Адкрыцьцё 21 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча
Я ўбачыў новае неба і новую зямлю. Бо першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
І абачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
Убачыў я таксама святы горад, новы Ерузалем, які сыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны, быццам нявеста, прыбраная для свайго жаніха.
І я абачыў сьвятое места, Ерузалім новы, што зыходзіў зь нябёс ад Бога, прыгатаваны, як княгіня маладая, прыбраная дзеля мужа свайго.
І пачуў я гучны голас з трона, які казаў: «Вось скінія Бога з людзьмі, які будзе жыць з імі; яны будуць Ягоным народам, а Ён будзе “Богам з імі”.
І пачуў я вялікі голас ізь неба, каторы казаў: «Вось, вітальня Божая зь людзьмі, і Ён будзе жыхарыць ізь імі, і яны будуць людам Ягоным, і Сам Бог будзе зь імі Богам іхным;
І вытра кожную слязу з вачэй іхніх, і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю ўжо не будзе, бо ранейшае мінула».
І Ён абатрэць кажную сьлізу з ачоў іхных, і наперад сьмерці ня будзе ані немарасьці, ані плачу, ані болю; бо першае мінула».
Той, хто сядзеў на троне, сказаў: «Вось чыню ўсё новае». І дадаў: «Напішы, што словы гэтыя верныя і праўдзівыя».
І сказаў Тый, што сядзеў на пасадзе: «Вось, чыню ўсе новае». І кажа: «Напішы, бо словы гэтыя праўдзівыя а верныя».
І сказаў мне: «Сталася! Я — Альфа і Амега, пачатак і канец. Таму, хто прагне, Я дам задарма піць з крыніцы вады жыцця.
І сказаў імне: «Сталася! Я Альфа й Омэґа, пачатак і канец; усьмягламу дам із жарала вады жывое дарма.
Пераможца атрымае ў спадчыну ўсё, і Я буду яму Богам, а ён будзе Мне сынам.
Перамагаючаму спадзець гэта, і Я буду яму Богам, а ён будзе Імне сынам.
А лёс баязліўцаў, няверуючых і тых, хто робіць агіду, забойцаў, распуснікаў, чарадзеяў, ідалапаклоннікаў і ўсіх падманшчыкаў — возера, што палае агнём і серай. Гэта другая смерць».
Баязьлівых жа а няверных а агідных а забіўцаў а бязуляў а чараўнікоў а балвахвалаў а ўсіх манюкаў — доля ў возеру, што гарыць агнём а серкаю; гэта — сьмерць другая».
Прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чашаў, напоўненых сямю апошнімі бедствамі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзі, я пакажу табе абранніцу, жонку Баранка».
І прышоў адзін ізь сямёх ангілаў, што мелі сем чараў, поўных сямёх апошніх болькаў, і мужаваў з імною, кажучы: «Хадзі, я пакажу тэ княгіню маладую, жонку Баранчыкаву».
Анёл узнёс мяне ў духу на вялікую, высокую гару і паказаў мне святы горад Ерузалем, які сыходзіў з неба ад Бога
І ўзьнёс мяне ў духу на вялікую а высокую гару, і паказаў імне сьвятое места Ерузалім, што зыходзіў зь неба ад Бога;
і меў Божую славу. Ззянне ягонае падобнае да каштоўнага, быццам яшма, каменя, чыстага, як крышталь.
Ён мае славу Божую. Зьзяньне ягонае падобнае да найдарожшага каменя, бы да каменя ясьпіса крышталападобнага.
Меў ён мур вялікі і высокі, меў дванаццаць брамаў, а на брамах — дванаццаць анёлаў і напісаныя імёны дванаццаці плямёнаў сыноў Ізраэля.
Ён мае вялікую а высокую сьцяну, мае двананцаць брамаў і на брамах двананцацёх ангілаў і напісаныя ймёны двананцацёх плямёнаў сыноў Ізраелявых:
З усходу тры брамы і з поўначы тры брамы, і з поўдня тры брамы, і з захаду тры брамы.
З усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з паўдня тры брамы, із захаду тры брамы.
Мур горада меў дванаццаць падмуркаў, а на іх — дванаццаць імёнаў дванаццаці Апосталаў Баранка.
І сьцяна месцкая мае двананцаць подаў, і на іх двананцаць імёнаў двананцацёх апосталаў Баранчыкавых.
Той, хто гаварыў са мною, меў залатую мерную трысціну, каб памераць горад, ягоныя брамы і мур.
Тый, што мужаваў з імною, меў залатую трысьціну, мерку, каб памераць места і брамы ягоныя і сьцены ягоныя.
Горад быў чатырохвугольны, а даўжыня ягоная была роўная шырыні. Ён памераў горад трысцінаю. Было дванаццаць тысяч стадыяў. Яго даўжыня, шырыня і вышыня роўныя.
А места чатыракутняе, і ўдаўжкі такое ж, як і ўшыркі. Памераў ён места трысьціною на двананцаць тысячаў гоняў; даўжыня і шырыня і вышыня яго роўныя.
Памераў ягоны мур. Ён быў сто сорак чатыры локці чалавечай меры, якою таксама карыстаўся анёл.
І сьцяну ягоную памераў — сто сорак чатыры локці людзкое меры, каторая ж ангілава.
Мур быў пабудаваны з яшмы, а горад — з чыстага золата, падобнага да чыстага шкла.
Сьцяна ягоная пастаўлена зь ясьпісу, а места — чыстае золата, падобнае да чыстага шкла.
Фундаменты гарадскіх муроў былі аздоблены ўсялякім каштоўным каменем: першы падмурак быў з яшмы, другі — з сапфіру, трэці — з халцэдону, чацвёрты — са смарагду,
Поды сьцяны месцкае прыбраныя ўсялякім дарагім каменьням: под першы — ясьпіс, другі — шапір, трэйці — халцэдон, чацьверты — шмараґд,
пяты — з сарданіксу, шосты — з сердаліку, сёмы — з хрызаліту, восьмы — з бэрылу, дзевяты — з тапазу, дзесяты — з хрызапрасу, адзінаццаты — з гіяцынту, дванаццаты — з аметысту.
Пяты — сардонікс, шосты — крывавец, сёмы — хрызоліт, восьмы — бэрыл, дзявяты — топаз, дзясяты —хрызопрас, адзінанцаты — гіяцынт, двананцаты — амэтысты.
А дванаццаць брамаў былі дванаццаццю пярлінамі, кожная брама была з асобнай пярліны. А плошча горада была з чыстага золата, як празрыстае шкло.
А двананцаць брамаў — двананцаць пэрлаў: кажная брама была з аднае пэрлы. Вуліцы места — чыстае золата, як прасьветнае шкло.
Святыні ў ім я не бачыў, бо святыня ягоная — гэта Пан Бог усемагутны і Баранак.
Дому Божага ж я ня бачыў; бо Спадар Бог Усемагучы — дом яго, і Баранчык.
Гораду не патрэбны ні сонца, ні месяц, каб яму свяцілі, бо слава Божая асвятліла яго, а светач ягоны — Баранак.
І места не патрабуе сонца ані месяца, каб асьвячаць сябе; бо слава Божая асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Баранчык.
У яго святле будуць хадзіць народы, а валадары зямлі прынясуць яму сваю славу.
І народы будуць хадзіць у сьвятліні Ягонай, і каралёве земныя прынясуць славу сваю да Яго.
Брамы ягоныя ніколі не будуць зачыняцца ўдзень, а ночы там не будзе.
І брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.
Яны прынясуць туды славу і пашану народаў.
І прынясуць да яго славу а чзсьць народаў.
Нішто нячыстае і той, хто чыніць агіду ці падман, не ўвойдзе туды, але толькі тыя, хто запісаны ў кнізе жыцця Баранка.
І нічога нячыстага ня ўвыйдзе ў яго ані чынячы брыду а ману, але адно напісаныя ў сувою жыцьця Баранчыкавым.