Адкрыцьцё 9 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
Затрубіў пяты анёл. І я ўбачыў зорку, якая ўпала з неба на зямлю. Быў дазены ёй ключ ад студні бездані.
І пяты ангіл затрубіў, і я абачыў гвязду, палую зь неба на зямлю, і даны быў ёй ключ бяздоньня.
Калі адкрылася студня бездані, падняўся дым са студні, як з вялікай печы. Сонца і паветра зацьміліся ад дыму са студні.
І яна адчыніла яму бяздоньня, і вышаў дым ізь ямы, як дым ізь вялікае печы; і сонца і паветра сьцямнелі ад дыму ямы.
А з дыму выйшла на зямлю саранча. Была дадзена ёй улада на зямлі, якую маюць зямныя скарпіёны.
І з дыму вышла шаранча на зямлю, і дана ёй улада, якую маюць земныя скорпіёны.
Было сказана ёй, каб не рабіла шкоды зямной траве, ніякай зеляніне і ніякаму дрэву, але толькі людзям, якія не маюць на чолах пячаткі Бога.
І сказана было ёй, каб ня шкодзіла земнай траве ані якому зяленіву, ані дзервам, адно людзём, каторыя ня маюць пячаці на чолах сваіх.
Было загадана ёй не забіваць іх, але мучыць пяць месяцаў такімі пакутамі, як пакуты ад скарпіёна, калі ён кусае чалавека.
І дана ёй не забіваць іх, адно мучыць пяць месяцаў; і мучэньне ад іх, як мучэньне ад скорпіёна, як укусе людзіну.
І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе, і будуць жадаць памерці, але смерць уцячэ ад іх.
І тых дзён людзі будуць шукаць сьмерці, але ніяк ня знойдуць яе; і захочуць памерці, але сьмерць уцячэць ад іх.
А выгляд саранчы падобны да коней, падрыхтаваных да бою. На галовах іх як бы вянкі, падобныя да золата, і твары іх — як твары людзей.
І выгляд шаранчы, як коні, прыгатаваных на вайну; і на галавах у яе быццам вянкі, падобныя да залатых, віды ж ейныя — як віды людзкія;
Валасы яе — як валасы жанчын, а зубы іх, быццам у львоў.
І валасы ў іх — як валасы ў жанок, а зубы ў іх былі, як у лявоў.
Яе грудзі нібы жалезныя панцыры, а голас крылаў яе — як гул калясніц шматлікіх коней, якія бягуць на бітву.
На іх былі панцыры, як панцыры зялезныя, а шум ад крыльля іхнага, як грукат ад цялежак, калі шмат коні бяжыць на вайну.
Яе хвасты падобныя да скарпіёнавых, і мае яна джалы, а ў хвасце — моц для прычынення шкоды людзям на працягу пяці месяцаў.
І ў іх былі хвасты, як у скорпіёнаў, і жыгалы; улада ж іхная ў хвастох іхных — раніць людзёў пяць месяцаў.
Яна мае над сабой караля — анёла бездані. Імя яму па-габрэйску Абадон, а па-грэцку — Знішчальнік.
Каралём над сабою мелі яны ангіла бяздоньня; імя ягонае пагэбрэйску Аваддон, а пагрэцку Аполён.
Мінула адна бяда. Вось надыходзяць яшчэ дзве бяды за ёй.
Першая бяда мінула; вось, ідуць за гэтай яшчэ дзьве бяды.
Затрубіў шосты анёл. І я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога алтара перад Богам,
І шосты ангіл затрубіў, і я пачуў адзін голас ад чатырох рагоў залатога аброчніка, што перад Богам,
які казаў шостаму анёлу, што меў трубу: «Вызвалі чатырох анёлаў, звязаных над вялікай ракою Еўфрат».
Каторы казаў шостаму ангілу, што меў трубу: «Вывальні чатырох ангілаў, зьвязаных ля вялікае ракі Еўфрату».
І былі вызваленыя чатыры анёлы, падрыхтаваныя на гэтую гадзіну, дзень і месяц, каб пазабіваць траціну людзей.
І вывальнены былі чатыры ангілы, прыгатаваныя на гадзіну а дзень а месяц а год, каб забіць трайціну людзёў.
Лік войскаў конніцы — дзве мірыяды мірыяд. Я пачуў іх колькасць.
Лік коннага войска быў двойчы дзесяць тысячаў дзесяцёх тысячаў; і я чуў лік яго.
Так я ўбачыў у візіі коней і вершнікаў, якія мелі панцыры колеру агню, гіяцынту і серы. А галовы коней — як галовы львоў, а з пысаў іхніх выходзіць агонь, дым і сера.
Гэтак відзеў я ў відзені коні і на іх коньнікаў, што мелі на сабе панцыры агняныя а гіяцынтавыя а серкавыя; галавы ў коні, як у лявоў, і з роту ў іх выходзіў агонь а дым а серка.
Ад трох гэтых удараў была забіта траціна людзей, ад агню, дыму і серы, што выходзілі з іхніх пысаў.
Гэтымі трыма болькамі, агнём а дымам а серкаю, што выходзілі з роту ў іх, была забіта трайціна людзёў;
Моц коней была ў іх пысах і хвастах, бо хвасты іх былі падобныя да змей і мелі галовы, і прычынялі імі шкоду.
Бо сіла коняў у роце ў іх і ў хвастох у іх; а хвасты іхныя падобныя да гадаў, і мелі галавы, і імі яны шкодзілі.
А рэшта людзей, што не была забіта ад гэтых удараў, не адвярнулася ад спраў сваіх рук, каб не пакланяцца дэманам, залатым, срэбным і бронзавым, а таксама каменным і драўляным ідалам, якія не могуць ні бачыць, ні чуць, ні хадзіць.
Засталыя ж людзі, што ня былі забіты гэтымі болькамі, не пакаяліся з учынкаў рук сваіх, каб ня кланяцца нячысьцікам, і залатым, і срэбным, і бранзовым, і каменным, і дзярвяным балваном, каторыя ня могуць бачыць ані чуць, ані хадзіць.
Яны не адвярнуліся ні ад сваіх забойстваў, ні ад сваіх чараў, ні ад сваёй распусты, ні ад свайго крадзяжу.
І не пакаяліся яны з убіўстваў сваіх ані з чараў сваіх, ані зь бязулства свайго, ані із зладзейства свайго.