Адкрыцьцё 21 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча
І я ўбачыў новае неба і новую зямлю, таму што першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
І абачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля мінулі, і мора ўжо няма.
І я, Яан, убачыў сьвятое места, Новы Ярузалім, які сыходзіў ад Бога зь Неба, прыгатаваны як маладая, убраная для мужа свайго.
І я абачыў сьвятое места, Ерузалім новы, што зыходзіў зь нябёс ад Бога, прыгатаваны, як княгіня маладая, прыбраная дзеля мужа свайго.
І я пачуў голас моцны зь Неба, гаворачы: вось, Скінія Бога з чалавекамі, і Ён будзе жыць зь імі, і яны будуць народамі Ягонымі, і Сам Бог будзе зь імі Богам іхным.
І пачуў я вялікі голас ізь неба, каторы казаў: «Вось, вітальня Божая зь людзьмі, і Ён будзе жыхарыць ізь імі, і яны будуць людам Ягоным, і Сам Бог будзе зь імі Богам іхным;
І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхных, і сьмерці больш ня будзе; ані плачу, ані ляманту, ані пакуты больш ня будзе, таму што першыя мінулі.
І Ён абатрэць кажную сьлізу з ачоў іхных, і наперад сьмерці ня будзе ані немарасьці, ані плачу, ані болю; бо першае мінула».
І сказаў Сядзяшчы на Пасадзе: вось раблю ўсё новае. І кажа мне: напішы, таму што словы гэтыя ёсьць праўдзівыя і верныя.
І сказаў Тый, што сядзеў на пасадзе: «Вось, чыню ўсе новае». І кажа: «Напішы, бо словы гэтыя праўдзівыя а верныя».
І Ён сказаў мне: сталася! Я ёсьць Альфа і Омэга, Пачатак і Канец. Прагнучаму Я дам з вытока вады жыцьця да́рма.
І сказаў імне: «Сталася! Я Альфа й Омэґа, пачатак і канец; усьмягламу дам із жарала вады жывое дарма.
Хто пераможа атрымае ў спадчыну ўсё, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам.
Перамагаючаму спадзець гэта, і Я буду яму Богам, а ён будзе Імне сынам.
Баязьлівым жа і няверным, і агідным, і забойцам, і блудадзеям, і чарадзеям, і ідаласлужкам, і ўсім ілгунам: доля іхная ў возеры, якое гарыць агнём і серкай. Гэта ёсьць сьмерць другая.
Баязьлівых жа а няверных а агідных а забіўцаў а бязуляў а чараўнікоў а балвахвалаў а ўсіх манюкаў — доля ў возеру, што гарыць агнём а серкаю; гэта — сьмерць другая».
І прыйшоў да мяне адзін із сямёх Ангелаў, якія мелі сем чараў, напоўненых сямёма плягамі апошнімі, і загаварыў са мною, кажучы: хадзі, я пакажу табе маладую Ягняка, жонку.
І прышоў адзін ізь сямёх ангілаў, што мелі сем чараў, поўных сямёх апошніх болькаў, і мужаваў з імною, кажучы: «Хадзі, я пакажу тэ княгіню маладую, жонку Баранчыкаву».
І ён узьнёс мяне ў духу на гару вялікую і высокую, і паказаў мне места вялікае, сьвяты Ярузалім, які спускаецца зь Неба ад Бога,
І ўзьнёс мяне ў духу на вялікую а высокую гару, і паказаў імне сьвятое места Ерузалім, што зыходзіў зь неба ад Бога;
якое мае славу Бога, і сьветач ягоны падобны да камня найкаштоўнейшага, быццам да камня ясьпісу, які зьзяе, як крышталь.
Ён мае славу Божую. Зьзяньне ягонае падобнае да найдарожшага каменя, бы да каменя ясьпіса крышталападобнага.
І (места) мае сьцяну вялікую і высокую; мае дванаццаць брамаў, і на гэтых брамах дванаццаць Ангелаў, і напісаныя імёны, якія ёсьць дванаццаць родаў сыноў Ізраэля;
Ён мае вялікую а высокую сьцяну, мае двананцаць брамаў і на брамах двананцацёх ангілаў і напісаныя ймёны двананцацёх плямёнаў сыноў Ізраелявых:
з усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з поўдня тры брамы, з захаду тры брамы.
З усходу тры брамы, з поўначы тры брамы, з паўдня тры брамы, із захаду тры брамы.
І сьцяна места мае дванаццаць падмуркаў, і на іх імёны дванаццацёх Апосталаў Ягняка́.
І сьцяна месцкая мае двананцаць подаў, і на іх двананцаць імёнаў двананцацёх апосталаў Баранчыкавых.
І той, што гаварыў са мною, меў залатую трысьціну, каб абмераць (яму) места і брамы ягоныя, і сьцяну ягоную;
Тый, што мужаваў з імною, меў залатую трысьціну, мерку, каб памераць места і брамы ягоныя і сьцены ягоныя.
і места ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня яго такая ж, як і шырыня. І ён абмерыў места трысьцінай на дванаццаць тысячаў стадыяў; даўжыня і шырыня і вышыня ягоныя аднолькавыя.
А места чатыракутняе, і ўдаўжкі такое ж, як і ўшыркі. Памераў ён места трысьціною на двананцаць тысячаў гоняў; даўжыня і шырыня і вышыня яго роўныя.
І ён абмерыў сьцяну ягоную ў сто сорак чатыры локці мераю чалавечаю, якая ёсьць (і) Ангела.
І сьцяну ягоную памераў — сто сорак чатыры локці людзкое меры, каторая ж ангілава.
Сьцяна ягоная пабудаваная зь ясьпісу, а места — чыстае золата, падобнае да шкла чыстага.
Сьцяна ягоная пастаўлена зь ясьпісу, а места — чыстае золата, падобнае да чыстага шкла.
А падмуркі сьцяны места ўпрыгожаны ўсякім камнем каштоўным: падмурак першы — ясьпіс, другі — шапір, трэйці — халцэдон, чацьверты — шмарагд,
Поды сьцяны месцкае прыбраныя ўсялякім дарагім каменьням: под першы — ясьпіс, другі — шапір, трэйці — халцэдон, чацьверты — шмараґд,
пяты — сардонікс, шосты — крывавец, сёмы — хрызоліт, восьмы — бэрыл, дзявяты — топаз, дзясяты — хрызопрас, адзінаццаты — гіяцынт, дванаццаты — амэтысты.
Пяты — сардонікс, шосты — крывавец, сёмы — хрызоліт, восьмы — бэрыл, дзявяты — топаз, дзясяты —хрызопрас, адзінанцаты — гіяцынт, двананцаты — амэтысты.
А дванаццаць брамаў — дванаццаць пэрлаў; кожная брама была із адной пэрліны, і вуліца места — чыстае золата, празрыстае як шкло.
А двананцаць брамаў — двананцаць пэрлаў: кажная брама была з аднае пэрлы. Вуліцы места — чыстае золата, як прасьветнае шкло.
І Сьвятыні ў ім я ня ўба́чыў, таму што Госпад, Бог Уседзяржыцель ёсьць Сьвятыня Ягоная і Ягняк.
Дому Божага ж я ня бачыў; бо Спадар Бог Усемагучы — дом яго, і Баранчык.
І места ня мае патрэбы ў сонцу, ані ў месяцу, каб сьвяціць у ім, таму што слава Бога асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Ягняк.
І места не патрабуе сонца ані месяца, каб асьвячаць сябе; бо слава Божая асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Баранчык.
І народы зба́ўленых будуць хадзіць у сьвятле ягоным, і каралі зямлі прынясуць славу і чэсьць сваю ў яго.
І народы будуць хадзіць у сьвятліні Ягонай, і каралёве земныя прынясуць славу сваю да Яго.
І брамы ягоныя ня будуць запірацца ўдзень, таму што ночы там ня будзе.
І брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе.
І прынясуць славу і чэсьць народаў у яго.
І прынясуць да яго славу а чзсьць народаў.
І ня ўвойдзе ў яго нішто нячыстае, і той хто чыніць агіду і ілжу, але толькі запíсаныя ў скрутку жыцьця Ягняка.
І нічога нячыстага ня ўвыйдзе ў яго ані чынячы брыду а ману, але адно напісаныя ў сувою жыцьця Баранчыкавым.