Адкрыцьцё 2 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Анёлу Касцёла ў Эфесе напішы: Так кажа той, хто трымае сем зорак у сваёй правіцы, хто ходзіць сярод сямі залатых свечнікаў.
 
Ангілу царквы Ефэскае напішы: "Гэта кажа Тый, што дзяржыць сем зораў у правіцы Сваёй, Каторы ходзе сярод сямёх залатых сьветачаў:

Ведаю твае справы, тваю працу, тваю цярплівасць і тое, што ты не можаш зносіць злых, і выпрабаваў тых, хто называе сябе апосталамі, але імі не з’яўляюцца, і выкрыў, што яны ашуканцы.
 
Знаю ўчынкі твае, і працу тваю, і трывалкосьць тваю, і тое, што ты ня можаш цярпець благіх, і ты спрабаваў тых, што завуць сябе апосталамі, але ня ё, і знайшоў, што яны манюкі,

Ты маеш цярплівасць і пакутаваў дзеля імя Майго, і не знямогся.
 
І маеш трывалкосьць, і церпіш дзеля імені Майго, і не стамаваўся.

Але маю супраць цябе тое, што ты пакінуў першую любоў.
 
Але маю супроці цябе тое, што ты пакінуў першую міласьць сваю.

Таму згадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся. Рабі так, як ты рабіў спачатку. Калі не, то Я прыйду да цябе і зрушу твой свечнік з яго месца, калі ты не пакаешся.
 
Дык успомні, скуль ты спаў, і пакайся, і чыні першыя ўчынкі; а калі не, уборзьдзе прыйду да цябе і скрану сьветач ізь месца яго, хіба пакаешся.

Але добра тое, што ты ненавідзіш учынкі нікалаітаў, якія і Я ненавіджу.
 
Тое, адылі, ты маеш, што ненавідзіш учынкі Міколцаў, каторых і Я ненавіджу.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможцу дам есці з дрэва жыцця, што ў раі Бога.
 
Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: перамагаючаму дам есьці зь дзерва жыцьця, каторае ў раю Божым".

Анёлу Касцёла ў Смірне напішы: Так кажа Першы і Апошні, які быў мёртвы, але ажыў:
 
І ангілу царквы Сьмірнскае напішы: "Гэта кажа Першы й Апошні, Каторы быў мертвы і ажыў:

Я ведаю пра твой уціск і ўбоства, але ты багаты; ведаю пра блюзнерствы тых, хто называе сябе юдэямі, аднак не з’яўляюцца імі, але сінагогаю сатаны.
 
Знаю атугу тваю а галіту (але ты багаты) а лаянку тых, каторыя кажуць празь сябе, што яны Жыды, а ня ё, але бажніца шайтанская.

Не бойся таго, што павінен выцерпець. Вось д’ябал збіраецца кінуць некаторых з вас у вязніцу, каб вы зведалі выпрабаванне. І будзеце зносіць уціск дзесяць дзён. Будзь верны аж да смерці, і Я дам табе вянок жыцця.
 
Не лякайся нічога з тога, што маеш цярпець. Вось, дзявал укіне з вас у вязьніцу, каб выпрабаваць вас, і будзеце мець атугу дзён дзесяць. Будзь верны аж да сьмерці, і дам табе карону жыцьця.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможца напэўна не зазнае шкоды ад другой смерці.
 
Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: хто перамагае, ніякім парадкам ня будзе пашкоджаны другой сьмерцяй".

Анёлу Касцёла ў Пергаме напішы: Так кажа той, хто мае востры двухбаковы меч.
 
І ангілу царквы Перґамскае напішы: "Гэта кажа Тый, што мае абаротны войстры меч:

Я ведаю, дзе ты жывеш: там, дзе трон сатаны, хоць трымаешся імені Майго і не адмовіўся ад веры ў Мяне, нават у дні, калі Мой верны сведка Антыпа быў забіты ў вас, дзе жыве сатана.
 
Ведаю, ідзе ты жывеш, ідзе пасад шайтана, і дзяржыш імя Мае, і ня выракся веры Мае нават у дні Анціпавы, вернага сьветкі Майго, каторы быў забіты ў вас, ідзе шайтан жыхара.

Але Я маю крыху супраць цябе, бо там ёсць тыя, хто трымаецца вучэння Балаама, які навучыў Балаака стварыць спакусу для сыноў Ізраэля, каб яны спажывалі ахвярапрынашэнні ідалам і распуснічалі.
 
Але маю крыху супроці цябе, што ты маеш тых, што дзяржацца навукі Валаамовае, каторы вучыў Валака пастанавіць пасадку перад сынамі Ізраелявымі — есьці абраканае балваном і бязуліць.

Таксама ў цябе ёсць тыя, хто падобна трымаецца вучэння нікалаітаў.
 
Дык маеш і ты тых, што дзяржацца таксама навукі Міколцаў, што Я ненавіджу.

Таму апамятайся. У адваротным выпадку Я хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом Маіх вуснаў.
 
Дык пакайся, а калі не, уборзьдзе прыйду да цябе і буду ходацца зь імі мячом вуснаў Сваіх.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможцу дам укрытую манну і белы каменьчык, а на каменьчыку будзе напісана новае імя, якога не ведае ніхто, акрамя таго, хто яго атрымлівае.
 
Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам: перамагаючаму дам схаваную манну, і дам яму белы камень, а на каменю напісанае новае імя, каторага ніхто ня ведае, адно тый, што адзержуе".

Анёлу Касцёла ў Тыятыры напішы: Так кажа Сын Божы, які мае вочы, быццам полымя агню, а ногі Яго падобны да бліскучай бронзы.
 
І ангілу царквы Тыятырскае напішы: "Гэта кажа Сын Божы, у Каторага вочы, як поламя агняное, а ногі падобныя да пазорыстае медзі:

Я ведаю твае справы, любоў, веру, служэнне і тваю цярплівасць, і апошнія ўчынкі твае большыя за першыя.
 
Знаю ўчынкі твае а міласьць а веру а службу а вытрываласьць тваю, і апошнія ўчынкі твае большыя за першыя.

Але Я маю супраць цябе тое, што ты дапускаеш жанчыну Ізабэль, якая называе сябе прарочыцай, навучае і зводзіць Маіх слугаў, каб чыніць распусту і спажываць ахвярапрынашэнні ідалам.
 
Але маю супроці цябе, што ты дазваляеш жонцы Забэлі, каторая завець сябе прарокаю, вуча й зводзе слугаў Маіх да бязулства й яды абраканага балваном.

Я даў ёй час апамятацца, але яна не хоча адвярнуцца ад сваёй распусты.
 
І Я даў ёй час, каб яна пакаялася зь бязулства свайго, а яна не пакаялася.

Вось кіну яе на ложа, а тых, хто распуснічае з ёю, аддам пад вялікі ўціск, калі не адвернуцца ад сваіх справаў.
 
Вось, Я кіну яе на пасьцелю, а тых, што чужаложаць ізь ёю, у вялікую атугу, хіба што пакаяцца з учынкаў сваіх.

Дзяцей яе знішчу смерцю. І пазнаюць усе Касцёлы, што Я той, хто даследуе нутро і сэрцы. Я адплачу кожнаму з вас паводле ягоных учынкаў.
 
І дзеці ейныя заб’ю сьмерцяй, і даведаюцца ўсі цэрквы, што Я дасьлядую ныркі й сэрцы; і дам вам кажнаму подле ўчынкаў вашых.

Кажу ўсім вам, астатнім у Тыятыры, хто не мае гэтага вучэння і хто не пазнаў, як кажуць, глыбіняў сатаны, што Я не ўскладу на вас іншага цяжару.
 
Але вам, засталым у Тыятыры, каторыя ня маюць гзтае навукі, каторыя не пазналі глыбіняў шайтанскіх, як кажуць, кажу, што не накіну на вас якога-колечы іншага цяжару;

Але тое, што маеце, захоўвайце, пакуль не прыйду.
 
Што, адылі маеце, дзяржыце, пакуль прыйду.

Хто пераможа і захавае да канца ўчынкі Мае, таму дам уладу над народамі,
 
А хто перамагае й дзяржыць учынкі Мае аж да канца, таму дам уладу над народамі,

і ён будзе пасвіць іх жалезным кіем;як гліняны посуд яны будуць разбітыя.
 
І ён будзе пасьціць іх прутом зялезным, як і Я адзяржаў ад Айца Свайго: як судзьдзе ганчарскае яны паб’юцца.

І як узяў Я ад Айца Майго, так і яму дам ранішнюю зорку.
 
І дам яму зорку ранічную.

Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.
 
Хто мае вуха, няхай чуе, што Дух кажа цэрквам".