дымам і се́ркай, што выходзілі із рато́ў іхніх.
Гэтымі трыма болькамі, агнём а дымам а серкаю, што выходзілі з роту ў іх, была забіта трайціна людзёў;
Бо сіла іхняя у рато́х іх; бо хвасты ў іх падобныя да зьме́яў, маюць галовы ды імі шкодзяць.
Бо сіла коняў у роце ў іх і ў хвастох у іх; а хвасты іхныя падобныя да гадаў, і мелі галавы, і імі яны шкодзілі.
І рэшта людзе́й, што ня былі пазабіваны плягамі гэтымі, не пакаяліся ў дзело́х рук сваіх, каб не пакланя́цца дэманам ды ідалам залатым і сярэбраным, і мядзя́ным, і каме́нным, і драўля́ным, што ані бачыць ня могуць, ані чуць, ані хадзіць;
Засталыя ж людзі, што ня былі забіты гэтымі болькамі, не пакаяліся з учынкаў рук сваіх, каб ня кланяцца нячысьцікам, і залатым, і срэбным, і бранзовым, і каменным, і дзярвяным балваном, каторыя ня могуць бачыць ані чуць, ані хадзіць.
і не пакаяліся ў забойствах сваіх, ані ў чараваньнях сваіх, ані ў распуснасьці сваёй, ані ў крадзежах сваіх.
І не пакаяліся яны з убіўстваў сваіх ані з чараў сваіх, ані зь бязулства свайго, ані із зладзейства свайго.